Як у родным доме

Важное Духовность

Апошнім часам бываць у лучайскім касцёле даводзіцца нячаста. Але калі прыязджаю, то адчуваю сябе, як у родным доме, душу напаўняюць дарагія ўспамі­ны маладосці, калі былі жывымі бацькі, малымі дзеці, калі разам рабілі першыя крокі да веры.

Абавязкова стараюся трапіць на фэст святой Ганны, каб схіліцца ў малітве ля абраза маёй непасрэднай апякункі, а таксама сустрэцца з людзьмі, якія некалі былі для мяне вялікай дружнай парафіяльнай сям’ёй. Сёлета ехала з асаблівым трапятаннем у сэрцы: Святую Імшу цэлебраваў ксёндз-прэлат Аляксандр Рагіня. Ён нарадзіўся ў невялікай вёсачцы Дземяшы, вучыўся ў Старадворскай базавай і Варапаеўскай сярэдняй школах. Добра памятаю, як яшчэ невялікім хлапчуком, шчыра служыў пры алтары, дзе адчуў пакліканне да святарства. Закончыў Гродзенскую духоўную семінарыю, у 2002 годзе атрымаў святарскае пасвячэнне. Некаторы час працаваў у парафіях Віцебскай дыяцэзіі. Потым быў накіраваны на вучобу ў Папскую дыпламатычную акадэмію, якая займаецца падрыхтоўкай духавенства да дыпламатычнай службы Апостальскай Сталіцы і да працы ў Дзяржаўным сакратарыяце Святога Пасаду. У Папскім Латэранскім універсітэце ў Рыме абараніў доктарскую дысертацыю. Практыку праходзіў ва Уган­дзе (Афрыка), дыпламатычную кар’еру пачаў у ватыканскім прадстаўніцтве ў Эквадоры.

Тры гады працаваў у нунцыятуры ў Астане (Казахстан). Цяпер часова павераны ў справах Апостальскай нунцыятуры ў Рэспублікі Чад (Афрыка).

Святая Імша пачалася з урачыстага ўваходу ў касцёл святароў, якія прыехалі на фэст. Усіх прысутных прывітаў ксёндз-пробашч Яўген Міхайлаў. З прамовай звярнуўся ксёндз Аляксандр.

— Мы сабраліся ў адным з найцудоўнейшых храмаў, каб праслаўляць Пана Бога, — гаварыў ён, — ушанаваць святых Яўхіма і Ганну (бацькоў Насвяцейшай Марыі Панны), задумацца над імклівасцю жыцця, паслухаць сваё сэрца. Спрадвеку фэст святой Ганны збірае ў лучайскім касцёле лю­дзей не толькі з Пастаўшчыны, але і розных іншых мясцін, чые карані на гэтай зямлі. Будзем маліцца за ўсіх, хто будаваў гэты прыгожы касцёл, клапаціўся пра яго. І не толькі за святароў, але і за звычайных парафіян. Асабліва за тых, хто “лячыў” святыню пасля доўгіх гадоў рабавання.

Храм пачаў адраджацца ў 90-я гады мінулага стагоддзя. Ні сіл, ні часу не шкадавалі як мужчыны-парафіяне, так і жанчыны, з дня ў дзень рамантуючы будынак, наводзячы парадак ля яго. Не згасла духоўнае жыццё дзякуючы легендарнай парафіянцы Ганне Дубовік, якая патаемна рыхтавала да першай Камуніі дзяцей, у тым ліку і будучага ксяндза-прэлата, а пазней стала сястрой законнай з імем Міхаэля.


У 2013 годзе Папа Рымскі Францішак далучыў ксяндза Аляксандра Рагіню да ліку сваіх капеланаў (Ганаровага капелана традыцыйна называюць прэлатам).


— Азіраю касцёл і ўсплываюць моманты, як мы дапамагалі дарослым рыхтаваць парафіяльныя святы, упрыгожвалі стужкамі і кветкамі святыню, — усмешка-настальгія азарае твар ксяндза Аляксандра. — Гэтыя ўспаміны для мяне, як гаючы бальзам, асабліва ўдалечыні ад родных мясцін. Прыязджаючы ў лучайскі касцёл, я стараюся ім налюбавацца, надыхацца родным паветрам, каб мець сілы аддана служыць паўсюднаму Касцёлу ў тых месцах, куды пасылае мяне Святы Айцец і Апостальская сталіца.

Сваё разважанне ксёндз Аляксандр прысвяціў таму, як трэба жыць, каб пра нас успаміналі не як пра чалавека багатага, папулярнага, прыгожага, уплывовага, але як пра чалавека Божага, які паважае Усявышняга, выконвае яго запаведзі. Любіць Бога і праслаўляць Яго трэба не толькі малітвамі і песнямі, але і канкрэтнымі ўчынкамі: па-сапраўднаму любіць жонку, мужа, дзяцей, унукаў і ўсіх іншых людзей. Нягледзячы на выпрабаванні, спакусы, эгаізм, трэба умець зрабіць радыкальны крок наперад, наблізіцца да Хрыста. Ён адзіны сябра, які ніколі не здрадзіць, не падмане.

— У жыцці так складаецца, — працягваў ксёндз Аляксандр, — што людзі не шчырыя ў сям’і, на працы, з суседзямі, крытыкуюць, асуджаюць, высмейваюць. І толькі Езус можа асушыць нашы слёзы, раздзяліць радасць. Трэба вучыцца ў Яго цярпенню і прабачэнню. Кожная хвіліна нашага жыцця непаўторная. Сёння не вернецца ніколі. Таму трэба імкнуцца як мага больш рабіць дабра.

На завяршэнне свята вернікі прайшлі вакол касцёла ва ўрачыстай працэсіі з Найсвяцейшым Сакрамантам. Затым паслухалі сольны канцэрт кіраўніка хору “Ave Maria” глыбоцкага касцёла, ураджэнкі Варапаеўшчыны Ганны Шакола. Людзі павезлі дадому Божую ласку, радасць ад сустрэчы з тымі, каго даўно не бачылі, абноўленыя ўспаміны пра мінулае.

Анна АНІШКЕВІЧ
Фота Юліі ЛАЗІКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.