Гісторыя ў руках маладых

Общество

Валянціна Друсь і Кацярына Куракова прымаюць у фонд будучы музейны экспанат

Калектыў раённага краязнаўчага музея папоўнілі двое маладых спецыялістаў — выпускніцы гістарычнага факультэта Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П. Машэрава Валянціна Друсь і Кацярына Куракова.

Першай, у верасні 2017-га, на работу ў музей прыйшла Валя. А праз паўгода, калі з’явілася яшчэ адна вакансія, — Каця, якая на той момант вучылася ў магістратуры. Цікава, што дзяўчаты былі аднагрупніцамі ва ўніверсітэце, і абедзве не мясцовыя. Валя родам з Браслава, на Пастаўшчыну яе прывяло замуства. Падобная сітуацыя і ў віцяблянкі Каці. Закахалася ў ваеннага, які служыць у Паставах. І маючы намер у хуткім часе ажаніцца, маладая пара вырашыла: Кацярына пераедзе з абласнога цэнтра ў раённы. Нягледзячы на тое, што тэрмін абавязковай адпрацоўкі па размеркаванні хутка закончыцца, пакідаць наш горад дзяўчаты не збіраюцца, кажуць, тут ім вельмі падабаецца.

— Я 22 гады пражыла ў Віцебску і абсалютна не сумую па ім, — прызналася Каця. — Паставы — утульны і камфортны асабіста для мяне гарадок, у ім больш простыя, адкрытыя і спагадныя людзі.

Такой жа думкі прытрымліваецца і Валя, якая жыве з мужам у Цешалаве. І тое, што кожны дзень даводзіцца дабірацца на работу з вёскі, для яе не праблема. Галоўнае — у музеі добры калектыў і цікава працаваць. Валянціна — старшы навуковы супрацоўнік. Яе непасрэдным абавязкам з’яўляецца планаванне навуковай дзейнасці ва ўстанове, абнаўленне музейных экспазіцый, таксама выконвае функцыі сакратара навукова-метадычнага савета. Кацярына — сакратар фондава-закупачнай камісіі, як навуковы супрацоўнік не толькі абнаўляе экспазіцыі, але і праводзіць зверку музейных калекцый. І гэта далёка не ўсё, чым займаюцца дзяўчаты.

— Работы ў музеі вельмі шмат. І чалавеку без вопыту няпроста адразу ўсё ахапіць: прымаць прадметы ў фонд, паралельна праводзіць экскурсіі, ствараць канцэпцыі выстаў, планаваць далейшую дзейнасць. Але дзяўчаты хутка гэта асвоілі і ўзялі на сябе вялізную частку працы. Іх нават падстрахоўваць не трэба, — хваліла сваіх падапечных дырэктар Таццяна Гарошка, пацвердзіўшы сказанае лічбамі.

Так, з пачатку года маладыя спецыялісты прынялі ў асноўны і дапаможны фонды 300 прадметаў, кожны з якіх трэба было падрабязна апісаць, самастойна падрыхтавалі некалькі выстаў, правялі больш за 100 экскурсій і розных мерапрыемстваў. Ініцыятыўныя, падказваюць новыя ідэі. Таму Таццяна Гвідонаўна прадоўжыла з абедз­вюма кантракт на 5 гадоў.

Пра сваю работу дзяўчаты расказвалі з захапленнем. Гаварылі, што гэта не проста фонды і паперкі, а пастаяннае сама­ўдасканаленне і развіццё, пазнанне новага, паколькі края­знаўчы музей ахоплівае амаль ўсе сферы жыццядзейнасці. Да таго ж падабаецца мець зносіны з самымі рознымі людзьмі, ад якіх можна даведацца шмат цікавага пра наш раён і яго жыхароў.

Алена ШАПАВАЛАВА
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.