Права на адукацыю маюць усе

Важное Образование

1 верасня — традыцыйны Дзень ведаў, пачатак заняткаў не толькі ва ўстановах адукацыі, але і старт адукацыйнага працэса для людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Напярэдадні навучальнага года ў Дунілавіцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў завіталі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Седзюкевіч і  дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзіяна Пякарская, яна ж старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў. Дзіяна Іванаўна прывезла ў падарунак гульні для развіцця, кнігі, сшыткі. Да дабрачыннай акцыі далучылася і старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага таварыства Чырвонага Крыжа Таццяна Шахава.

— Штогод наш галіновы прафсаюз напярэдадні навучальнага года падтрымлівае марафон дабра і актыўна дапамагае ў падрыхтоўцы да школы мнага­дзетным, малазабяспечаным сем’ям, а таксама тым, якія выхоўваюць дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, — гаварыла Дзіяна Пякарская. — Не абмінаем увагай і Дунілавіцкі дом-інтэрнат, у якім трэці год па ініцыятыве міжнароднага грамадскага аб’яднання “Голас сэрца”, пры фінансавай падтрымцы Фонду дэмакратыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый рэалізуецца праект “Беларусь на шляху дэінстытуалізацыі. Стварэнне адукацыйнай прасторы для людзей (18+) з інтэлектуальнымі захворваннямі”.

Тут ёсць спецыяльна абсталяваны клас. У ім дарослыя з адхіленнямі ў псіхічным развіцці вучацца не толькі пісаць, чытаць, лічыць, але і засвойваюць бытавыя навыкі, пазнаюць свет. Раней такім людзям ставілі дыягназ “необучаемый”, сёння кажуць пра тое, што да кожнага трэба знайсці індывідуальны падыход.

— Многія садзяцца за парту, не маючы элементарных школьных ведаў, — гаварыў дырэктар дома-інтэрната Павел Паўловіч. — А да завяршэння навучальнага года нехта чытае па складах, а нехта і бегла, выконваюць простыя матэматычныя дзеянні, ведаюць асновы камп’ютарнай граматнасці і мастацка-творчай дзейнасці. Навучанне ўключае ў сябе трэнінгі па адпрацоўцы навыкаў адэкватных паводзін у розных жыццёвых сітуацыях і бытавой самастойнасці. У гэтым навучальным годзе вучобу прадоўжаць 25 чалавек.

Праект накіраваны на стварэнне сацыяльнага механізму, які дазваляе людзям з інтэлектуальнымі захворваннямі падрыхтавацца да самастойнага жыцця ў грамадстве. Безумоўна, працэс сацыялізацыі такіх грамадзян даволі складаны, але першыя крокі на гэтым шляху паказваюць, што ён прыносіць пэўныя вынікі. У Дунілавіцкім доме-інтэрнаце з’явіліся прэтэндэнты на аднаўленне дзеяздольнасці і далейшае самастойнае пражыванне.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.