Вітамінамі на зіму забяспечаныя

Общество

Маё сцвярджэнне, што цяпер самы разгар нарыхтовак, дырэктар філіяла “Каапнарыхт-прамгандаль” Пастаўскага раённага спажывецкага таварыства Аляксандр Жук абвергнуў: “Імі наш філіял займаецца круглы год”.

— А што можна здаваць у магазіны і прыёмныя пункты?

— Закупляем больш за 20 відаў сельскагаспадарчай прадукцыі (бульбу, моркву, буракі, капусту, ягады, мёд, мяса) і другаснай сыравіны (каляровы і чорны лом, рыззё, макулатуру, шклабой і іншае). Віды прадукцыі і сыравіны мяняюцца ў залежнасці ад пары года. З наступленнем лета і восені работа, канешне ж, актывізуецца. У гэты час сілы работнікаў спажывецкай кааперацыі накіраваны на тое, каб больш закупіць прадукцыі, вырашчанай на палях і прысядзібных участках, сабранай насельніцтвам у лясах. Асноўны паказчык — колькасць закупленай прадукцыі. Спажывецкая кааперацыя абслугоўвае ў раёне 35,6 тысячы чалавек, у тым ліку 11,8 тысячы сельскага насельніцтва. На пачатак года ў раёне налічвалася 6247 землекарыстальнікаў, якія маюць падсобную гаспадарку. Гэта на 177 двароў менш, чым летась. Нарыхтоўкамі займаюцца 4 прыёмныя пункты, 90 магазінаў і 4 пазаштатныя нарыхтоўшчыкі. Прадастаўляецца транспарт для збору сельскагаспадарчай прадукцыі, другасных матэрыяльных рэсурсаў і буйной рагатай жывёлы.

— Колькі прадукцыі закуплена за 8 месяцаў?

— Толькі ў нашым раёне — на суму 828 тысяч рублёў. Тэмп росту да мінулагодняга склаў 117,1% пры агульным нарыхтоўчым абароце 2552 тысячы рублёў (тэмп росту 115,7% пры прагнозным 110%). Закуплена 142 тоны бульбы, 7,3 — мяса, 166 — агуркоў, 163 — агародніны, 371 — фруктаў, 35,3 — чарніц. Тэмпы росту па некаторых відах перавысілі мінулагоднія, па асобных — знізіліся па аб’­ектыўных прычынах. Неахвотна насельніцтва здае другасную сыравіну. Многія лічаць, што лепш бутэльку або кардон выкінуць, чым прынесці на прыёмны пункт і атрымаць за гэта грошы.

— Якія дакументы патрэбныя для таго, каб здаць прадукцыю са свайго ўчастка?

Цяпер патрабуюцца даведкі аб утрыманні ў прадукцыі нітратаў (праверыць яе можна ў ветлабараторыі або раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі) і радыенукліду цэзію (даведка платная (1 рубель), выдаецца нашым філіялам). Для здачы другаснай сыравіны ніякія дакументы не патрэбныя.

— Як фарміруюцца цэны на прадукцыю?

— Яны ўстанаўліваюцца па ўзгадненні з перапрацоўшчыкамі і зыходзячы з кан’юнктуры рынку. Спажывецкая кааперацыя — не манапаліст на рынку. Прадукцыю прымаюць і індывідуальныя прадпрымальнікі, прадпрыемствы розных форм уласнасці. У такіх умовах закупачныя цэны фарміруюццца пад уздзеяннем попыту і прапаноў, улічваецца  якасць прадукцыі.

— Дзе захоўваеце нарыхтаванае?

— Ёсць бульбасховішча на 500 тон з актыўным вентыляваннем, агароднінасховішча камернага спосабу захоўвання на 270 тон. У стабілізацыйныя фонды на міжсезонны перыяд плануем закласці 310 тон бульбы, 343 — агародніны, 15 — фруктаў. Гэта колькасць дазволіць забяспечыць неабходным уласны гандаль, закрытыя ўстановы раёна і перапрацоўку квасільна-засолачнага цэха. Закупленыя чарніцы замарозілі, 20 тон з іх адправілі на экспарт. Праз сістэму ўласнага гандлю рэалізавалі 222 тоны бульбы, 552 — агародніны, 12 тон пладоў і ягад. 305 тон агародніны перапрацавалі на месцы, 486 —  адправілі на перапрацоўку іншым арганізацыям.

— Цяпер асалоду атрымліваюць аматары “ціхага палявання”. А ці здаюць грыбы?

— Жадаючых пакуль няшмат. Закупілі толькі 400 кілаграмаў лісічак. Напэўна, усё сабранае ідзе на ўласныя патрэбы. Але нарыхтоўчы сезон прадаўжаецца. Кожны можа прыняць у ім ­удзел і забяспечыць сабе дадатковы прыбытак.

Гутарыла Анна АНІШКЕВІЧ
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.