На ўсе пытанні дадзены адказы

Главное Местная власть

18 верасня «прамую тэлефонную лінію» і асабісты прыём грамадзян у райвыканкаме правёў начальнік галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Андрэй Мацюшэнка.

У час «прамой тэлефоннай лініі» прадстаўніку вышэйшага органа дзяржаўнага кантролю краіны паступіў усяго адзін тэлефонны званок — ад пенсіянера з вуліцы Юбілейнай. Ён прасіў дапамагчы ўнуку, які, не маючы ўласнага жылля, не можа атрымаць зямельны ўчастак пад будаўніцтва дома. Праясніць усе нюансы змаглі дачка пенсіянера і той самы ўнук, якія пазней прыйшлі на прыём да А. Ю. Мацюшэнкі. Паралельна жанчына падняла яшчэ некалькі важных для яе пытанняў.

— Сама я, мой сын, родны брат і бацька прапісаны па адным адрасе па вуліцы Юбілейнай, — расказвала наведвальні­ца. — Кватэра, у якой пражываю, належыць бацьку. Сын некалькі гадоў назад ажаніўся, выхоўвае дваіх непаўналетніх дзяцей, адно з якіх — ад першага шлюбу жонкі. Ні ён з сям’ёй, ні я не маем уласнага жылля. Раней, калі жыла ў вёсцы, я стаяла на чарзе на аднапакаёвую кватэру. Але пасля таго, як у 2012 годзе пераехала ў Паставы, мяне знялі з чаргі, не паведаміўшы пра гэта. Таксама забралі гектар зямлі ў вёсцы. Зараз сын хоча пабудаваць сабе дом, але не можа гэта зрабіць, паколькі не даюць участак пад будаўніцтва.

Адносна «незаконнага» зняцця з чаргі на атрыманне жылля наведвальніцы патлумачылі, што, змяніўшы месца прапіскі, яна павінна была стаць на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў у Паставах. Параілі сабраць поўны пакет неабходных дакументаў і перадаць разам з заявай у службу «адно акно» райвыканкама. Спецыялісты іх вывучаць і, калі будуць на гэта падставы, паставяць грамадзянку на ўлік. Што датычыць адабранай зямлі, улічваючы тое, што на ёй пабудаваны аб’екты новымі ўласнікамі, пытанне па пазбаўленні іх права ўласнасці можа быць вырашана толькі ў судзе. Апошняя праблема — з выдзяленнем сыну ўчастка пад будаўніцтва — вырашаецца наступным чынам. Каб яго атрымаць, малады чалавек з жонкай, якая зараз зарэгістравана з дзецьмі ў сваіх бацькоў, павінны прапісацца там, дзе на кожнага члена іх сям’і будзе прыпадаць менш за 15 квадратных метраў плошчы. Як аказалася, такія варыянты ёсць: у кватэры па Юбілейнай або ў доме па вулі­цы 17 Верасня ў Паставах, гаспадаром якога таксама з’яўляецца дзед-пенсіянер.

Атрыманымі адказамі наведвальнікі засталіся задаволеныя. А Андрэй Мацюшэнка пасля заканчэння прыёму па просьбе рэдакцыі расказаў, як часта выязджае ў глыбінку і якія пытанні, як правіла, хвалююць людзей на месцах.

— Выязныя прыёмы грама­дзян і «прамыя тэлефонныя лініі» работнікі Камітэта дзяржкантролю праводзяць штоквартальна не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах, — гаварыў Андрэй Юр’­евіч. — Асабіста я стараюся пабываць ва ўсіх абласцях краіны і магу сказаць, што пытанні ўзнікаюць абсалютна розныя. Калі раней у большасці выпадкаў яны тычыліся якасці аказання жыллёва-камунальных паслуг, то ў апошні час колькасць такіх зваротаў скарацілася ў разы, паколькі мясцовая ўлада па ўсёй рэспубліцы ўдзяляе гэтай сферы вялікую ўвагу. Зараз людзі ўзнімаюць больш пытанняў прыватнага характару, звязаных з пастаноўкай на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, з выдзяленнем зямельных участкаў. У прынцыпе, такія ж, якія былі сёння. Часам бывае настолькі няпроста разабрацца ў сітуацыі, што даводзіцца збіраць ледзь не ўсе службы выканаўчага камітэта, усім складам выязджаць на месца і ўжо там прымаць рашэнні і даваць даручэнні мясцовай уладзе. Канешне, гэтыя пытанні я трымаю на кантролі, і мяне інфармуюць пра тое, як яны вырашаны.

Алена ШАПАВАЛАВА
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.