Інтэлектуал, рэжысёр, дызайнер

Общество

Іна Бандарэнка — загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі. Натура творчая, ініцыятыўная, артыстычная. Неаднаразова даводзілася бываць на мерапрыемствах, падрыхтаваных па яе сцэнарыях. Заўсёды здзіўляла навінкамі, крэатывам. Напярэдадні прафесійнага свята пацікавілася ў Іны Раймундаўны яе шляхам у прафесію, абавязкамі, якія даводзіцца выконваць.

— Бібліятэка і кнігі — маё жыццё, прытулак для душы, — гаварыла суразмоўца. — Люблю сваю прафесію і жыву ёю. Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так бібліятэка — з ад­дзела абслугоўвання. Таму вельмі важна сустракаць чытачоў ветліва, добразычліва. Бібліятэкар — інтэлектуал, эрудыт, літаратуразнаўца, псіхолаг, педагог. Ладзячы мерапрыемства, трэба быць арганізатарам, драматургам, рэжысёрам, аратарам; рыхтуючы інфармацыю для дзелавых людзей — дасведчаным рэферэнтам; афармляючы кніжную выставу — мастаком; ствараючы камфортныя ўмовы для чытачоў — дызайнерам. Акрамя традыцыйнага абслугоў­вання наведвальнікаў і аказання ім платных паслуг, у мае абавязкі ўваходзіць планаванне дзейнасці аддзела, справаздачнасць, фарміраванне і захаванне кніжнага фонду.

— Першыя свае кніжкі памятаеце?

— Вядома ж. Больш таго, я нават захавала адну з іх — “Казкі для Міхаські” Ларысы Геніюш. Яе падарылі мне на трэці дзень нараджэння. Амаль усе вершы з “Казак” памятаю і зараз. У 6 класе перачытала Тэадора Драйзера, Гі дэ Мапасана, Эміля Заля. Але найбольш яркі адбітак у памяці пакінулі “Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча і “Рабінзон Круза” Даніэля Дэфо.

— Любоў да чытання і прывяла вас у прафесію?

— Чытала шмат з маленства. Прыязджала да бабулі ў вёску і хадзіла ў сельскую бібліятэку. Кнігі там ляжалі на сталах, на падлозе, а вокны былі пастаянна заштораныя. Такая абстаноўка заварожвала, надавала таямнічасць. Тады і нарадзілася думка пра будучую прафесію бібліятэкара. Закончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум і прыехала па размеркаванні на Пастаўшчыну. Затым завочна — Мінскі інстытут культуры. Пра выбар ні разу не пашкадавала.

— А які ён, сённяшні чытач?

— Бібліятэку за год наведваюць звыш 3 000 карыстальнікаў. Асноўны кантынгент — тыя, каму за 30. На жаль, у век глабальнай камп’ютарызацыі роля кнігі як асноўнай крыніцы ведаў паступова зніжаецца. Засмучае нізкая цікавасць да яе маладога пакалення.

— Многія аддаюць перавагу электроннай кнізе.

— Гэта новая і часам вельмі зручная з’ява ў нашым жыцці. Але як адмовіцца ад дзіцячых яркіх, цёплых папяровых ілюстраваных кніг? Іх можна гартаць, адчуваць рукамі, як цацку. Некаторыя нашы чытачы паспрабавалі перайсці на электронны варыянт, а потым усё ж вярнуліся да друкаванага.

— А якія аўтары вам падабаюцца?

— Бібліятэкар абавязаны знаёміцца літаральна з кожнай літаратурнай навінкай любога жанру. Канешне, ёсць кнігі, якія запалі ў сэрца, і я магу пераказваць іх нават з імёнамі герояў. Ёсць любімыя творы, а вось любімых аўтараў няма. Ведаю на памяць шмат вершаў беларускіх паэтаў, любімы ж — Эдуард Асадаў. Вельмі люблю беларускую прозу. Радуе, што многія чытачы звяртаюцца менавіта па беларускую літаратуру.

— Масавыя мерапрыемствы таксама неад’емная частка работы бібліятэкі?

— Гэта адметная старонка нашай дзейнасці. Супрацоўні­чаем з некаторымі гарадскімі ўстановамі адукацыі, дзяржаўным каледжам. Сумесна ладзім разнастайныя мерапрыемствы. Пры бібліятэках ва ўсе часы існавалі клубы, аматарскія аб’яднанні. Напрыклад, клуб “Сучаснікі” існуе ўжо 10 гадоў. Стараемся, каб кожнае яго пасяджэнне было цікавым, пазнавальным і запамінальным. Дзякуем усім, хто пакідае хатнія справы і спяшаецца да нас, каб за кубачкам гарбаты паспяваць, пагаварыць, адпачыць душой. Будзем рады новым наведвальнікам!

Гутарыла Анна АНІШКЕВІЧ
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.