Вось дык удача!

Важное Общество

Лынтупчанка Алена Макаранка выйграла кватэру ў Мінску

Быў самы звычайны вечар аўторка. Калі зазваніў тэлефон, Алена Міхайлаўна займалася хатнімі справамі.

— Можа быць, у вас уключаны тэлевізар, канал “АНТ”? — спытаў незнаёмы голас.

Хуценька ўключыла. І зразумела, што знаходзіцца ў прамым эфіры рэкламнай гульні “Удача ў прыдачу” ад сеткі магазінаў “Еўраопт”.

— Вы даўно ўдзельнічаеце ў розыгрышы? — такім было наступнае пытанне.

— Не вельмі. ­­— Жанчына разгубілася, але працягвала размову. — Зусім выпадкова былі ў магазіне, і нам прапанавалі згуляць.

— Я спадзяюся, вы запомнілі гэтых людзей? Ім трэба сказаць вялікае дзякуй, таму што вы… выйгралі кватэру ў Мінску! — эмацыянальна пракрычаў вядучы. І агучыў яе кошт — больш за 113 тысяч беларускіх рублёў.

Хіба ў такое можна паверыць? Канечне, не!

— Гэта розыгрыш, альбо казка, альбо цуд! — адказала Алена вядучаму. Не паверыла, нават калі той паказаў ёй ключы ад новай “аднапакаёўкі”.

У тым, што ўсё гэта не жарт, канчаткова пераканалася толь­кі праз некалькі дзён, калі разам з сям’ёй адправілася ў Мінск на ўрачыстае ўручэнне прыза. Пераступіўшы парог новенькай кватэры па вуліцы Акадэміка Карскага, не хавала свайго хвалявання. І шчасця таксама. Усе эмоцыі, дарэчы, трапілі на камеры тэлежурналістаў — здымалі прадстаўнікі 5-ці каналаў.

Розыгрыш адбыўся 18 верасня. Пачуцці “ўлягліся”, і Алена нарэшце можа гаварыць пра яго спакойна. А пачынае з таго, што ўсё выпадковае не выпадкова.

— Напярэдадні мой старэйшы сын прыйшоў з арміі ў водпуск, — успамінала яна. — І падарыў мне не букет кветак, а грашовае дрэва ў гаршочку. Яшчэ пажартаваў: яно не звычайнае, а доларавае. Мы пасмяяліся: можа, удачу прынясе. Прынесла! Ды адразу оптам!

Тую шчаслівую пакупку Алена Макаранка зрабіла ў пасёлку Нарач. Купіла самыя звычайныя рэчы — штосьці з прадуктаў, мужу станкі для галення. Купіла і забылася. Таму і розыгрыш не глядзела. Канечне, ведала, што ёй аўтаматычна пры разліку карткай прысвоіліся коды для гульні. Аднак на ўдачу зусім не спадзявалася —  сотні тысяч, а можа, і мільёны такіх кодаў ­удзельнічаюць у розыгрышы!

Як аказалася, перадачу ў той вечар глядзелі многія. Бо літаральна праз хвіліну пачалі разрывацца тэлефоны. Прыбеглі суседзі, бацькі… Віншаванні паступалі бесперапынна да апоўначы.

— Дык у колькі вы спаць пайшлі? — цікаўлюся.

— А хіба мы наогул спалі? — перапытвае Алена ў малодшага сына. — Безумоўна, усё гэта вельмі прыемна было. Шчыра кажучы, я і сама ніколі не верыла ў праўдзівасць такіх гульняў. Думала, што ўсе пераможцы падстаўныя. А цяпер, пасля такога шквалу перажытых эмоцый, абавязкова буду глядзець кожны новы розыгрыш і шчыра радавацца за кожнага пераможцу.

А гэта яшчэ трэба ўмець рабіць.

— Пасля выйгрышу давялося выслухаць такія абсурдныя версіі таго, якім чынам нам дасталася гэта кватэра. На жаль, не кожны ўмее проста парадавацца чужому поспеху. Я ў жыцці ніколі нікому не зайздрошчу. Заўсёды малюся выключна пра тое, каб усе былі жывыя і здаровыя. Напэўна, з-за прафесіі як ніхто іншы ведаю каштоўнасць чалавечага жыцця. Калі пастаянна сутыкаешся з хваробамі, трагедыямі, матэрыяльны бок адыходзіць на другі план, — адзначыла А. Макаранка, якая ўжо 25 гадоў працуе ў Лынтупах фельчарам хуткай дапамогі.

Хто будзе жыць у новай кватэры? Пакуль гэта пытанне адкрытае. Дакладна вядома адно: Алена з мужам Аляксандрам (а ён з’яўляецца старшынёй Лынтупскага сельскага Савета) пераязджаць у вялікі горад не збіраюцца.

— Я ўсім сэрцам прыкіпела да ўласнага дома, да сельскай мясцовасці ўвогуле. — гаварыла мая суразмоўца. — Так, тут шмат клопатаў: трымаем гаспадарку, садзім агарод. Але гэта тое, што мне сапраўды падабаецца. Побач, за некалькі соцень метраў, жывуць мае бацькі. Тата пайшоў на пенсію ў званні падпалкоўніка міліцыі, мама ўсё жыццё адпрацавала бухгалтарам. Яны ў многім для мяне прыклад. Гля­джу на іх і разумею, што аснова любога поспеху не ўдача, а працавітасць. Безумоўна, кватэра ў сталіцы — гэта здорава, для кагосьці з дзяцей будуць адкрыты новыя магчымасці. Аднак сёння табе шанцуе, а заўтра — не. Галоўнае, каб сыны выраслі годнымі людзь­мі, цалкам рэалізавалі сябе ў сям’і і прафесіі.  І гэта будзе галоўная ўдача ў маім жыцці.

Іна Мікус
Фота прадаставіла Алена Макаранка



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.