Што ж вы, мамы, робіце?

Важное Общество

Каля дзвюх гадзін ночы ў дзяжурную часць аддзела міліцыі паступіў званок, што па вуліцы Юбілейнай у райцэнтры бегаюць дзве малыя дзяўчынкі, плачуць і шукаюць маму…

Міліцыянеры адразу ж выехалі на месца, да іх далучылася намеснік старшыні камі­сіі па справах непаўналетніх райвыканкама Марына Паўлаўна Нагановіч, мабільны тэлефон якой даступны ў любы час сутак. Супакоілі дзяцей (адной дзяўчынцы пяць гадоў, другой — чатыры), прывялі іх у кватэру. Яна аказалася незамкнёнай, нікога з дарослых дома не было. Пакінулі запіску з нумарам тэлефона і заняліся ўладкаваннем малых — адвезлі іх у сацыяльны прытулак.

Уяўляеце, які стрэс перажылі дзеці? А іх маці той ноччу было весела: паклаўшы спаць дачок, яна адправілася ў кафэ “Церамок”. І хоць яно працуе да дзвюх гадзін, але і да трох, пакуль у кватэры знаходзіліся прадстаўнікі міліцыі і камісіі, дадому не з’явілася. Назаўтра а палове дзясятай гадзіны раніцы па ўказаным тэлефоне пазваніла бабуля малых, а маці прыйшла да іх у прытулак толькі праз дзень. Жанчыне 25 гадоў. Нідзе не працуе. У дачыненні да старэйшай дзяўчынкі лічыцца адзінокай маці, у малодшай афіцыйна тата ёсць, але ён жыве ў іншай краіне. Такім чынам, адказнасць за дзяцей цалкам ляжыць на маці, ды яна, відаць, не разумее гэтага. Два месяцы назад забрала меншае дзіця і знікла з ім з дому. Праз некалькі дзён аб’явілася, але ў стане алкагольнага ап’янення. Трэба сказаць, што дзяцей заўсёды апякалі бабуля і малодшая сястра іх мамы. Яны ўсе разам жылі ў адной кватэры. Зараз бабуля жыве асобна, сястра ў тую ноч была на рабоце. Ну а маці пайшла забаўляцца…

Камісія па справах непаўналетніх прыняла рашэнне адабраць дзяцей у маці, якая пакінула іх у небяспецы, і на шэсць месяцаў змясціць іх у сацыяльны прытулак. Калі жанчына за гэты час уладкуецца на працу, перастане злоўжываць спірт­ным, прыме ўсе меры да таго, каб вярнуць дзяцей, гэта будзе зроблена. На жаль, пакуль асаблівага яе рвення да гэтага не заўважана. Замест таго, каб адразу ж пасля пасяджэння камісіі па справах непаўналетніх пайсці ўладкоўвацца на працу, яна некалькі дзён піла.

Ёсць і такія выпадкі, калі бацькі выпраўляюцца, ім вяртаюць з прытулку дзяцей, а неўзабаве яны зноў бяруцца за старое. У мінулым месяцы камісіяй было прынята рашэнне аб паўторным адабранні ў маці шасцігадовага дзіцяці. Сітуацыя ў сям’і (дзяўчынка жыла з мамай, бабуляй і бабуліным сужыцелем) стала яшчэ горшай, чым перад першым адабраннем. Тройчы было засведчана знаходжанне маці ў нецвярозым стане. У кватэры паўнейшая антысанітарыя. Дзяўчынка брудная, неахайна апранутая, у яе педыкулёз і экзэма на галаве. Пасля лячэння ў бальніцы змешчана ў сацыяльны прытулак.

А вось яшчэ адна маці, якая жыве ў вёсцы і працуе ў сельгаспрадпрыемстве. У яе трое дзяцей: 2006-га, 2011-га і 2014-га гадоў нараджэння, з іх бацькам у разводзе. У снежні 2016-га дзеці былі прызнаны маючымі патрэбу ў абароне дзяржавы, адабраны ў маці і змешчаны ў прытулак. Пасля чаго, яна, здавалася, узялася за розум: уладкавалася на працу, забыла пра спіртное, навяла парадак. У чэрвені 2017-га малых вярнулі маці. Але іх радасць была нядоўгай: маці зноў стала піць з сужыцелем, не выходзіла на працу. Карціна, якую нядаўна ўбачылі ў яе хаце прадстаўнікі РАУС і камісіі, тыповая для падобных сем’яў: пустыя бутэлькі з-пад алкагольных напіткаў, акуркі, бруднае, скінутае ў кучу адзенне, нямыты посуд, незасланыя ложкі. І сярод усяго гэтага беспарадку — дзеці. У першы прыезд маці не засталі — паспела схавацца. У той жа дзень прыехалі позна вечарам. Зноў хавалася, але яе знайшлі на гарышчы сярод пустых бутэлек і рознага рыззя. Назаўтра адправілі ў псіхіятрычную бальніцу ў Слабодцы на прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Дзяцей часова перадалі дзядулі і бабулі. Неўзабаве яны трапяць у прытулак. Прычым спадзявацца на тое, што будуць вернуты маці, не прыходзіцца, бо, у адпаведнасці з заканадаўствам, пры паўторным адабранні афармляюцца дакументы ў суд на ўзбуджэнне справы па пазбаўленні бацькоўскіх правоў. Што чакае маленькіх заложнікаў мамінай разбэшчанасці?

Ёсць і станоўчыя прыклады, калі бацькі, усвядоміўшы, што страцілі, карэнным чынам мяняюць свае паводзіны, робяць усё для таго, каб вярнуць дзетак, і, калі гэта адбываецца, па-сапраўднаму даражаць імі і ў далейшым ладзяць жыццё сям’і так, як належыць. Прычым кожную сям’ю і падчас знаходжання дзяцей у прытулку (а гэта шэсць месяцаў), і пасля іх вяртання суправаджае дапамога многіх суб’ектаў прафілактыкі: устаноў адукацыі і медыцыны, сацыяльнай службы, арганізацый, дзе працуюць бацькі, міліцыі, грамадскіх аб’яднанняў і інш. Ніхто не зацікаўлены ў тым, каб дзеці заставаліся ў дзяржаўных установах. Усім зразумела, што, як бы добра там ні было, а хлопчыкі і дзяўчынкі ўсё роўна мараць пра дом, маму і тату. Хіба не кашчунства, калі яны сваімі паводзінамі пазбаўляюць сы­ноў і дачушак гэтага шчасця?

Фаіна Касаткіна
Фота прадастаўлены М. Нагановіч


Марына НАГАНОВІЧ, адказны сакратар камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама:

Сітуацыя з нядобранадзейнасцю ў сем’ях трывожная. З пачатку года ў сацыяльны прытулак у раёне змяшчалася 31 дзіця з 18 сем’яў. Зараз у ім знахо­дзяцца 14 дзяцей. 6 бацькоў прыгаворам суда пазбаўлены бацькоўскіх правоў у адносінах 8 дзяцей. На 1 жніўня 128 дзяцей прызнаны, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Асабліва трывожна за паводзіны некаторых маці, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі, не жадаюць працаваць, вядуць разгульны лад жыцця.

Па сутнасці, жанчына вырашае, колькі і ад каго ёй нараджаць дзяцей, і павінна ў першую чаргу разлічваць на свае сілы і магчымасці. На ёй ляжыць найбольшая адказнасць за іх лёс.

Разам з тым вельмі важная і падтрымка родных, не толькі матэрыяльная, але і маральная. Не павінны заставацца абыякавымі суседзі, знаёмыя, калегі. Трэба біць трывогу пры першых праявах сямейнай нядобранадзейнасці і не дапускаць, каб яна перарасла ў жыццёвыя драмы, а то і трагедыі. Гэта магчыма, калі аб’яднаем намаганні.