На рабоце выручае рашучасць

Сельское хозяйство

Лічыць аператар машыннага даення кароў сельгаспрадпрыемства «Дунілавічы-агра»  Наталля Валюкевіч

Наталля ў Сяргеевічы перабралася з Мягун. Матывацыяй для пераезду стала жыллё, у якім ёсць вада.

— У Мягунах мы жылі ў звычайным вясковым доме, — расказвала яна. — Па ваду ў калодзеж за тры хаты хадзілі. І калі Андрэя Віктаравіча Сарапененку, які быў дырэктарам ААТ «Камайскі-агра», назначылі кіраўніком сельгаспрадпрыемства «Дунілавічы-агра», папрасіліся да яго на работу.

Жанчыну прынялі аператарам машыннага даення. Групу набірала з першацёлак. Якая складаная справа іх раздаіць, разумее толькі той, хто сам спрабаваў гэта зрабіць. Жывёліна баіцца нават дотыку рук, бо вымя набракшы, а яго трэба памыць, памасажыраваць, каб стала больш мяккім і эластычным. Толькі ласка і вялікае цярпенне могуць даць плён.

— А яшчэ рашучасць і настойлівасць, — дадае жанчына. — Здаралася, і з сінякамі хадзіла. Першацёлкі розныя трапляюцца. Не паспееш адхінуцца —  ударыць нагой. Спачатку ўручную даіць прыходзіцца, сачыць за тым, каб не дапусціць такога распаўсюджанага ў расцяліўшыхся кароў захворвання, як парэз. Пакуль малозіва не зменіцца на малако, у бачкі даю. Праз тыдні два да малакапровада прывучаю. У перыяд лактацыі і за кармленнем трэба пільна сачыць.

Прадукцыйнасць будучай каровы ў многім залежыць ад раздою ў першыя дні пасля ацёлу. Старанне Наталлі прыносіць поспех. Яна — лідар па надоях сярод даярак гаспадаркі. Яе прозвішча значыцца і сярод перадавікоў раёна. Хаця вялікае малако ў каровы бывае пасля трэцяга-чацвёртага ацёлаў.

Пачынала з 24 перашацёлак. Цяпер ў групе Наталлі Валюкевіч 44 каровы. Пакуль стаіць цёплае надвор’е, дойны статак кругласутачна пасвіцца ў полі. У дзень майго прыезду каровы скубалі сакавітую траву каля Жарсцвянкі. Тут жа ванны для вады, якая наліваецца з бочкі. Пастухі сочаць за страўліваннем пашы і своечасова мяняюць месца выпасу.

— Складана было ў спёку, калі трава выгарала літаральна на вачах, — гаварыла Наталля. — Жывёла хутка выпівала прывезеную ваду. Цяпер кармоў хапае. Два разы на дзень кароўкі чакаюць прыезду даярак, каб не толькі аддаць малако, але і паласавацца мукой. Калегі ў мяне добрыя. Усе стараюцца.  Ёсць у нашым калектыве нават мужчына-дояр.

Пройдзе няшмат часу, і статак перавядуць на стойлавае ўтрыманне. Кармоў гаспадарка на зімоўку назапасіла, завяршаюцца  рамонтныя работы па падрыхтоўцы да гэтага перыяду памяшканняў. Многія каровы будуць у запуску, і крыху палягчэе работа даярак. А пасля ацёлаў зноў дабавіцца клопатаў. Акрамя правільнага раздою кароў, жанчыны будуць даглядаць маленькіх цялятак, паіць іх, сачыць за станам здароўя. Калі кволенькія нованароджаныя набяруць сілу ў першыя месяцы жыцця, то ў далейшым некаторыя з іх папоўняць дойны статак, іншых адправяць ў групы  адкорму.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.