Станоўчая тэндэнцыя ёсць, аднак атрымліваецца не ўсё

Главное Местная власть

Пытанне аб ходзе рэалізацыі мерапрыемстваў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны» разглядалася на чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта.

Пасяджэнне прайшло пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Сяргея Чэпіка. У яго рабоце прынялі ўдзел Дзмітрый Касцюк — начальнік арганізацыйна-аналітычнага ўпраўлення галоўнага ўпраўлення ДСНС і ГА Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, Дзмітрый Панцюхоў — выконваючы абавязкі начальніка ўстановы «Віцебскае абласное ўпраўленне МНС Рэспублікі Беларусь», кіраўнікі арга­нізацый раёна, старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў.

Пра выкананне патрабаванняў Дырэктывы №1 на Пастаўшчыне праінфармаваў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў. Ён адзначыў, што гэтае пытанне знахо­дзіцца на пастаянным кантролі аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, раённых службаў, усіх органаў мясцовай выканаўчай улады. Комплекс сумесных прафілактычных мерапрыемстваў, які з года ў год праводзіцца ў раёне, дазволіў умацаваць грамадскую бяспеку і дысцыпліну. Лепш за ўсё пра гэта сведчаць лічбы. Адзін з найважнейшых паказчыкаў у дадзеным выпадку — гібель людзей ад знешніх прычын. Юрый Мікалаевіч прывёў статыстыку, згодна з якой у 2016 годзе ў раёне ад знешніх прычын загінулі 50 чалавек, у 2017-м — 40, за 8 месяцаў бягучага года — 17. Разам з тым у структуры смяротнасці застаюцца высокімі такія пазі­цыі, як атручэнне алкаголем, суіцыды, гібель людзей на вытворчасці. Сёлета мабільнай групай па кантролі за бяспекай працы наведана 78 прадпрыемстваў і выяўлена каля 500 парушэнняў, 4 работнікі адхіленыя ад працы, забаронена эксплуатацыя 10 адзінак тэхнікі (вытворчае абсталяванне).

Немалаважнай праблемай у кантэксце выканання патрабаванняў Дырэктывы №1 застаецца парушэнне працоўнай і вытворчай дысцыпліны. Так,  з пачатку года ў арганізацыях раёна за гэта прыцягнуты да адказнасці 450 работнікаў, з іх за распіццё алкагольных напіткаў і знахо­джанне на працы ў нецвярозым стане спынены працоўныя адносіны з 22 чалавекамі, за прагулы звольнены 134.

Сёлета ў раёне адбылося 30 пажараў (на 14 больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года), на якіх загінулі 3 чалавекі, адзін з іх — непаўналетняя дзяўчынка. Прычына ў палове выпадкаў — уласная бестурботнасць грамадзян: неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасетак і пячнога ацяплення. У сувязі з гэтым Юрый Кісялёў падкрэсліў неабходнасць удасканаліць прафілактычную работу, якая праводзіцца з людзь­мі, і разам з гэтым павысіць адказнасць саміх грамадзян за супрацьпажарны стан свайго жылля. Таксама ён падрабязна расказаў пра даволі дзейсную практыку сумесных кантрольных рэйдаў па раёне, калі прадстаўнікі шэрага зацікаўленых структур наведваюць домаўладанні адзінокіх, састарэлых, нядобранадзейных і сацыяльна неабароненых сем’яў, а таксама сем’яў, якія выхоўваюць малалетніх дзяцей.

Што да крымінагеннай абстаноўкі ў раёне, то яна кантралюемая, аднак намеціўся рост злачыннасці, як агульнай (за 8 месяцаў 2018-га зарэгістравана 169 злачынстваў, што на 10 больш, чым за такі ж перыяд 2017 года), так і па лініі крымінальнага вышуку (111 сёлета, +17). 11 злачынных фактаў зарэгістравана па лініі эканамічнай бяспекі. Сярод іх хабар, крадзеж шляхам злоўжывання службовым становішчам, прысваенне або растрата, перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў. Беспрэцэдэнтны выпадак сёлета адбыўся ў раёне, які адносіцца да сферы нелегальнага абароту алкаголю: праваахоўнікі за адзін раз выявілі 5576 літраў брагі і самагону.

Аналізуючы сітуацыю з алкагалізацыяй насельніцтва, намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў падсумаваў:

— Мы ўсе ведаем пра небяспеку, якую ўяўляюць тыя, хто злоўжывае алкаголем. За імі, як правіла, стаяць асацыяльныя паводзіны, парушэнне правапарадку і дамашняе насілле. Лічу, што ў адносінах да гэтай катэгорыі грамадзян проста неабходна перагле­дзець падыходы ў плане прыняцця мер прымусовага характару, у тым ліку выкарыстоў­ваць механізм абмежавання іх дзеяздольнасці.

Даклад Юрыя Мікалаевіча адносна практычнай рэалізацыі Дырэктывы №1 на Пастаўшчыне дапоўнілі начальнік райаддзела па НС Аляксей Кісель і начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Гарус. Па выні­ках пасяджэння райвыканкама было прынята адпаведнае рашэнне.

Людміла ЗЕЛЯНКЕВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.