Важна не колькі пражыць, а як

Общество

29 верасня 80-гадовы юбілей адзначае жыхар вёскі Ляхаўшчына Вайцех Антонавіч Сямашка. Ён не займаў высокіх пасад, не адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі, але жыццё былога вясковага настаўніка, які аддаў рабоце ў школе больш за чатыры дзесяцігоддзі, з’яўляецца прыкладам для маладога пакалення.

— Калі б я не ведала вашай даты нараджэння, мяркуючы па знешнім выглядзе, ніколі не сказала б, што сустракаеце такі салідны юбілей. А на які ўзрост сябе адчуваеце?

— На пенсійны. Таму што ўжо не працую. іншы раз дае пра сябе ведаць сэрца, бывае, што падскоквае ціск. Але прыслухоў­вацца да хвароб мне няма калі.

— А ці помніцца ўжо такое далёкае дзяцінства?

— Помніцца, і вельмі добра. Можа, таму, што яно было надта цяжкае. Мне споўнілася толькі 11, калі раптоўна ў 44-гадовым узросце памёр тата. Нас, дзяцей, было пяцёра, старэйшай сястры — 14 гадоў, малодшай — 12 дзён ад роду. Старэйшая мусіла адразу пакінуць школу, бо трэба было дапамагаць маці па хатняй гаспадарцы. І я ў свае 11 гадоў узяўся за касу і плуг.

— Вучобу таксама пакінулі?

— Не, з вясны да позняй восені працаваў на зямлі, а зімой хадзіў у школу. Вучоба давалася лёгка, сем класаў закончыў толькі з адной тройкай, астатнія адзнакі былі “5” і “4”. Пасля сямі­годкі мае дружбакі пайшлі працаваць у саўгас, а мяне мама, як ёй цяжка ні прыходзілася, адправіла ў 9 клас Варапаеўскай школы. Бачыла маю цягу да ведаў, марыла пра лепшы лёс для дзяцей.

— А пра што марылі падлеткам вы самі?

— Мяне прываблівала кар’ера ваеннага. Пасля года тэрміновай службы паступіў у Ніжагародскае ваеннае вучылішча сувязі, пасля заканчэння якога быў накіраваны ў Туркестанскую ваенную акругу. Даслужыўся да намесніка камандзіра воінскай часці па палітычнай частцы. Вырашыў прадоўжыць вучобу і рыхтаваўся да паступлення ў Ленінградскую ваенную акадэмію сувязі імя Будзённага. Але пры прахо­джанні медкамісіі ў мяне выявілі хваробу нырак і вынеслі вердыкт не вучыцца, а лячыцца. Ляжаў у шпіталі ў Фергане, затым — у Ташкенце. Урэшце мяне пасля 10 гадоў службы камісавалі.

— І гэта стала стрэсам?

— Так. Рушыліся планы на далейшае жыццё. На той час я ўжо быў жанаты, нарадзілася дачушка. Мелі пэўную матэрыяльную забяспечанасць, вырысоўвалася перспектыва службовага росту. А тут трэба ўсё пачынаць па-новаму. Вырашылі вярнуцца ў родныя мясціны, дзе жылі мае родныя. На шчасце, з разуменнем аднёсся да нашай сітуацыі дырэктар саўгаса “Дунілавіцкі” Аляксандр Украінец. Нам выдзелілі кватэру, мяне назначылі інжынерам па тэхніцы бяспекі, жонку — загадчыцай дзіцячага садка. Праз два гады, у 1971-м, я стаў працаваць у Ляхаўшчынскай школе. Выкладаў працоўнае навучанне і нямецкую мову, потым — фізкультуру, геаграфію. Неўзабаве настаўніцай стала і мая жонка.

— Але ж ні вы, ні яна не мелі педагагічнай адукацыі?

— Абое адначасова вучыліся завочна. Я — у Мінскім педінстытуце на гістарычным факультэце, жонка — на філалагічным Белдзяржуніверсітэта. Канешне, прыходзілася цяжка, бо на той час у сям’і было двое малых дзяцей, трымалі ўласную гаспадарку. Вельмі дапамагалі цешча і мая маці.

— Паколькі ваша Валянціна Мацвееўна філолаг, то, напэўна, уся сям’я любіць чытаць?

— Валянціна Мацвееўна — не проста філолаг, а апантаная пушкіністка. Яна не толькі дасканала ведае творчасць гэтага вялікага рускага паэта, але і знаходзіць у ёй адказ на любое жыццёвае пытанне. Немагчыма пералічыць, колькі літаратуры яна прачытала. Вельмі цікавіцца гісторыяй. Прывучылі да кніг і дзяцей. Пакуль яны былі школьнікамі, вечарамі ладзілі свое­асаблівыя сямейныя віктарыны. Чытанне пашырала кругагляд, таму вельмі шкада цяперашняе маладое пакаленне, якое аддае перавагу гаджэтам, а не кнігам.

— Кім сталі вашы дзеці?

— У нас тры дачкі, прычым малодшая нарадзілася якраз у дзень майго 45-годдзя. Старэйшая, Яўгенія, як і маці, закончыла філфак Белдзяржуніверсітэта і выкладае мову і літаратуру ў адной з мінскіх школ. Марыю і Любу прывабіла медыцына, і яны сталі медсёстрамі. Жэня і Люба жывуць у Мінску, Марыя — у Маскве. Усе маюць сем’і, у нас з Валянцінай Мацвееўнай чацвёра ўнукаў. Дзеці і ўнукі любяць прыязджаць да нас, і гэта радуе.

— Чула, што вы займаецеся пчалярствам?

— Падчас майго знаходжання ў Ташкенцкім шпіталі ваенныя медыкі параілі завесці пчол і выкарыстоўваць мёд, пропаліс у мэтах лячэння. Я так і зрабіў. Вярнуўшыся ў Ляхаўшчыну, пачынаў з двух вулляў, затым іх было на маёй пасецы да пятнаццаці. Год на год не прыходзіцца, але без мёду ніколі не бываем і дочкам па вядру даём штогод. А яшчэ мне была рэкамендавана бессалявая дыета. Дык вось, на яе перайшла і ўся сям’я. Чай мы п’ём толькі з траў, якія нарыхтоўваем самі.

— Што яшчэ дапамагае супрацьстаяць хваробам і трымаць сябе ў добрай фізічнай форме?

— Спорт і праца. Спортам займаўся заўсёды. Школьнікам захапляўся валейболам, удзельнічаў не толькі ў раённых, але і ў абласных спаборніцтвах. Падчас настаўніцтва прывіваў любоў да фізкультуры і спорту вучням, займаўся з саўгаснай моладдзю. Шмат хадзіў пехатой. Зараз — менш, але ўсё роўна стараюся рухацца. Раней мы трымалі вя­лікае падвор’е, і працы заўсёды хапала. Трэба было вучыць дачок, выдаваць іх замуж, дапамагаць набываць кватэры, а на настаўніцкія зарплаты не надта разгонішся. Цяпер такой патрэбы няма, але не сядзець жа без справы! Дарэчы, пасля наступлення пенсійнага ўзросту я яшчэ 15 гадоў працаваў у школе і 3 — у дыспетчарскай ААТ “Ляхаўшчына-агра”. Зараз займаюся толькі сваім падвор’ем — садам, агародам, пчоламі. Цэлы дзень у руху. Абзавяліся казой. Мне — дадатковы клопат, сям’і — малако, тварог, сыроватка.

— Ну а занятак для розуму і душы — шахматы. Не памыляюся?

— Яшчэ ў малодшых класах я захапіўся шашкамі і з гадамі дарос да кандыдата ў майстры спорту. А калі прадоўжыў вучобу ў Жуперскай сямігодцы, настаўнік Анатолій Лявонцьевіч Кукса прывіў любоў да шахмат. Маю І разрад, неаднаразова станавіў­ся чэмпіёнам раёна, гуляў у вышэйшай лізе, толькі летась саступіў. Прыемна, што захапіў шашкамі і шахматамі многіх сваіх вучняў. Кожны год барацьба за першынство раёна па шашках ішла паміж вучнямі пастаўскай СШ №2 і нашай, Ляхаўшчынскай. Станавіліся чэмпіёнкамі раёна Марына Вештарт, Аня Вецер, Наташа Яцына, Віка Шаршнёва, Оля Шлег, а па шахматах — Тяня Пяркоўская і Наташа Ермаковіч.

— Чым яшчэ, акрамя шахмат, цікавіцеся?

— Палітыкай, тым, што адбываецца ў нашай краіне, Расіі, ды і ва ўсім свеце. Не прамінаю тэлеперадач палітычнай накіраванасці. А вось чытаю менш, чым раней, бо вельмі стамляюцца вочы. Зараз перачытваю Караткевіча. Які шчыры беларус!

— На чым, на вашу думку, трымаецца сям’я?

— У снежні 2019-га споўніцца 55 гадоў, як мы пажаніліся з Валянцінай Мацвееўнай. Жывём у згодзе і ўзаемаразуменні. На маю думку, сем’і трымаюцца на каханні, вернасці, даверы, агульных інтарэсах, клопаце адно пра аднаго і дзяцей.

 — Што вас засмучае?

— Тое, што зараз так шмат разводаў. Многія маладыя зусім безадказна ставяцца да сям’і, улягаюць у гарэлку, а ад гэтага пакутуюць дзеці. Баліць душа за вёскі, якія адыходзяць у нябыт. Вось і наша Ляхаўшчына некалі была цэнтрам саўгаса, а зараз ні школы, ні садка, закрываюцца і клуб, бібліятэка. Хто з маладых захоча жыць у такой вёсцы?

— Вы нарадзіліся залатой восенню. А якую пару года любіце найбольш?

— Люблю кожную, за выключэннем зімы. А што да ўзросту, то галоўнае не тое, колькі гадоў чалавек пражыў на зямлі, а як пражыў, што паспеў зрабіць, які след пакінуў пасля сябе. Мне не сорамна ні за адзін свой дзень.

Гутарыла Фаіна КАСАТКІНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.