Спартыўны азарт, цудоўны настрой і сонечнае надвор’е

Важное Общество Спорт

спадарожнічалі правядзенню раённай спартакіяды сярод прадстаўнікоў добраахвотных дружын

Традыцыйныя спаборніцтвы сярод памочнікаў міліцыянераў і пагранічнікаў сабралі 21 верасня на стадыёне фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў райцэнтры 9 каманд-удзельніц. У іх склад увайшлі прадстаўнікі Варапаеўскага, Курапольскага, Валкоўскага і Юнькаўскага сельскіх Саветаў, ДЭУ-33, УП ЖКГ, дзяржаўнага каледжа, лясгаса і завода «Беліт».

Падчас урачыстага пастраення з прывітальным словам да іх звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў:

— Шчыра дзякую за тую істотную і добрасумленную дапамогу, якую вы аказваеце сілавым структурам раёна. Кожны з вас з’яўляецца прыкладам сапраўднага чалавека, грамадзяніна, патрыёта, — гаварыў. — І сёння ў чарговы раз прадэманструеце ўзровень сваёй фізічнай падрыхтоўкі. А тое, што ён высокі, мы ніколькі не сумняваемся. Жадаю добрых вынікаў, цудоўнага настрою, а перамога няхай дастанецца наймацнейшай камандзе.

Да яго слоў далучыўся намеснік начальніка аддзела аховы грамадскага парадку і прафі­лактыкі РАУС Алег Ігнатовіч. Ён падкрэсліў, што дружыннікі ў значнай ступені спрыяюць выкананню задач, якія стаяць перад сілавікамі, пажадаў усім паспяховых стартаў.

Прадстаўленне ўдзельнікаў, азнаямленне з умовамі спартакіяды, узняцце капітанамі каманд Дзяржаўнага флага краіны, жараб’ёўка, 10-хвілінная размінка — і напружаная барацьба за прызавыя месцы пачалася. За ёй пільна сачылі арганізатары спаборніцтваў. Сёлета імі выступілі аддзелы ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і ўнутраных спраў райвыканкама, дзяржаўнае аб’яднанне «Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна», пагранічная камендатура «Паставы», раённая арганізацыя РГА «Белая Русь» і раённая арганізацыйная структура ДТСААФ.

Ужо стала звыклым, што за званне найлепшых дружыннікаў спрачаюцца фізічна моцныя маладыя мужчыны. Таму адзіная ўдзельніца спартыўных стартаў не магла не звярнуць на сябе ўвагі. Ёй аказалася настаўніца фізічнай культуры і здароўя Варапаеўскай СШ Наталля Юрэвіч. Жанчына прызналася, што прымае ўдзел у многіх спартыўных спаборніцтвах, таму ў крыўду сябе не дасць. Што выдатна і прадэманстравала падчас спартакіяды.

Спаборніцтвы складаліся са спартыўна-прыкладнога мнагаборства, якое ўключала бег на 100 метраў, кіданне гранаты і комплекс сілавых практыкаванняў; спецыяльнай падрыхтоўкі (тэарэтычных пытанняў па прававой і медыка-санітарнай падрыхтоўцы); стральбы з пнеўматычнай вінтоўкі; дартса; перацягвання каната. Пераможцы вызначаліся ў кожным відзе.

Першае месца па спартыўна-прыкладным мнагаборстве заняла каманда Валкоўскай добраахвотнай дружыны, на другім — лясгаса, на трэцім — Юнькаўскага сельскага Савета. У стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі і перацягванні каната не было роўных прадстаўнікам каледжа, крыху адсталі ад іх у першай дысцыпліне прадстаўнікі Валкоўскага сельскага Савета і лясгаса, у другой — дружыннікі з лясгаса і ДЭУ-33. Самай трапнай у дартсе аказалася каманда камунальнікаў, на другім месцы курапольцы, на трэцім — лясгасаўцы. Найлепшую тэарэтычную падрыхтоўку паказалі каманды Юнькаўскага сельскага Савета, УП ЖКГ і завода «Беліт».

У агульнакамандным заліку перамагла каманда жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Другое месца ў каманды лясгаса, трэцяе — Валкоўскага сельскага Савета. Усе прызёры спаборніцтваў узнагароджаны дыпломамі, а прызёры агульнакаманднага заліку — яшчэ і падарункамі ад раённай арганізацыі РГА «Белая Русь».

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.