Рулон пачынаецца з «лялькі»

Важное Сельское хозяйство

 Сяргей Адамовіч, Ігар Аношка, Аляксандр Пятроў, Сяргей Сту­дзянкоў, Віталій Лысёнак з Анатолем Ядзевічам (у цэнтры)

Мінула паўтара месяца, як на першых выцерабленых палях разасланы роўнымі стужкамі лён, практычна вылежаўся. Пад жнівеньскімі росамі ён змяніў жоўты колер на шэры, яго абмылі дажджы, прасушыла цёплае сонейка.  На мінулым тыдні механізатары льнозавода Уладзімір Зарэцкі і Віктар Субач прыступілі да чарговай тэхналагічнай аперацыі — абарочвання льняной саломкі для раўнамернай яе вылежкі. Гэта работа праве­дзена на 439 гектарах. На 628 гектарах траста прыўзнята спецыяльнымі ўспушвальнікамі, бо за месяц пасцелены лён прыбіў­ся дажджамі да зямлі, месцамі над ім нават паднялася трава. Стужкі даўгунцу для далейшага закручвання ў прэсы рыхтуць Ігар Бужэра, Мікалай Цвяткоў і Леанід Мацук, які прысланы з раённага спажывецкага таварыства. Праз  паўтары-дзве гадзіны пасля іх у справу ўключаюцца або Валерый Пупкевіч і Андрэй Скрыдлеўскі на самаходных прэсах, або Ігар Аношка, Аляксандр Пятроў, Віталій Лысёнак, Сяргей Адамовіч, Сяргей Студзянкоў на прэс-падборшчыках.

У мінулую пятніцу на льняным полі за Грыдзькамі працавала менавіта гэта звяно. З намеснікам дырэктара Анатолем Ядзевічам прыпынілі механізатараў. Трое з іх прыкамандзіраваныя на льнозавод: Віталій Лысёнак — з лясгаса, Сяргей Адамовіч — з Варапаеўскай дыстанцыі пуці, Аляксандр Шамовіч — з ДЭУ-33.

— Самы высокі тэмп у дарожніка, — расказваў Анатолій Баляслававіч. — А вось для фота­здымка ўгаварыць Аляксандра — праблема. Большасць механізатараў маюць вопыт работы на ўборцы льну, некаторыя ўпраўляюць прэсамі ўпершыню. Але справа ладзіцца.

— Гэта на першы погляд здаецца, што ўсё проста: сядзі ў трактары і рулонь трасту, — гаварыў Ігар Аношка, які на льнозаводзе працуе першы год. — Але ад нашай акуратнасці і адказнасці ў немалой ступені залежыць канчатковы поспех. Галоўнае — скруціць “ляльку” — гэта значыць, у пачатку зарулоньвання прасачыць, каб траста лягла ў адным напрамку: галоўка да галоўкі, карані да каранёў. Прасаванне ў нейкай ступені раўназначна сарціроўцы, якую некалі рабілі ўручную. Калі “лялька” сфарміруецца правільна, тады і на лініі рабочым будзе лягчэй. Сухая траста круціцца прасцей, з сырой — складаней.

За змену механізатары накручваюць прыкладна па 50-80 рулонаў. Усё залежыць ад якасці льну. Сёлета з-за засухі ён на многіх палетках нізкарослы. Рулоны адразу імкнуцца звезці ў шохі. Збірае іх па полі Дзмітрый Кузняцоў, складзіруе ў адным месцы, а пазней загружае ў машыну. На адвозцы заняты Міхаіл Мацеша. У яго машыну змяшчаюцца 40 рулонаў.  Калі траста падыдзе больш масава, тэхнікі на палях прыбавіцца.

Тэхнічныя магчымасці завода дазваляюць цалкам механізаваць уборку трасты са сцелішчаў і звезці яе ў шохі для далейшай перапрацоўкі. Адзінай перашкодай можа стаць дажджлі­вае надвор’е.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.