Хроніка здарэнняў

Важное Правовое поле

І вартаўнік – неперашкода

У канцы жніўня з тэрыторыі фермы ААТ “Сцяг Перамогі-агра”, размешчанай у аграгарадку Юнькі, прапалі 100 чыгунных рашотак на суму больш за 1200 рублёў. Пры гэтым ферма ахоўваецца вартаўніком, а яе тэрыторыя асвятляецца. Устаноўлена, што крадзеж здзейснілі двое пастаўчан: адзін, 1973 года нараджэння, працуе жывёлаводам у названай гаспадарцы, другі, 1986 года нараджэння, не мае пастаяннага месца работы. У адносінах да зла­дзеяў узбуджана крымінальная справа, украдзенае канфіскавана.

Наехаў на павозку

14 верасня ў цэнтральную раённую бальніцу з цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі брыгада хуткай медыцынскай дапамогі даставіла 39-гадовага жыхара вёскі Янковічы. Мужчына ехаў на гужавой павозцы па аўтадарозе Камаі—Крукі, калі недалёка ад Муляраў ззаду на яго наляцеў аўтамабіль “ВАЗ-2103”, за рулём якога знаходзіўся 52-гадовы жыхар гэтай вёскі. Пасля сутыкнення з павозкай — а яно адбылося па прычыне таго, што аўтааматар не справіўся з кіраваннем транспартнага сродку — аўто перавярнулася. У выніку ДТЗ пацярпелі абодва яго ўдзельнікі, але найбольш — кіроўца павозкі. Ён атрымаў адкрыты пералом нагі, удар грудной клеткі і закрытую чэрапна-мазгавую траўму. У адносінах да вадзіцеля аўтамабіля ўзбуджана крымінальная справа.

 Спадабаліся бензапілы

14 верасня ў дом да жыхара вуліцы Школьнай у Дварчанах забраўся злодзей, прычым не ноччу, а сярод белага дня, разбіўшы акно. Гэта зрабіў
30-гадовы жыхар вёскі Шкірэлі, які нідзе не працуе і неаднаразова быў асуджаны за розныя злачынствы. Няпрошаны госць украў не толькі бензапілу STIHL, замарожаныя прадукты харчавання, дарожную сумку і тры курткі гаспадара, але і не пагрэбаваў дзвюма кашулямі, майкай і парай красовак.

Аналагічная бензапіла спадабалася і 43-гадовай жыхарцы вёскі Багдзюны, якая ў ліпені зазірнула да сваёй суседкі-пенсіянеркі. І хоць прапажу пацярпелая выявіла нядаўна, зладзейку ўсё роўна змаглі ўстанавіць. Як і папярэдняга “госця”, яе чакае лава падсудных.

З арбалетам на паляванне?

“Незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў” — па такім артыкуле давядзецца адказаць перад судом 63-гадоваму грамадзяніну Расійскай Федэрацыі, які арганізаваў у сваім доме ў вёсцы Янчукі сапраўдны міні-арсенал. Супрацоўнікі міліцыі знайшлі і канфіскавалі ў расіяніна арбалет вінтовачнага тыпу і 38 стрэл да яго, 37 патронаў рознага калібра, а таксама 5 бляшанак з порахам, агульная вага якога — амаль кілаграм. Застаецца здагадвацца, што ўсё гэта спатрэбілася грамадзяніну для палявання.

 Злоўжываючы даверам

Раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле “Махлярства” ў адносінах да пенсіянеркі з вуліцы Юбілейнай. Злоўжываючы даверам сваіх знаёмых, яна завалодвала іх грашовымі сродкамі. Ужо ўстаноўлены чатыры такія факты, якія мелі месца ў 2015 і 2016 гадах. Сярод пацярпелых пастаўчане і жыхары раёна, якія пазычылі махлярцы буйныя сумы ў беларускіх рублях і доларах ЗША. Усяго такім чынам прадпрымальная пенсіянерка атрымала 13 мільёнаў недэнамінаваных беларускіх рублёў і 7400 долараў. За гэта ёй пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 2 да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.

 Бойся, жонка, мужа!

У апошні час у міліцэйскіх зводках усё часцей фігурыруюць факты пагрозы забойствам або прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў мужчынамі сваім жонкам ці сужыцелькам. Вось і ў верасні ўзбуджаны чатыры такія справы. У двух выпадках нецвярозыя атэла спрабавалі душыць “каханых”. Адзін “пад градусам” сярод ночы дэманстраваў былой жонцы нож і пагражаў зарэзаць. А жыхар вуліцы Пушкіна ў Паставах у якасці сродку запалохвання выбраў пнеўматычны пісталет, які спачатку накіраваў у бок жончынай галавы, а потым выстраліў ёй пад ногі.

Па зводках РАУС падрыхтавала Алена ШАПАВАЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.