Не марудзьце з выплатай

Правовое поле

15 лістапада ў рэспубліцы заканчваецца тэрмін выплаты фізічнымі асобамі падатку на нерухомасць, зямельнага падатку і арэнднай платы. Наколькі актыўна пастаўчане пералічваюць сродкі на рахунак дзяржавы? Пра гэта начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Пастаўскім раёне Дзмітрый БУЙЧОНАК расказаў у інтэрв’ю Алене Шапавалавай.

— Дзмітрый Віктаравіч, колькі ў нашым раёне падаткаплацельшчыкаў і якую суму яны павінны ўнесці ў дзяржаўны бю­джэт?

 — Усяго на ўліку ў інспекцыі 15087 чалавек. 8570 з іх карыстаюцца льготамі, гэта значыць, па розных падставах вызвалены ў адпаведнасці з заканадаўствам ад выплаты падатку на нерухомасць і плацяжоў за зямлю. Рэальных жа плацельшчыкаў 6517 чалавек. Ім неабходна пералічыць у раённую казну 361 тысячу рублёў.

 — І колькі грошай пасту­піла ў яе на сённяшні дзень?

 — Пакуль 93200 рублёў, што складае 26% ад агульнай сумы. Як паказвае практыка работы мінулых гадоў, пастаўчане не спяшаюцца развітвацца з грашыма, многія адцягваюць выплату падаткаў да апошняга моманту. Пры тым што адпаведныя паведамленні ад інспекцыі ўсе атрымалі яшчэ паўтара-два месяцы назад. Іх у перыяд з 1 ліпеня па 1 жніўня разнеслі па дамах паштальёны і ўручылі кожнаму грамадзяніну пад роспіс.

Што датычыць арэнднай платы, то яе паступіла яшчэ менш — усяго 5% ад налічанай сумы. Гэта 1700 рублёў з неабходных 33200. Хачу звярнуць увагу падаткаплацельшчыкаў на тое, што арэндная плата ў паведамленні не адлюстроўваецца. Яе памер указаны ў дадатку да дагавора арэнды зямельнага ўчастка і з гадамі не мяняецца.

 — Прыводзячы агульную колькасць чалавек, якія знаходзяцца на ўліку ў райінспекцыі, вы адзначылі, што больш за палову з іх падаткі не плацяць, таму што карыстаюцца льготамі. Хто мае такое права?

 — Ад выплаты падатку на нерухомасць і плацяжоў за зямлю вызваляюцца пенсіянеры па ўзросце (пры дасягненні агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту і за работу з асаблівымі ўмовамі працы), а таксама інваліды першай і другой груп пры адсутнасці рэгістрацыі па месцы іх жыхарства працаздольных асоб. Наступная катэгорыя льготнікаў — шматдзетныя сем’і, якія маюць траіх і больш непаўналетніх дзяцей. Яны вызваляюцца ад падаткаў па ўсіх аб’ектах нерухомасці, якія ім належаць, і па ўсіх прадастаўленых зямельных участках. Таксама льготамі карыстаюцца ваенна­служачыя тэрміновай службы, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны і асобы, якія маюць права на льготнае падаткаабкладанне ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб ветэранах». Акрамя таго, ад падатку на нерухомасць за жылыя дамы ў сельскай мясцовасці вызваляюцца фізічныя асобы, якія зарэгістраваны і пражываюць на сяле, працуюць у сельскагаспадарчых арганізацыях або ў арганізацыях аховы здароўя, культуры, адукацыі і сацыяльнай аба­роны, размешчаных у сельскай мясцовасці.

 — Думаю, не лішнім бу­дзе нагадаць жыхарам раёна, дзе і якім чынам можна заплаціць падаткі?

 — Так. Зрабіць гэта можна з выкарыстаннем сістэмы дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання (інтэрнэт-банкінг, інфакіёск, банкамат), а таксама ва ўстановах банкаў і аддзяленнях сувязі. У выпадку ўзнікнення пытанняў звяртайцеся па тэлефонах: 4-32-61, 4-26-79.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.