Пернік турыстаў паверне?

Важное Общество

Юлія Гарбуль з пернікамі падчас фэсту Святой Ганны ў Лынтупах

Лынтупы даўно лічацца перспектыўным турыстычным напрамкам. Аднак запоўненая аўтобусамі цэнтральная плошча, “мурашнік” людзей вакол галоўных славутасцей і грашовыя дывідэнды ад усяго гэтага пакуль могуць толькі сніцца ў салодкім сне. Дапамагчы зрабіць яго рэальнасцю можа самабытны пернік, гісторыя якога налічвае больш за пяць (!) стагоддзяў.

Лынтупскі краязнаўца Алесь Гарбуль неаднойчы ўсклікае ў размове: “Гэта ж гатовы брэнд нашай мясцовасці!”  Ён упэўнены: забыты сёння пачастунак можна смела назваць духоўнай спадчынай лынтупчан. Яго добра памятае старэйшае пакаленне жыхароў. Без пернікаў не ўяўляўся ні адзін фэст Святой Ганны, які на працягу многіх вякоў ладзіцца ў мясцовай парафіі штогод напрыканцы ліпеня.

На жаль, некалькі дзесяцігоддзяў назад традыцыя выпякаць пернікі спынілася. “Сучасная моладзь ужо не ведае іх смаку і водару, а я без гэтага не ўяўляю свайго дзяцінства”, — прызнаваўся краязнаўца. І паставіў сабе за мэту аднавіць выпечку лынтупскіх пернікаў. Назбіраўшы дастаткова для гэтага звестак (правёў грунтоўнае краязнаўчае даследаванне па тэме), ён звярнуўся па дапамогу да сваёй пляменніцы Юліі. Па прафесіі яна бухгалтар з 25-гадовым стажам, па прызванні — яшчэ і таленаві­ты кулінар. Якія толькі салодкія шэдэўры яна ні стварае на сваёй кухні! “Юля, ты зможаш!” — настойліва паўтараў ёй дзядзька Алесь на працягу не аднаго месяца. Тая спачатку не згаджалася, але потым цікавасць да новай справы, тым больш такой значнай, узяла сваё.

— Добра памятаю, як я яшчэ малой дзяўчынкай бегала на фэст па такія пернікі, — успамінала Юлія — карэнная лынтупчанка, якая цяпер жыве ў Паставах. — Прадавалася іх адносна няшмат, таму прачынацца даводзілася рана. Розных “пеўнікаў” і доўгіх цукерак у бліскучых абгортках было хоць адбаўляй, а пернікі і тады былі своеасаб­лівым далікатэсам. Чаму так адбывалася, хутка зразумела сама, калі паспрабавала іх выпякаць. Колькі сіл, часу, бяссонных начэй было адда­дзена, каб “злавіць” той самы рэцэпт! Смак памятаю, водар памятаю, а ўсё нешта крыху не тое атрымлівалася. Мне нават па начах гэтыя пернікі сніліся — так блізка да сэрца прыняла дзядькаву прапанову, адчувала адказнасць, хвалявалася, каб усё атрымалася.

Упершыню “ў народ” з гэтымі самабытнымі пачастункамі Юлія пайшла на сёлетнім фестывалі “Звіняць цымбалы і гармонік”. Аднак першы блін, дакладней пернік, аказаўся камяком. Не, сам прадукт быў найвышэйшай якасці, проста публіка аднеслася да яго абыякава. Жанчына моцна не засмуцілася — усё ж такі ў пастаўчан і гасцей фестывалю такія пернікі не выклікалі ўспамінаў і настальгіі і, па сутнасці, былі звычайнымі “пячэнькамі”. Куды весялей пайшоў продаж на фэсце ў Камаях. Пра лынтупскія пернікі там памяталі нават гандляры з суседняга літоўскага Швянчоніса. Не толькі запрашалі з імі на свае мясцовыя фэсты, але і рэцэпт дапытваліся — гэта ж даўно забытая класіка!

У Лынтупах жа попыт на пернікі перавысіў усе самыя аптымістычныя прагнозы.

— Людзі падыходзілі, цікавіліся, дзякавалі, і гэта было так прыемна! — гаварыла Юлія, не хаваючы эмоцый. — Важна, што было разуменне: гэта гісторыя, штосьці намнога большае, чым салодкі сувенір. І ён, дарэчы, каштаваць танна не можа ў прынцыпе. Выкарыстоўваюцца выключна натуральныя і якасныя прадукты — той жа імбір, розныя спецыі. Адсутнічаюць усялякага роду дабаўкі, антызлёжвальнікі і іншая “хімія”. Гэта цалкам ручная праца, прычым працэс прыгатавання складаны і працаёмкі. За суткі я магу выпечы не больш за пару дзясяткаў так званых новалынтупскіх пернікаў. Плюс да ўсяго — яны маюць мінімальны тэрмін прыгоднасці — літаральна дзень-два. Таму ўсё выпякаю выключна напярэдадні свят. Ці хвалююся? Безумоўна! Крыху змянілася вільготнасць паветра на вуліцы — і пернік ужо не той. А людзі ж памятаюць сапраўдны смак! Знаёмая лынтупчанка расказвала, што на працягу ўсяго года “ваявала” з пернікам — нічога не атрымалася. Гэтым усё сказана.

Першая сур’ёзная прэзентацыя ласунку адбылася 28 ліпеня ў арт-вёсцы Каптаруны на Лынтупшчыне, дзе ўжо ў трэці раз праходзіў Міжнародны літаратурны форум з удзелам літаратараў і перакладчыкаў з Літвы, Польшчы, Германіі, Украіны і Беларусі. Сярод шматлікіх выступоўцаў быў і Алесь Гарбуль. Ён не толькі расказаў найцікавейшую гісторыю перніка, але і пачаставаў ім прысутных.

— Прэзентацыя вельмі зацікавіла гасцей, — канстатаваў Алесь Гарбуль. — Многія падыходзілі пасля яе, распытвалі падрабязней, выказвалі захапленне і словы падтрымкі. Цяпер стаіць задача папулярызаваць наш салодкі брэнд. Дарэчы, пра яго нават ёсць звесткі ў кнізе “Беларускае народнае мастацтва” (аўтар — Я. М. Сахута, год выдання — 2011, — аўт.), што толькі пацвяр­джае значнасць нашай традыцыі. Каб яе цалкам аднавіць, патрэбныя энтузіязм, творчы падыход да справы і, безумоўна, дружная каманда аднадумцаў.

Сапраўды, ёсць нямала прыкладаў таго, як паспяхова створаны брэнд, “фішка” здольныя прыцягнуць шматлікіх турыстаў, прычым не толькі беларускіх, але і замежных. Тут можна ўспомніць і вішнёвы фестываль у Глыбокім, і фэст “У госці да Лепельскага Цмока”…

Ці па зубах будзе задача раскруціць лынтупскі пернік? Як заўсёды, пакажа час.



Усю знойдзеную інфармацыю пра пернік Алесь Гарбуль выклаў у падрабязным артыкуле. Прапануем вашай увазе яго скарочаны варыянт. Ён напісаны на падставе ўласных краязнаўчых звестак аўтара, а таксама легенд і паданняў Лынтупшчыны, якія супастаўляюцца з рэальнымі гістарычнымі падзеямі. Падкрэсліваем, што гэта выключна аўтарскае бачанне таго, як маглі развівацца падзеі 5 стагоддзяў назад. Дакументальнага пацвярджэння гэтым фактам няма.

У пачатку XV ст. уладаром Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага стаў князь Жыгімонт Кейстутавіч. Ён быў вельмі жорсткім манархам і ні да кога не меў літасці. Народу надакучыла цярпець тырана, і 20 сакавіка 1440 ён быў забіты. Кола змоўшчыкаў узначальваў тагачасны ўладальнік Лынтуп Ян Доўгірд.

Новым гаспадаром княства стаў 13-гадовы польскі Вялікі князь Казімір. Ён мог пакараць смерцю не толькі самога Яна Доўгірда, але і ўсю яго сям’ю, бо ў той час забойства манарха лічылася самым вялікім злачынствам і патрабавала абавязковага пакарання. У гэтым складаным становішчы ваявода разгубіўся і не прыдумаў нічога лепшага, як закрыцца з роднымі ў сваім радавым гняздзе ў Лынтупах. Там і чакаў прысуду новага манарха.

Калі Ян Доўгірд ужо апусціў рукі, яго жонка, князёўна Ганна Доўгірд, пачала рашуча дзейнічаць, каб уратаваць сям’ю ад смяротнай небяспекі. За тры дні да прыбыцця каралевіча Казіміра ў Вільню яна правяла не адны суткі на сваёй кухні і стварыла сапраўдны кулінарны шэдэўр — адмысловы пернік, пазней названы Старалынтупскім.

У час званай вячэры ў Вільні, прысвечанай прыбыццю новага гаспадара княства, Ганна Доўгірд урачыста паднесла маладому каралевічу цэлую гару спечаных ёй пернікаў. Пакуль той з асалодай еў пачастунак, Ганна захапляльна апавядала пра жывёльнае багацце лясоў у ваколіцах іх лынтупскай рэзідэнцыі, пра паляўнічыя прыгоды вялікіх князёў Гедыміна і Вітаўта. Напрыканцы вячэры яна запрасіла новаспечанага князя на паляванне. Той быў настолькі ўражаны смакам пернікаў ды пачутымі гісторыямі, што згадзіўся без ваганняў.

Так першы лынтупскі пернік, які па-майстэрску спякла князёўна Ганна Доўгірд, выратаваў усю яе сям’ю: Вялікі князь дараваў віленскаму ваяводу ўсе правіны перад Каронай і пакінуў яго на ранейшых высокіх дзяржаўных пасадах.

У 1459 годзе ў Лынтупах быў пабудаваны першы касцёл. Андрэй Даўгірдовіч — сын Ганны і Яна Доўгірд — загадаў у памяць пра маму штогод праводзіць фэст, прысвечаны нябеснай заступніцы яго маці, Святой Ганне — бабулі Езуса Хрыста. Таксама па яго загадзе падчас такіх фэстаў у якасці святочных падарункаў раздаваліся пернікі, спечаныя па старым рэцэпце князёўны Ганны Доўгірд.

Праўда, для звычайных мясцовых жыхароў яны рабіліся прасцейшымі — без такой вялікай колькасці разнастайных усходніх прыпраў і арэхаў. Хаця асноўныя інгрэдыенты і формы Старалынтупскага перніка на працягу стагоддзяў заставаліся амаль нязменнымі.

Па мясцовых паданнях, адзінае змяненне ў традыцыйным рэцэпце гэтага ласунку ўнесла ў пачатку XVІ стагоддзя ўнучка Ганны Доўгірд Ганна Ільініч. Яна замяніла аўсяную муку на пшанічную. Хутчэй за ўсё, менавіта з гэтага часу адлічваецца гісторыя Новалынтупскага перніка, які змяніў колер з цёмнага на светлы. У такім белым, нязменным на працягу пяці стагоддзяў выглядзе, пернік дайшоў да 80-х гадоў ХХ стагоддзя.

Не забываўся мясцовымі людзьмі і старажытны рэцэпт Старалынтупскага, які разам з Новалынтупскім выпякаўся да штогадовага лынтупскага фэсту Святой Ганны. Абодва яны мелі форму сілуэтаў розных жывёл альбо геаметрычных фігур, зверху — невялікі роспіс.

Трэцяя разнавіднасць перніка была выключна ў форме сэрца і абавязкова ружовага колеру — сімвал сэрца маці (бабулі), акрываўленага ад душэўных пакут па сваіх блізкіх. Не выключана і рэлігійнае паходжанне — пернік мог уяўляць сабой сэрца самой Святой Ганны. Традыцыя яго выпечкі таксама дайшла да нашых дзён.

Іна МІКУС. Фота Сяргея ВШЫЎКАВА і Дзіны ДАНІЛОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.