Набегалі на 165 тысяч рублёў

Здравоохранение Общество

Сяргей Петухоў (справа) атрым­лівае серты­фікат ад velcom

удзельнікі марафону «Бягучыя гарады»

Рэспубліканская дабрачынная акцыя праходзіла ў межах праекта #velcombegom з 23 ліпеня па 2 верасня пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя. Дыстанцыі, якія пераадолелі ўдзельнікі, пайшлі ў залік пэўнаму рэгіёну. Арганізатар акцыі — кампанія velcom — падлічыла кіламетры, перавяла іх у грошы і пералічыла сродкі цэнтрам медыцынскай рэабілітацыі. Пераможцай стала Гро­дзенская вобласць — яе ўдзельнікі сумарна пераадолелі больш за 7 тысяч кіламетраў. На другім месцы — Гомельская вобласць з вынікам 5960 кіламетраў, трэцяе месца ў Брэсцкай вобласці — 5040. Астатнія месцы раздзялілі паміж сабой Магілёўская — 4927 кіламетраў, Віцебская — 4823 кіламетры і Мінская вобласці — 4157 кіламетраў.

У дабрачынным марафоне прынялі ўдзел больш за 5 тысяч беларусаў. Яны прабеглі 30 тысяч кіламетраў, сабраўшы тым самым рэкордную суму — 165 тысяч рублёў. Гэтыя сродкі пералічаны шасці абласным дзіцячым рэабілітацыйным цэнтрам краіны.

Такім чынам, 40 тысяч рублёў атрымаў Гродзенскі абласны цэнтр медыцынскай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і хворых дзяцей псіханеўралагічнага профілю. Цэнтрам «Верасок» (Гомельская вобласць) і «Тамашоўка» (Брэсцкая) пералічана 35 і 30 тысяч адпаведна. «Космас» (Магілёўская) атрымаў 25 тысяч, «Ветразь» (Віцебская) — 20 тысяч, «Пухавічы» (Мінская) — 15 тысяч рублёў.

— За пералічаныя грошы даўкамплектуем спецыяльным абсталяваннем кабінеты эргатэрапіі і дробнай маторыкі кісці, педагога-дэфектолага. З нуля створым сэнсарны пакой. Ён дазволіць аднаўляць страчаныя альбо развіваць навыкі, якія ўвогуле адсутнічаюць, у дзяцей з псіханеўралагічнымі захворваннямі, — падзяліўся планамі галоўны ўрач «Ветразя» Сяргей Петухоў.

Акцыя паказала, што ў Беларусі шмат нераўнадушных лю­дзей. Сёлета дабрачынны праект праходзіў у чацвёрты раз, і, як і ў мінулыя гады, ініцыятыву падтрымалі тысячы жыхароў краіны. Арганізатары паабяцалі, што ў праекта абавязкова будзе пяты сезон, які стане не менш запамінальным і карысным, чым папярэднія.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ
Фота БелТА