Калі гады зляцець паспелі?

Личности Общество

Казімір Францавіч Марцінкевіч з жонкай Ліліяй Аркадзьеўнай

Задаваўся пытаннем у свой 80-ы дзень нараджэння ветэран працы Казімір Францавіч Марцінкевіч

Але і ўспомніць яму было што — шмат зроблена ў жыцці. Пасля чацвёртага курса Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі праходзіў вытворчую практыку ў калгасе «Ленінскі шлях». Гаспадарка была моцнай. Старшыня Міхаіл Кляпец, прыкмеціўшы старанне і зацікаўленасць практыканта, паабяцаў яму пасля заканчэння інстытута пасаду галоўнага інжынера. Пастаўшчына прываблівала маладога спецыяліста яшчэ і тым, што тут, якраз на тэрыторыі калгаса «Ленінскі шлях», была радзіма яго каханай Лілі, з якой ажаніўся, калі быў яшчэ другакурснікам.

Ужо на другім годзе працы талковага маладога інжынера райкамаўскае кіраўніцтва стала «сватаць» на старшынёўскую пасаду ў іншы калгас. Упарта адмаўляўся. Але да пары да часу. Выклікалі на бюро райкама партыі і назначылі кіраўніком Зарэчанскага спецаддзялення райсельгастэхнікі, якое толькі стваралася ў раёне.

— Працаваць там было цікава, многае ўдавалася, — узгадвае Казімір Францавіч. — Але райкам партыі накіраваў мяне дырэктарам саўгаса «Пастаўскі». 5 красавіка 1973 года прыняў гаспадарку, якая побач з іншай вытворчай дзейнасцю вырошчвала агародніну. Яна займала 62 гектары. Дык вось, на другі дзень пасля майго назначэння прыходзіць загад з Віцебскага трэста адвесці пад агародніну 150 гектараў, або 10 працэнтаў ад усяго ворыва. Думаеце, лёгка было гэта ажыццявіць?

Найбольшыя плошчы займалі капуста (70 га), сталовыя буракі (30), морква (30). Вырошчвалі і агуркі, памідоры, пятрушку, сельдэрэй і інш. Рэалізоўвалі ў сваім, Глыбоцкім і Браслаўскім раёнах, а чорныя парэчкі — на Любаньскі вінзавод. Хоць мелі тэхніку для вырошчвання агародніны, патрабавалася нямала і ручной працы. У час летніх канікулаў у саўгасе працаваў стацыянарны лагер працы і адпачынку школьнікаў: першы месяц — 100 вучняў СШ №1, другі — столькі ж з СШ №2. У верасні на ўборку ўраджаю прыязджалі студэнты. І іх, і школьнікаў размяшчалі ў дамах вяскоўцаў, і гэта было вельмі клопатна. Да таго часу, пакуль дырэктар не дабіўся ў трэсце фінансавання на ўзвя­дзенне памяшканняў для пражывання юных памочнікаў. Пастаўскі міжкалгасбуд пабудаваў іх, і праблема была вырашана. Узводзілі таксама жыллё, фермы, іншыя вытворчыя аб’екты.

— У саўгасе працавала 500 чалавек, — расказваў былы дырэктар. — І мне прыемна, што людзі не пакідалі гаспадарку. Яны нядрэнна зараблялі, была дысцыпліна. Я меў на каго абаперціся. Адказна ставіліся да работы галоўныя спецыялісты: аграном Фёдар Гусакоў, інжынер Нікіфар Тамашэвіч, заатэхнік Уладзімір Савельеў, вет­урач Аляксей Філімонаў, стараліся кадры сярэдняга звяна і радавыя рабочыя. А вось з раённым кіраўніцтвам не заўсёды знаходзіў паразуменне. Прывяду такі факт. «Пастаўскі» займаўся не толькі агароднінай. Мелі і дойны статак, свінаферму на 1500 галоў, займаліся вырошчваннем буйной рагатай жывёлы. Па паказчыках у жывёлагадоўлі былі ў раёне ў ліку лепшых гаспадарак. А кармавыя ўгоддзі займалі ўсяго 20 працэнтаў ворыва. Колькі ні звяртаўся ў раённае ўпраўленне сельскай гаспадаркі з просьбай дазволіць пашырыць іх плошчу, атрымліваў адмову. І толькі пасля маёй размовы з другім сакратаром абкама партыі падчас яго прыезду ў гаспадарку пытанне было вырашана.

Саўгасам Казімір Марцінкевіч кіраваў 14 гадоў. «Паглядзіце, колькі ў яго знакаў пераможцы спаборніцтва, Ганаровых грамат, нават Вярхоўнага Савета БССР. А вось ордэн Дружбы народаў, — паказвае мужавы адзнакі спадарожніца жыцця Лілія Аркадзьеўна. — А яшчэ ён быў членам абкама партыі, ­удзель­­нічаў у рабоце пленумаў».

— Адным словам, не шкадаваў сябе, — нявесела дадае ён сам. — І зарабіў язву. З-за чаго вымушаны быў пайсці на лягчэйшы ўчастак.

Працаваў галоўным дзяржаўным інспектарам па закупках і якасці сельгаспрадукцыі, затым начальнікам вытворчага ўчастка ў Андронах. На заслужаны адпачынак пайшоў з пасады старшыні райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Дарэчы, і віншаваць ветэрана працы з юбілеем прыехалі цяперашні старшыня гэтага райкама прафсаюза Аляксей Філімонаў і старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Літві­новіч. Уручылі Ганаровыя граматы і грашовыя прэміі, а яшчэ — медаль, выраблены да 40-годдзя ракетнай дывізіі, якая ў свой час дыслацыравалася побач з землямі саўгаса «Пастаўскі».

Але гэта стала толькі пачаткам юбілейнага тыдня. Дзень нараджэння Казіміра Франца­віча — 10 верасня — прыпаў на панядзелак, і яго родныя не змаглі прыехаць менавіта ў гэту дату. Дачка, сын, нявестка, унукі жывуць у Мінску, але ў родны дом наведваюцца часта. Вось і ў юбілей усе цёпла і шчыра віншавалі галаву сямейства. Пазней яго нявестка Эль­віра гаварыла мне: «Казімір Францавіч — прыклад для нас усіх. Справядлівы, душэўны, клапатлівы. Мы бясконца ўдзячныя яму і Ліліі Аркадзьеўне дапамогу, падтрымку, разуменне».

Галоўная захавальніца радавога гнязда, вядома ж, Лілія Аркадзьеўна. Асноўныя клопаты па выхаванні дзяцей і хатніх справах ляжалі на ёй у маладосці, калі муж ад цямна да цямна прападаў на працы. Зараз упраўляюцца па доме разам. Праўда, прыгатаваць сваю фірменную страву — «Селядзец пад шубай» — Францавіч не давярае нават жонцы, поруч з якой ідуць па жыцці ўжо 56-ы год. А на кожным святочным стале ў доме Марцінкевічаў яна абавязкова прысутнічае. Не стаў выключэннем і юбілейны.

Фаіна КАСАТКІНА
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.