Паляпшаць гандаль і развіваць турызм

Главное Местная власть

26 верасня адбылася чарговая, шостая, сесія раённага Савета дэпутатаў, якую правёў кіраўнік дэпутацкага корпусу Пастаўшчыны Пётр Курто.

На сесію былі запрошаны члены выканкама, начальнікі ад­дзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў, кіраўнікі сельскагаспадарчых арганізацый, прамысловых прадпрыемстваў, прыватных устаноў і арганізацый раёна. Таксама ў яе рабоце прынялі ўдзел старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Чэпік, намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Пенін і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь па Пастаўскай выбарчай акрузе Сяргей Зямчонак.

На разгляд былі вынесены два пытанні. Па першым — «Аб практыцы работы мясцовых органаў улады, гандлёвых арганізацый раёна, спажывецкай кааперацыі па арганізацыі гандлёвага абслугоўвання насельніцтва Пастаўскага раёна» — выступіла з дакладам намеснік старшыні райвыканкама Ірына Несцяронак. Ірына Іванаўна адзначыла, што гандаль як галіна народнагаспадарчага комплексу з’яўляецца адным з важнейшых сектараў сістэмы жыццезабеспячэння насельніцтва раёна, і прывяла шэраг лічбаў, якія характарызуюць яго работу за 8 месяцаў бягучага года. Пры гэтым заўважыла, што найбольшую ўдзельную вагу ў аб’ёме рознічнага тавараабароту афіцыйна ўлічанай гандлёвай сеткі займае райспажыўтаварыства (33,1%).

Па стане на 1 верасня 2018 года рознічны гандаль на тэрыторыі раёна ажыццяўляюць 97 арганізацый і 146 індывідуальных прадпрымальнікаў. З 417 стацыянарных гандлёвых аб’ектаў і 55 аб’ектаў грамадскага харчавання райспажыўтаварыству належаць адпаведна 94 і 23. Яно валодае большасцю аб’ектаў, якія ажыццяўляюць гандаль у сельскай мясцовасці. Для спажыўкааперацыі абслугоўванне сельскага насельніцтва не заўсёды выгаднае, тым не менш пастаўскія кааператары не знімаюць з сябе гэту сацыяльную функцыю.

Для павышэння ўзроўню абслугоўвання, стварэння здаровай канкурэнцыі праводзіцца работа па адкрыцці гандлёвых аб’ектаў прыватнымі арганізацыямі і прадпрымальнікамі на плошчах, якія не выкарыстоўваюцца. З пачатку года іх адкрыта 32, у хуткім часе з’явіцца яшчэ некалькі. Вялікая ўвага надаецца якасці тавараў, якія рэалізуюцца, а таксама выкананню правілаў гандлю. Выяўленыя кантралюючымі органамі падчас праверак парушэнні ўхіляюцца ўласнікамі аб’ектаў.

З судакладамі па названым вышэй пытанні выступілі старшыня праўлення раённага спажывецкага таварыства Грыгорый Леўкавец, галоўны эканаміст філіяла «Каапнарыхт­прамгандаль» райспажыўтаварыства Таццяна Пурлан і старшыня Варапаеўскага сельскага Савета Іна Касарэўская.


Уладзімір Пенін, намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта:

Абодва разгледжаныя пытанні вельмі актуальныя для Пастаўскага раёна. На гандлі і аказанні турыстычных паслуг сёння можна нядрэнна зарабляць. Ваш раён павінен мець значна большы працэнт у экспарце турпаслуг у вобласці, чым мае зараз. Для гэтага ў вас ёсць усё неабходнае. Райвыканкаму і сельскім Саветам трэба лепш працаваць з грамадскімі арганізацыямі і па прыцягненні гуманітарнай дапамогі на Пастаўшчыну. Сюды адносяцца не толькі нейкія рэчы, але і розныя праекты, якія існуюць у медыцыне, спорце, адукацыі.


Другім на парадку дня было пытанне «Аб ходзе рэалізацыі мерапрыемстваў па развіцці турысцка-экскурсійных паслуг і аграэкатурызму Дзяржаўнай праграмы «Беларусь гасцінная» на 2016—2020 гады ў Пастаўскім раёне». Па ім дакладваў генеральны дырэктар Дзяржаўнага аб’яднання «Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна» Станіслаў Чымбург. Ён ахарактарызаваў сферу турыстычных паслуг Пастаўшчыны, назваўшы арганізацыі, якія працуюць у гэтым напрамку і якія аказваюць экспарт такіх паслуг. Расказаў пра работу Дзяржаўнага аб’яднання «Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна». Падрабязна спыніўся на развіцці аграэкатурызму ў раёне, а таксама на рэалізацыі праекта «Спартыўна-турыстычны комплекс «Азёркі», які з моманту свайго адкрыцця ў жніўні 2016 года прынёс амаль 40 тысяч рублёў прыбытку. Судакладчыкам С. У. Чымбурга стала дырэктар раённага краязнаўчага музея Таццяна Гарошка.

Па разгледжаных пытаннях прыняты шэраг рашэнняў, накіраваных на паляпшэнне гандлёвага абслугоўвання насельніцтва раёна і яшчэ большае развіццё турыстычнай індустрыі Пастаўшчыны. Вынікі сесіі падвёў старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Чэпік. Ён адзначыў, што з кожным годам да нас прыходзіць усё больш прыватных гандлёвых кампаній і райспажыўтаварыству ўсё складаней канкурыраваць з імі. «Але ў адрозненне ад канкурэнтаў вы маеце істотную перавагу — уласную перапрацоўку. Гэта хлебазавод, каўбасны, кандытарскі, квасільны і іншыя цэхі. І дадзены напрамак трэба развіваць, а мы будзем усяляк дапамагаць вам у гэтым», — звярнуўся Сяргей Васільевіч да кааператараў. І дадаў: хоць работа ў сельскай мясцовасці і стратная, абавязак спажывецкай кааперацыі — даехаць да кожнага хутара, да кожнага жыхара раёна. А каб перакрываць страты, трэба шукаць новыя формы работы, выгадныя пакупніку. Адносна развіцця ў раёне спорту і турызму было сказана, што неабходна актыўней карыстацца нашым выгадным геаграфічным становішчам: суседствам з іншымі краінамі і ўнікальнай прыродай.

Алена ШАПАВАЛАВА

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.