Гаспадаркі асабістыя – карысць агульная

Местная власть

11 верасня пад старшынствам старшыні раённага Савета дэпутатаў Пятра Курто на базе Навасёлкаўскага сельскага Савета адбылося выязное пасяджэнне раённага Савета дэпутатаў. У яго рабоце прыняла ўдзел галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Віцебскага аблвыканкама Анжаліка Галанава.

На пасяджэнні абмеркавана пытанне «Аб сумеснай рабоце органаў дзяржаўнай улады, суб’ектаў гаспадарання, спажыўкааперацыі па развіцці і падтрымцы асабістых падсобных гаспадарак грамадзян на тэрыторыі раёна». З дакладам па ім выступіла начальнік ад­дзела эканамічнага развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Лілія Герасіменка.

Асабістыя падсобныя гаспадаркі (далей — АПГ) з’яўляюцца адным з сектараў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Аднак змяншэнне колькасці сельскага насельніцтва і яго старэнне, а таксама нежаданне маладых абзаводзіцца гаспадаркай не дазваляюць нарошчваць яе аб’ёмы. Тым не менш органамі ўлады вядзецца мэтанакіраваная работа па падтрымцы АПГ. Напрыклад, за мінулы год у раёне выплачана насельніцтву больш за 132 тысячы рублёў надбавак да закупачных цэн на малако, бульбу і маладняк буйной рагатай жывёлы. У ААТ «Навасёлкі-Лучай», «Янавіца-агра», «Кураполле-агра», «Камайскі-агра», «Сцяг Перамогі-агра» і іншых усё шырэй практыкуецца апрацоўка прысядзібных участкаў у палях севазвароту гаспадарак. Сёлета яны займалі 206,2 гектара, у тым ліку 142,6 — пад зерневымі і 63,6 — пад бульбай. Насельніцтву прададзена 9 кароў, 78 тон насення зерневых, 129 тон арганічных угнаенняў, выдзелена 1100 тон сена, аказваліся паслугі па асемяненні жывёлы, размоле зерня, дастаўцы дроў і рамонце жылля. У кожным сельскім Савеце распрацаваны ўмовы спаборніцтва на лепшае падвор’е. Па выніках года пераможцаў запрашаюць на раённае свята і ўзнагароджваюць каштоўнымі падарункамі.

Ідзе насустрач сельскаму насельніцтву і раённае спажывецкае таварыства. Пра гэта гаварыў дырэктар філіяла «Каапнарыхтпрамгандаль» Аляксандр Жук. Падзяліліся сваім бачаннем далейшага развіцця АПГ член прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, дырэктар ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрый Шымчык, старшыні Навасёлкаўскага сельскага Савета Канстанцін Мядзведзеў і Камайскага — Часлаў Урбанайць.

У пастанове, прынятай на пасяджэнні прэзідыума, абазначана праграма далейшых сумесных дзеянняў па падтрымцы АПГ. У прыватнасці, старшыні  сельскіх Саветаў сумесна з кіраўнікамі сельгасарга­нізацый абавязаны забяспечыць каардынацыю работы па кантрактацыі маладняку буйной рагатай жывёлы ад заключэння дагавораў да разлікаў за здадзеную прадукцыю; уключыць у палі севазвароту максімальную колькасць зямельных участкаў грамадзян; актывізаваць работу па падкормцы, залужэнні і перазалужэнні  пашы для жывёлы, а пры неабходнасці замяніць яе; унесці ў калектыўныя дагаворы пункт аб аказанні дапамогі ў прадастаўленні насельніцтву тэхнікі для правядзення сяўбы і  ўборкі ўраджаю. Прапісаны  да выканання канкрэтныя пункты і ўпраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання, райспажыўтаварыству, малочнаму заводу.

Фаіна Касаткіна



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.