Хроніка здарэнняў

Важное Правовое поле

У адказ на заўвагу

16 жніўня ў райаддзел міліцыі звярнуўся жыхар вуліцы Дубоўкі ў Паставах. Ён расказаў, што напярэдадні вечарам, пад’язджаючы на машыне дадому, убачыў, як двое невядомых хлопцаў спраўлялі патрэбу на яго агароджу. Мужчына зрабіў ім заўвагу і пайшоў дамоў. А калі неўзабаве выйшаў у двор, убачыў, што ў аўтамабілі пашкоджана лабавое шкло і два вонкавыя люстэркі задняга віду. Як устанавілі міліцыянеры, злачынства здзейснілі 17- і 18-гадовыя пастаўчане, якія пражываюць у мікрараёнах вуліцы Юбілейнай і 5 гарадка. У адносінах да іх узбу­джана крымінальная справа па факце хуліганства.

Азвярэлі

22 жніўня ўчастковым інспектарам міліцыі па месцы свайго жыхарства ў вёсцы Казнадзеюшкі была выяўлена 93-гадовая пен­сіянерка з цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі. Устаноўлена, што бабулю збіў нагамі родны сын, які пражывае з ёй разам і ў той дзень знаходзіўся ў нецвярозым стане.

26 жніўня брыгада хуткай медыцынскай дапамогі даставіла ў цэнтральную раённую бальніцу 42-гадовага жыхара Варапаева з пранікальным раненнем грудной клеткі. Яго падчас сваркі ўдарыў нажом нецвярозы бацька.

Па абодвух фактах уз­бу­джаны крымінальныя спра­вы, вядзецца следства.

Усё што «дрэнна ляжала»

28 жніўня з дома па вуліцы Асяненкі ў райцэнтры, дзе ішоў рамонт, прапала алюмініевая лесвіца коштам 100 рублёў. Украў яе праз незачыненае акно 27-гадовы пастаўчанін, які нідзе не працуе і быў асуджаны. Раней з двара дома па вуліцы Кастрычніцкай яшчэ адзін непрацуючы грамадзянін з судзімасцю сцягнуў тры батарэі паравога ацяплення, а жыхар Лынтупаў, які лавіў рыбу на возеры Балдук, прыбраў да рук пакінутае на некаторы час без нагляду іншым рыбаком фідзернае вудзільна.

Па зводках РАУС падрыхтавала Алена ШАПАВАЛАВА