Школа будучых кіраўнікоў

Важное Общество

Вольга Мышко была першым сакратаром Пастаўскага райкама камсамола з 1975 па 1978 год. Напярэдадні векавога юбілею галоўнай маладзёжнай арганізацыі Камуністычнай партыі Савецкага Саюза карэспандэнт «Пастаўскага краю» Анна Анішкевіч папрасіла Вольгу Казіміраўну ўспомніць тыя гады:

Спачатку крыху пра сябе. Родам я з Дунілавіч. Вучылася ў мясцовай школе, была сакратаром вучнёўскай камсамольскай арганізацыі. Пасля выпускнога падала дакументы ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсі­тэт імя Пушкіна на географа-біяла­гічны факультэт. Але для паступлення не хапіла аднаго бала. Вярнулася дадому, і мне прапанавалі загадваць Свіднаўскай бібліятэкай. Мы ладзілі розныя культурныя мерапрыемствы. Колькі моладзі тады збіралася вечарамі! А праз некалькі месяцаў мяне перавялі ў Дуніла­віцкую бібліятэку. Паступіла на завочнае аддзяленне ў Мінскі педінстытут імя Горкага на бібліятэчны факультэт, узначальвала камсамольскую арганізацыю калгаса «Светлы шлях», якая налічвала амаль 100 чалавек. Перад атрыманнем дыплома першы сакратар райкама камсамола Таццяна Шпілеўская прапанавала пайсці загадчыцай сектара ўліку райкама камсамола. Праз два гады мяне абралі другім сакратаром, яшчэ праз паўгода — першым.

Камсамол быў унікальнай школай, якую прайшло не адно пакаленне савецкай моладзі. Праз тры гады мяне накіравалі на вучобу ў Вышэйшую партыйную школу ў Мінску. А пасля назначылі загадчыцай арганізацыйнага аддзела Пастаўскага райкама партыі. Праз два гады перавялі ў Віцебскі абкам партыі інструктарам аддзела арганізацыйна-партыйнай работы, праз год выбралі сакратаром Лёзненскага РК КПБ. Пазней там жа была другім, а затым і першым сакратаром, пасля развалу Саюза — намеснікам старшыні Лёзненскага райвыканкама. У Лёзне мяне пастаян-на цягнула на радзіму. У 2001 годзе перавялася ў Пастаўскі райвыканкам на пасаду кіраўніка спраў, дзе і адпрацавала да выхаду на заслужаны адпачынак.

Камсамол стаў для многіх адной з прыступак кар’ернай лесвіцы. На адказныя пасады назначаліся менавіта сакратары камсамольскіх арганізацый. Цані­ліся ініцыятыўнасць, мэтанакіраванасць, уменне весці за сабой моладзь. Тыя сакратары камсамольскіх арганізацый, на якіх я абапі­ралася ў рабоце як першы сакратар РК ЛКСМБ, пазней сталі кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый. Так, Леанід Іванін узначаліў Варапаеўскі дрэваапрацоўчы камбінат, Аляксандр Мухля і Часлаў Літвіновіч у розныя гады — калгас «Сцяг Перамогі», Аляксандр Койра быў намеснікам старшыні калгаса ў Палессі, Мечыслаў Малафееў — сакратаром райкама партыі, Віктар Арэхаў — старшынёй раённага Савета дэпутатаў, Анатолій Шашкель — галоўным урачом цэнтральнай райбальніцы, Еўдакія Скіндар — дырэтарам «Каапнарыхтпрамгандлю». Яны былі, як тады казалі, у авангардзе рабочых мас, сваёй працай паказвалі прыклад іншым.

А камсамольцаў у раёне было амаль пяць тысяч. Яны працавалі на розных участках вытворчасці, актыўна ўдзельнічалі ў разнастайных мерапрыемствах, конкурсах. Праводзіліся спаборніцтвы паміж вытворчымі ўчасткамі, фермамі. Кожны імкнуўся дабіцца найвышэйшых вынікаў. Лепшымі па прафесіі на абласным узроўні ў 1976-1977 гадах прызнаваліся повар Іна Лашчотка, афіцыянтка Раіса Маісеева, кандытар Марына Варабей, токар Леанід Каіка, слесар Віктар Бальшакоў. Маладыя механізатары-камсамольцы Пётр Сі­даровіч з Кураполля, Ва­сілій Дзеравянка з Юнек і Пётр Гваздоў з Лучая былі ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, жывёлавод Леанід Бобін з Дунілавіч — медалём «За працоўныя заслугі».

158 членаў ВЛКСМ былі выбраны дэпутатамі мясцовых Саветаў, Наталля Рамановіч, Ганна Кішко, Аляксандр Гарбуль — абласнога. Пастаўшчыну на XVII з’ездзе ВЛКСМ прадстаўляў перадавы камбайнер з Коўзанаў Півус Лешчык.

А як не ўспомніць кліч «Дзяўчаты, на трактар!». Механізатарскіх кадраў у раёне не хапала, асабліва  падчас палявых работ. І першы сакратар райкама партыі Валянціна Клачкова выступіла ініцыятарам арганізацыі курсаў для жанчын. Маладыя дзяўчаты з задавальненнем авалодвалі механізатарскай прафесіяй, многія потым вызначаліся на жніве, іншых работах. За актыўны ўдзел моладзі ў тэх­нічным усенавучы камсамольская арганізацыя Пастаўскага раёна была ўзнагароджана пераходным Чырвоным сцягам ЦК ЛКСМ Беларусі і аўтамабілем УАЗ.

У мяне быў моцны актыў: другія сакратары Генадзій Кулажанка, Уладзімір Масюк, трэці — Ірына Цяляк. Актыўнымі членамі бюро райкама камсамола — Ула­дзіслаў Лапушынскі, Алег Валодзька, Ірына Касаткіна, Пётр Курыловіч, Аляксандр Антух. Ладзілі турыстычныя злёты, сустрэчы моладзі. А як цікава праходзіла свята «Пою моё Отечество, республику мою!», прысвечанае Дню моладзі! Былі нала­джаны цесныя сувязі з камсамольцамі са Швянчонскага раёна Літвы. Я сама жыла цікава і імкнулася зрабіць цікавым жыццё іншых. Да нас прыязджалі пераймаць вопыт работы.

З гадамі пражытае асэнсоўваецца з іншага пункту погляду. Праца ў камсамоле многаму навучыла. Мудрасць, талент кіраўніка пераймала ад першага сакратара райкама партыі Валянціны Аляксееўны Клачковай. З яе дапамогай вырашала многія пытанні, звязаныя з камсамольскай дзейнасцю. Пераглядваю фотаздымкі тых часоў і думаю: як добра, што ў маім жыцці быў камсамол — арганізацыя, якая не проста нас аб’ядноўвала, але і давала магчымаць кожнаму раскрыць сябе, адчуць сваю запатрабаванасць і значнасць.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.