Крэатыўна і з мясцовым каларытам

Важное Культура

Дырэктар Дома рамёстваў Таццяна Петух уносіць апошнія штрыхі ў галаўны ўбор для конкурсу «Краса жніва Прыдзвіння»

28 верасня ў Верхнядзвінску адбудзецца абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла «Дажынкі-2018». Як заўсёды, разам з прадстаўнікамі іншых раёнаў Віцебшчыны ўдзел у ім прымуць пастаўчане, якія зараз рыхтуюцца да гэтага важнага мерапрыемства. Асабліва актыўная падрыхтоўка ідзе ў работнікаў культуры.

— «Дажынкі» — гэта не проста падвядзенне вынікаў сельскагаспадарчага года. Гэта маляўнічае свята з культурна-адукацыйнай, забаўляльнай праграмай. І сёлета яно абяцае быць як ніколі маштабным, з вялікай колькасцю конкурсаў, іншых мерапрыемстваў, якія раней не праводзіліся, — гаварыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Чаплінская. — У адпаведнасці з абласным планам, мы распрацавалі свой рабочы план па падрыхтоўцы і ўдзелу ў фестывалі-кірмашы, неаднойчы збіраліся і абмяркоўвалі нашы творчыя ідэі. У адрозненне ад мінулых гадоў на гэты раз вырашылі асучасніць пакладзеныя ў аснову ўсіх конкурсаў народныя традыцыі, узбагаціць іх мясцовым матэрыялам, зрабіць больш папулярнымі.

Так, у традыцыйным конкурсным праекце «Дажыначны сноп», па словах Галіны Мікалаеўны, будуць арганічна спалучацца класіка і сучасныя матывы. У жытнёвае і пшанічнае калоссе работнікі Дома рамёстваў уплятуць лён, саламяныя і штучныя кветкі, а зверху ўпрыгожаць сноп бусліным гняздом з саломкі. Не менш творча падышлі і да ідэі прыгатавання дажыначнага караваю, які вырашана прысвяціць тэматыцы Пастаўшчыны і Года малой радзімы. Нашы майстры-хлебапёкі зробяць яго ў форме карты раёна з гербам Пастаў, адметнымі геаграфічнымі аб’ектамі і тым, чым багаты наш край. Па задумцы, каравай аздобяць спечаныя з цеста кошыкі з насеннем ільну, збожжам новага ўраджаю, ягадамі, рыбай.

Метадыст па кераміцы і народным роспісе Вольга Гукава распісвае настольнік у тэхніцы «маляванка»

Для праекта «Віцебшчына ў мініяцюры» работнікі краязнаўчага музея рыхтуюць макет паляўнічага доміка часоў парфорснага палявання на Пастаўшчыне, а таксама яго крэатыўную прэзентацыю. Яна будзе ўключаць у сябе міні-выставу фота­здымкаў і малюнкаў доміка, якія захоўваюцца ў музеі, і дэманстрацыю архіўнага відэафільма пра Паставы пачатку ХХ стагоддзя. Усё гэта павінна стварыць ілюзію, што макет знаходзіцца ў музейнай зале. Яшчэ адзін конкурс — «Краса жніва Прыдзвіння» — мае на ўвазе прэзентацыю галаўнога ўбору з саломкі і стужкі з вышытай назвай рэгіёна і гербам горада. Іх вырабам займаюцца майстры «Старога млына», а дэманстраваць на фестывалі-кірмашы будзе малады спецыяліст музея Валянціна Друсь.

Увогуле, сёлета на «Дажынкі» ў Верхнядзвінск адправіцца асабліва вялікая дэлегацыя пастаўчан. Акрамя працаўнікоў палёў і ферм, кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў і прадстаўнікоў раённай улады, у абласным свяце хлебаробаў прыме ўдзел шмат работнікаў культуры і тых, хто будзе ім дапамагаць. Гэта ансамбль барабаншчыц Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза, юнакі і дзяўчаты, якія падчас урачыстага праходжання нашай дэлегацыі будуць несці каравай, кнігу «Памяць», транспарант з выявай герба і назвай раёна, а таксама флагі з сімволікай горада. З дапамогай флагаў нашы землякі збіраюцца аб’явіць усім, што Паставы рыхтуюцца да свайго 610-гадовага юбілею, які неўзабаве адзначаць. Як заўсёды, на «Дажынках» будзе працаваць і нямала работнікаў гандлю і грамадскага харчавання раёна, якім давядзецца карміць не толькі сваіх удзельнікаў фестывалю, але і шматлікіх гасцей.

Алена ШАПАВАЛАВА
Фота аўтара



1 комментарий по теме “Крэатыўна і з мясцовым каларытам

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.