Пяром удзячнасці і абавязку

Важное Культура

Уладзіслаў Лапушынскі ўручае кнігі Андрэю Яўгеньевічу Зуйкову – кандыдату сельскагаспадарчых навук, сыну былога дырэктара саўгаса «Варапаева» Яўгенія Васільевіча Зуйкова

Пад такой назвай у мінулым месяцы ў адным з мінскіх выдавецтваў выйшаў у свет 2-томнік, аўтарамі якога з’яўляюцца Аркадзь Нафрановіч і Уладзіслаў Лапушынскі. Тыдзень таму ў вялікай зале райвыканкама адбылася прэзентацыя выдання.  Удзел у яе арганізацыі прынялі райвыканкам, раённы савет ветэранаў, Пастаўскі краязнаўчы музей, члены клуба «Жывая гісторыя».

Да назначанага часу заставалася не менш чым паўгадзіны, а ў фае ўжо сабралася нямала запрошаных, пераважна ветэраны працы. Усе былі рады, што ўбачыліся. «Пазнаеш мяне?», «Памятаеш, якія ўраджаі ў нашым калгасе атрымлівалі?», «Колькі ж гадоў мы не бачыліся?», «Ты — малайчына, добра выглядаеш», «Як здароўе, дзеці, унукі?», «Як добра, што нас сабраў Лапушынскі!» — то тут, то там чуліся рэплікі.

І вось пачынаецца ўрачыстасць. Вядучая, дырэктар раённага краязнаўчага музея Таццяна Гарошка, прадастаўляе слова аднаму з аўтараў кніг. «Мы поплеч ішлі па жыцці, разам працавалі, стваралі матэрыяльныя даброты, і сёння мяне напаўняе такая вялікая радасць ад сустрэчы з вамі, што гатовы кожнага абняць і расцалаваць, — прачулена гаварыў Уладзіслаў Лапушынскі. — Многія знойдуць у гэтых кнігах і свае фота­здымкі, і радкі пра сябе, бо мы рабілі адну справу, кіраваліся агульнай ідэяй. Тры гады мы працавалі над ёй разам з Арка­дзем Нафрановічам, які і ўгаварыў мяне ўзяцца за гэтую справу. З-за сваёй вялікай занятасці я працаваў за пісьмовым сталом у асноўным толькі зімой, праседжваючы да 2-3 гадзін ночы (у агульнай колькасці ён спісаў уборыстым почыркам 100 вучнёўскіх сшыткаў — аўт.). Аркадзь Іосіфавіч прыспешваў, нібыта прадчуваючы нядобрае, непакоіўся, што могуць не паспець завяршыць сумесную працу. Так і здарылася — ён раптоўна памёр, і другую кнігу я дапісваў адзін».



Радкі з кнігі:
Я безмерно рад тому, что на всём моём жизненном пути встречались в основном люди идейные, инициативные, обладающие волевым характером, высокой мерой ответственности и с вечно полыхающим костром жизненной энергии. Во всяком деле, тем более трудном, непростом и судьбоносном, они с полной самоотдачей, верой в успех решали его, увлекая за собой других людей. И мы были счастливы, когда удавалось что-то существенное сделать в реальной жизни, чем приносили немалую пользу предприятиям, району, а стало быть, и людям».



Ужо няма на гэтым свеце і многіх герояў выдання. Іх памяць прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання, а назаўсёды яна засталася ў кнігах. На прэзентацыі прысутнічалі родныя тых, хто не дажыў да гэтага дня, — жонкі, дзеці, унукі, і мала хто ўстрымаўся ад слёз.

Некаторыя пастаўчане ўжо прачыталі кнігі. «Столькі напісаць — вялізная праца, — адзначыла Ала Кейзік. — Працаві­тасці Уладзіславу не пазычаць, а яшчэ ў яго фенаменальная памяць, багаты дамашні архіў. Асабліва каштоўныя выданні для старэйшага пакалення. Яны ахопліваюць гістарычны перыяд раёна, пачынаючы з пасляваеннага часу і да сённяшніх дзён». «Уладзіслаў зрабіў найвялікшую справу — сваімі кнігамі паставіў помнік нашай роднай вёсачцы Валожына, — гаварыў яго стрыечны брат Віталій Лапушынскі, — і я ганаруся ім. А як праўдзіва ён расказаў пра тагачасны старшынёўскі корпус! Няхай людзі памятаюць тых, хто цалкам аддаваў сябе працы». Ніна Дронжык падкрэсліла сімвалічнасць таго, што кнігі выдадзены ў Год малой радзімы, якую аўтар так любіць і праслаўляе. Яны з’яўляюцца справядлівым расказчыкам, багата ілюстраваныя, лёгка чытаюцца. Жыццё сям’і, роду, раёна паказваецца неадрыўна ад жыцця краіны. А Уладзімір Ма­гільніцкі нават падлічыў, колькі фотаздымкаў змешчана на 910 старонках двухтомніка —741! І выказаў надзею, што гэтыя дзве кнігі — толькі старт Уладзіслава Лапушынскага, пажадаў яму далейшай творчасці.



Аркадзь Нафрановіч
Вядомы не толькі на Пастаўшчыне, але і далёка за яе межамі празаік і паэт. З’яўляўся членам Саюза беларускіх пісьменнікаў, удастоены лі­таратурнай прэміі імя Ула­дзіміра Караткевіча. Працаваў настаўнікам геаграфіі, гісторыі, музыкі і спеваў у школах Мядзельскага і Пастаўскага раёнаў. Выдаў дзевяць кніг прозы і паэзіі. Аўтар слоў гімна горада Паставы.


Уладзіслаў Лапушынскі
Працаваў у гаспадарчых, партыйных і савецкіх органах, быў старшынёй калгаса «Ленінскі шлях», другім сакратаром Пастаўскага райкама партыі. Пасля развалу СССР і да гэтага часу працуе ў прыватным сектары эканомікі. Узнагароджаны  ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, пяццю медалямі, шматлікімі граматамі і дыпломамі.



Старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто падзякаваў аўтару за прапаганду памяці мінулых дзесяцігоддзяў, нагадаў, што ў гісторыі Пастаўшчыны былі розныя перыяды — як узлётаў, так і падзенняў, запэўніў прысутных, што зараз дасягненні раёна прымнажаюцца. Старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Літвіновіч выказала захапленне тым, як аўтару ўдалося сабраць для напісання кніг так шмат матэрыялу, і падтрымала меркаванне папярэдніх выступоўцаў аб іх вялікай каштоўнасці як для старэйшага пакалення, так і для моладзі. Дарэчы, і ў кнізе ёсць такія радкі: «Хацелася б, каб маладое пакаленне было дастойнае сваіх продкаў і не забывала мінулае, часцей вярталася да яго, бо без яго вывучэння, без яго глыбокага пазнання вы не можаце прадбачыць будучае». А ў 2-томніку шмат расказваецца не толькі пра самога аўтара, яго сям’ю і родных, але і пра саўгас «Варапаева», калгас «Ле­нінскі шлях», райкам партыі, вытворчыя і грамадскія справы ў тыя гады на Пастаўшчыне.

Напрыканцы мерапрыемства Уладзіслаў Уладзіміравіч падарыў кожнаму з прысутных — а гэта больш за сотню чалавек — двухтомнік, прычым з цёплымі адраснымі надпісамі. І для кожнага знайшоў цёплыя словы пры ўручэнні. Атрымала такі нечаканы і памятны падарунак і я і не змагла адарвацца ад кніг, пакуль не прачытала іх да апошняй старонкі. Чытаць было тым больш цікава, бо даўно ведаю і самога аўтара, і яго сям’ю, пазнавала ў тэксце і на фотаздымках амаль усіх герояў, бачыла вытрымкі з некаторых ранейшых публікацый у нашай райгазеце. А яшчэ ўспамінала, як пры сустрэчах Уладзіслаў Уладзіміравіч расказваў пра пакуты творчасці, нялёгкія зносіны з выдавецтвам, мноства клопатаў. На выданне кніг аўтарам панесены і немалыя выдаткі. А тыраж — усяго 200 экзэмпляраў, і ў продаж гэтыя кнігі не паступяць — толькі ў падарунак — іх героям, раённаму краязнаўчаму музею, раённай бібліятэцы, іншым установам. Хіба не годны ўчынак у Год малой радзімы?              

 Фаіна Касаткіна
Фота Антона Чаляя



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.