І вырошчваюць, і перапрацоўваюць

Общество

Фото из открытых источников

Прафесійнае свята работнікаў лесу стала нагодай для размовы з дырэктарам Пастаўскага лясгаса Уладзімірам МІСАЧЭНКАМ.

— Уладзімір Уладзіміравіч, што ўяўляе сабой лясгас?

— Агульная плошча нашай гаспадаркі — 90797 гектараў, у тым ліку пакрытая лясамі — 76709. Працягласць з поўначы на поўдзень — 60 кіламетраў, з усходу на захад — 110. Лясы, якія даглядаем, захо­дзяць нават на тэрыторыю Шаркаўшчынскага і Глыбоцкага раёнаў. У складзе лясгаса 9 лясніцтваў, 30 майстарскіх участкаў, 126 абходаў. Некалькі гадоў таму створана новае структурнае падраздзяленне — лесапункт. У штаце каля 350 чалавек. Яны займаюцца лесаразвядзеннем, лесааднаўленнем, аховай лесу, а таксама перапрацоўкай драўніны. На базе лесапункта «Прыазёрны» мадэрнізаваны цэх па вырабе піламатэрыялаў. Ён самы прадукцыйны ў вобласці — выпускае ў месяц да 2 тысяч метраў кубічных прадукцыі. Яна ідзе ў асноўным на экспарт. Працуе цэх без выхадных у тры змены, плануем увесці чацвёртую. Прыбытак ад збыту нядрэнны.  

 — Нярэдка даводзіцца чуць: так шмат высякаецца лесу, што пакінем нашчадкам?

— Ні адна дзялянка, на якой высякаем лес, не застаецца не засаджанай новымі дрэўцамі. Адзін раз у дзесяць гадоў леса­ўпарадкавальнае рэспубліканскае прадпрыемства “Белдзяржлес” Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь праводзіць інвентарызацыю ляснога фонду, праектаванне лесагаспадарчых мерапрыемстваў і вырабляе планава-картаграфічныя матэрыялы для кожнага лясгаса. Згодна з імі і працуем. У нашым лясгасе інвентарызацыя была год назад. На месцы высечаных лясоў або садзім маладыя дрэўцы, або ідзе натуральнае лесаўзнаўленне. Мы толькі аказваем гэтаму садзейнічанне. Пад самасеў адводзяцца цяжкадаступныя ўчасткі. Там пакідаюцца найбольш высока­прадукцыйныя дрэвы, якія раскідваюць насенне. Яно прыжываецца, праз 2-3 гады з’яўляюцца ўсходы. Праводзім ручны і механізаваны догляд маладняку, робім усё для таго, каб хмызняк не заглушаў насаджэнні. Прарэджваюцца насаджэнні праз 20-40 гадоў.

— Пасадачным матэрыялам забяспечваеце сябе самі?

— Так. Маем гадавальнік плошчай амаль 10 гектараў. Каторы год практыкуем вырошчванне лясных культур па фінскай тэхналогіі — з закрытай каранёвай сістэмай, што спрыяе лепшаму прыжыванню. Пасадка лесу вядзецца і вясной, і восенню. Верасень — самы спрыяльны для гэтага месяц. Пасадачным матэрыялам забяспечваем не толькі лясніцтвы, але і ўсіх, хто жадае набыць елкі, сосны, ясень, дэкаратыўныя насаджэнні для пасадкі каля дома, на дачы.

— Уладзімір Уладзіміравіч, кадры па-ранейшаму вырашаюць усё?

— Несумненна. У нас няма цякучасці. Лясгас забяспечаны высокакваліфікаванымі спецыялістамі, якія добра ведаюць сваю справу і адказна яе выконваюць. Шмат моладзі. Яна хутка спасцігае новыя тэхналогіі. Але і без вопыту ветэранаў не абыс­ціся. Парады тых, хто прысвяціў лесу жыццё, бясцэнныя. Ёсць і жанчыны, якія звязалі свой лёс з лясной гаспадаркай. У нашым калектыве іх 50. 10 працуюць леснікамі, майстрамі лесу. Работа цяжкая, але з ёй яны спраўляюцца нароўні з мужчынамі.

— Якія планы на перспектыву?

— Запусціць новае стужачнапілавальнае абсталяванне для распілоўкі лесу дыяметрам больш за 36 сантыметраў (цяпер распілоўваем толькі 18-36). Закупіць сушыльнае  абсталяванне, каб вырабляць больш якасныя піламатэрыялы і з большай дабаўленай вартасцю адпраўляць іх на экспарт. На апошняе спатрэбіцца 500 тысяч еўра. Але спа­дзяюся, што затраты акупяцца. Плануем перайсці на безадходную вытворчасць: апілкі і кару будзем выкарыстоўваць на выпрацоўку цеплавой энергіі.

— Што пажадаеце калегам у свята?

— Найперш хачу падзякаваць за добрасумленную працу, а пажадаць — моцнага здароўя, дабрабыту. Дзякуй за цярпенне і падтрымку жонкам нашых работнікаў. Апошнія гады часта даводзіцца бываць у камандзіроўках. І як важна вяртацца дадому, дзе цябе сустракаюць з усмешкай, акружаюць клопатам.

Гутарыла Анна АНІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.