І зноў паклікаў у класы званок

Главное Образование

Першы званок даюць Надзя Літвіновіч і Арцём Пятровіч

У суботу ў пераважнай большасці беларускіх школ прагучаў першы званок. Паклікаў ён у класы і навучэнцаў агульнаадукацыйных устаноў Пастаўшчыны.

Разам з дзецьмі, педагогамі і бацькамі на ўрачыстыя лінейкі з нагоды Дня ведаў прыйшлі таксама госці. Асабліва шмат іх было ў другой гара­д­ской школе, куды завіталі старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Чэпік, дырэктар Пастаўскага малочнага завода Георгій Касцень, намеснік начальніка рэзервовай пагранічнай заставы “Паставы” па ідэалагічнай рабоце Дзмітрый Бурак і старшы дзяржаўтаінспектар аддзялення ДАІ РАУС Андрэй Цымбалюк.

Старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік уручае пашпарт ад камп’ютарнага класа дырэктару школы Ігару Мадвейку

Віншуючы ўсіх, хто сабраўся ва ўтульным школьным двары, з пачаткам новага навучальнага года, дырэктар СШ №2 Ігар Мадвейка адзначыў, што роля ведаў і адукацыі ў наш час вельмі вя­лікая і ад стараннай вучобы хлопчыкаў і дзяўчынак залежыць іх будучыня. “Сёння ў краіне створаны ўсе ўмовы для таго, каб вы маглі стаць адукаванымі людзьмі”, — звярнуўся ён да навучэнцаў і заўважыў: кожны, хто пераступіць парог другой школы, успомніць добрым словам усіх, хто рыхтаваў яе да 1 верасня. 

— Я ўдзячны настаўнікам і бацькам за светлыя, прыгожыя класы, членам вучнёўскай вытворчай брыгады і тэхнічным работнікам — за адрамантаваныя школьныя памяшканні, — гаварыў Ігар Анатольевіч. — Дзякуй таксама тым, хто ўмацоўвае нашу матэрыяльна-тэхнічную базу. Гэта кіраўніцтва раёна ў асобе Сяргея Ва­сільевіча Чэпіка, нашы шэфы — Пастаўскі малочны завод, а таксама бацькі дзяцей. З іх дапамогай школа папоўнілася шмат якім абсталяваннем.У канцы выступлення І. А. Мадвейка нагадаў педагогам, што ад іх прафесіяналізму, педагагічнага майстэрства, дабрыні і любові да дзяцей залежыць поспех у выхаванні асобы. Прадставіў настаўніц Тамару Аркадзьеўну Сіротка, Алу Кляменцьеўну Шаняўскую і педагога-арганізатара Ірыну Уладзіміраўну Хоміч, якія сёлета прыйшлі працаваць у школу, і пажадаў усім здароўя, шчасця, сямейнага дабрабыту, новых здзяйсненняў і дасягненняў.

Да віншаванняў і пажаданняў дырэктара далучыўся старшыня райвыканкама. Сяргей Чэпік запэўніў прысутных, што раённы выканаўчы камітэт зробіць усё магчымае для развіцця і ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы не толькі СШ №2, але і ўсіх устаноў адукацыі Пастаўшчыны. “Сёлета мы ўклалі ў вашу школу 103 тысячы рублёў бюджэтных сродкаў, — зазначыў кіраўнік раёна. — За гэтыя грошы набыты камп’ютарны клас, інтэр’актыўная дошка, абсталяванне для сталовай, вучнёўская мэбля, новы школьны аўтобус”. У пацвярджэнне сваіх слоў пад апладысменты дзяцей і дарослых Сяргей Ва­сільевіч уручыў І. А. Мадвейку ключы ад аўтобуса і пашпарт ад камп’ютарнага класа. Сертыфікат на набыццё камп’ютарнай тэхнікі падарыў установе ад малочнага завода дырэктар прадпрыемства Георгій Касцень.

Кожны год у школу прыходзяць усё новыя і новыя вучні. У той дзень перад 48 хлопчыкамі і дзяўчынкамі, якія ўпершыню пераступілі парог СШ №2, адкрылася новая старонка жыцця. Яны пазнаёміліся з аднакласнікамі і настаўніцамі Ірынай Паўлаўнай Асяненка і Святланай Генадзьеўнай Паламарчук, якія ўвядуць іх у краіну ведаў, упершыню выступілі перад вялікай школьнай аўдыторыяй. З віншаваннямі да малышоў звярнуліся навучэнцы 11 класа і кіраўнік 1“Б” С. Г. Паламарчук. Будучыя выпускнікі пажадалі першаклашкам здружыцца, добра вучыцца і берагчы школу, як свой дом, а педагог — каб ніколі не знікала імкненне да ведаў і не згасаў бляск у вачах. Па традыцыі адзінаццаціклас­нікі прынялі пачаткоўцаў у школьныя рады, павязаўшы ім стужкі з надпісам “Першаклас­нік”, і ўручылі падарунак ад Прэзідэнта краіны — кнігу “Беларусь — мая Радзіма”, а таксама альбомы для рысавання і закладкі для кніг ад раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. Зноў жа па традыцыі вучні падарылі букеты кветак сваім настаўнікам.

Яшчэ адной нязменнай традыцыяй усіх першавераснёўскіх лінеек з’яўляецца першы званок. Права даць яго прадаставілі вучаніцы першага класа Надзі Літвіновіч і адзінаццацікласніку Арцёму Пятровічу. А затым спачатку малышы за руку з настаўнікамі і старшакласнікамі, а следам за імі і астатнія вучні адправіліся ў свае класы на ўрок, прысвечаны Году малой радзімы, пад назвай “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца”. Тым часам гасцей запрасілі на экскурсію ў школьны музей баявой і працоўнай славы, якую правяла яго стваральніца Рэгіна Ластоўская. Пасля кіраўнік раёна і іншыя запрошаныя наведалі клас інфарматыкі, дзе ўстаноўлены 10 новых камп’ютараў для вучняў і адзін для настаўніка, а таксама сучасная інтэр’актыўная дошка.

Алена ШАПАВАЛАВА
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.