«Каралева палёў радуе на 1000 гектарах

Главное Сельское хозяйство

Механізатары Юрый Гваздоў і Сяргей Саланінка

Менавіта такую плошчу займае кукуруза ў ААТ «Навасёлкі-лучай». Да яе ўборкі тут прыступілі аднымі з першых у раёне

Кукурузнае поле каля Валькоў мне нагадала малады сасоннік: расліны з тоўстымі сцяблінамі, густыя, месцамі дасягаюць трох метраў у вышыню. Пачаткі малочнай спеласці тоўстыя і тугія.

Механізатары Сяргей Саланінка і Юрый Гваздоў — пастаянныя лідары корманарыхтоўкі — на высокапрадукцыйных кормаўборачных камбайнах КВК і «Ягуар» зразаюць сцябліны чыста і на аднолькавай вышыні. За дзень нарыхтоўваюць па 600-700 тон зялёнай масы.  Аўтамашыны ёй запаўняюцца імгненна і змяняюць адна адну. Рупяцца вадзіцелі Мікалай Альхімёнак, Аляксандр Мацур, Вальдэмар Мацур, Аляксандр Болт, Мікалай Шынкевіч, Уладзімір Скавародка, Ігар Сауць. Закладка кукурузнага сіласу ідзе хуткімі тэмпамі. Трамбоўку забяспечваюць механізатары Уладзімір Праліч і Казімір Віннік.


Да ведама: па раёне кукуруза займае 3558 гектараў. Да яе ўборкі прыступілі ў ААТ «Камайскі-агра», «Навасёлкі-Лучай», «Сцяг Перамогі-агра», сельгаспрадпрыемстве «Дунілавічы-агра».


— У пачатку развіцця раслін, іх рост быў замаруджаным з-за засухі, — расказваў вядучы аграном ААТ «Навасёлкі-Лучай» Уладзіслаў Шаршнёў. — Хоць перад сяўбой унеслі неабходную колькасць угнаенняў, потым своечасова правялі міжрадковую апрацоўку і прахімічылі пасевы, але вільгаці не хапала, і кукуруза пайшла ў рост толькі калі пачаліся дажджы.

Сярэдняя ўраджайнасць — 375 цэнтнераў з гектара. Зялёная маса з 700 гектараў  пойдзе на сілас і зялёны корм, з 300 —  на зерне. Зараз убіраюць найбольш складаныя ўчасткі, якія ў выпадку неспрыяльных прыродных умоў могуць стаць непраходнымі для тэхнікі.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.