Валанцёрства становіцца трэндам

Важное Общество

Як мы паведамлялі раней, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва стаў грантаатрымальнікам германскага фонда “Памяць, адказнасць і будучыня” і міжнароднага грамадскага аб’яднання “Узаемаразуменне” ў рамках праграмы падтрымкі “Месца сустрэчы: дыялог” на суму 11690 еўра.

Сродкі пойдуць на рэалізацыю гуманітарнага праекта “Стварэнне валанцёрскага цэнтра з арганізацыяй бясплатнага пункта праката сродкаў рэабілітацыі”. З 1 сакавіка бягучага года ў гэтым напрамку вядзецца актыўная работа.

— Радуе, што валанцёрства становіцца трэндам, — расказвала каардынатар праекта дырэктар ТЦСАН Дзіяна Пякарская. — Добраахвотнікі знайшліся сярод навучэнцаў школ і каледжа, людзей пенсійнага ўзросту. Той, хто гатовы аддаць свой вольны час іншаму чалавеку, праявіць міласэрнасць, для нас — каштоўны рэсурс. У рамках праекта для пункта праката сродкаў рэабілітацыі набыты 6 інвалідных калясак, 5 хадункоў-апор, 5 ралятараў, 7 апорных кіёў, 7 мыліц з апорай пад локаць, 8 пар мыліц падпахавых, 4 масажныя накідкі на крэслы, 1 супрацьпролежневы матрац, спартыўны інвентар. Усім гэтым могуць бясплатна карыстацца былыя ахвяры нацызму, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, немабільныя і мабільныя людзі, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў, члены іх сем’яў, а таксама тыя, хто нарадзіўся да 9 мая 1945 года. Менавіта для іх і ствараўся праект. Валанцёры наведваюць гэтых людзей і імкнуцца ў дамашніх умовах палепшыць іх сацыяльны, фізічны і псіхалагічны стан, наладзіць дыялог паміж пажылымі і моладдзю.

З валанцёрамі рэгулярна праводзяцца заняткі па правілах аказання дапамогі хворым, адзі­нокім. Нядаўна на базе аддзялення дзённага знаходжання для людзей пажылога ўзросту ТЦСАН адбыліся чарговыя. Іх для навучэнцаў пагранічных класаў СШ №4, якія пажадалі стаць валанцёрамі, правялі медыцынская сястра гэтага аддзялення Наталля Літвін і адзін з партнёраў праекта — старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Таццяна Шахава (на здымках). Яны паказалі на практыцы як трэба карыстацца аромапрыборам, апаратам магнітатэрапіі, змяраць артэрыяльны ціск і іншае, далі тлумачэнні па правілах паводзін з падапечнымі.

— Людзі, якіх вы наведваеце, некалі былі маладымі, энергічнымі, актыўнымі, — гаварыла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Седзюкевіч. — Але тыя выпрабаванні, якія прыпаднесла ім вайна, перажытыя беды, хваробы і сённяшні цяжар гадоў зрабілі іх ранімымі, неўраўнаважанымі, крыўдлівымі. Ім цяжка прыняць свае нямогласць, бездапапаможнасць. Таму, ідучы да іх, набярыцеся цярпення, старайцеся зразумець іх характар і да кожнага знайсці індывідуальны падыход. Умейце іх слухаць — яны цікавыя суразмоўцы, знаходзьце дробязі, якія іх змогуць падбадзёрыць.

Падчас мерапрыемства адбыўся канцэрт мастацкай самадзейнасці, які падрыхтавалі валанцёры, наведвальнікі ад­дзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў, работнікі аддзялення дзённага знаходжання для людзей пажылога ўзросту.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ