Папрыгажэў інтэр’ер

Главное Спорт

Дзмітрый Гедройц і Наталля Сярдзюк апрабуюць новыя трэнажоры

у гімнастычнай і трэнажорнай залах ФАКа па вуліцы Савецкай

Спачатку сваім абнаўленнем прыхільнікаў зумбы і аэробікі парадавала гімнастычная зала, а на гэтым тыдні «наваселле» справілі і аматары «жалеза» — у чацвер першых наведвальнікаў прымала трэнажорная зала фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў райцэнтры.

— Да бягучага рамонту гімнастычнай залы мы прыступілі ў маі, — расказваў генеральны дырэктар дзяржаўнага аб’яднання «Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна» Станіслаў Чымбург. — Уставілі пластыкавыя вокны, дзверы, зрабілі нацяжную столь, устанавілі новыя люстэркі, замянілі падлогу, пафарбавалі сцены. Зала значна перайначылася, папрыгажэла.

Такія ж змены адбыліся і ў «трэнажорцы». Яе рамонт быў распачаты ў жніўні і завершаны на гэтым тыдні. Новую падлогу тут упрыгожыла спартыўнае гумовае пакрыццё. Яно з’яўляецца супрацьударным, зносастойкім, траўмабяспечным, павышае якасць і ўзровень трэніроўкі. Натхняюць на актыўныя спартыўныя заняткі і яркія шэра-аранжавыя сцены. Аднак найгалоўнейшае ўпрыгажэнне залы — новыя сучасныя трэнажоры беларускай вытворчасці. Усяго набыта 15 прафесійных спартыўных станкоў маркі LegendGym. У аснове сілавых трэнажораў ляжаць уласныя праграмныя распрацоўкі завода «Белпласт», навуковыя даследаванні і перадавыя тэхналогіі, якія дазволілі стварыць бяспечнае і эфектыўнае абсталяванне. Таксама тут «прапісаліся» новенькія бегавая дарожка, вела­трэнажор, наборы гантэляў і дыскаў, стойкі для іх.

— Трэнажоры прызначаны не толькі для спартсменаў высокага класа, іх падрыхтоўкі да спаборніцтваў, але і для ўсіх пастаўчан. Любы жадаючы, ці то мужчына, ці то жанчына або падлетак, зможа падабраць трэнажорны комплекс пад сябе, — запэўнівае Станіслаў Чымбург. — Так што з нецярпеннем чакаем усіх аматараў спорту на ФАКу.

Калі вы пакуль што не маеце вопыту заняткаў у трэнажорнай зале і не ведаеце, на якім абсталяванні спыніцца, зрабіць правільны выбар дапаможа спецыяліст. Ён таксама можа напісаць асабіста для вас праграму заняткаў, а таксама праводзіць іх у якасці індывідуальнага трэнера. Апошняя паслуга пачне дзейнічаць з кастрычніка.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.