Вучыліся ў Берліне

Сельское хозяйство

Віктар Радзевіч, Расціслаў Хацяновіч (другі і трэці злева), Вікторыя Вартазаран і Валянціна Мацур (у верхнім радзе)

З 9 па 14 верасня галоўныя заатэхнік і ветурач ААТ «Хацілы-агра» Расціслаў Хацяновіч, Віктар Радзевіч, загадчыцы ферм «Навасёлкі» і «Коўзаны» ААТ «Навасёлкі-Лучай» Валянціна Мацур і Вікторыя Вартазаран прымалі ўдзел у рабоце Школы малочнай жывёлагадоўлі ў Берліне.

Паехаць на вучобу ў Германію прапанавалі прадстаўнікі кампаніі Alltech. Яна спецыялізуецца на распрацоўцы экалагічных навуковых рашэнняў для надзённых праблем сельскагаспадарчай і харчовай індустрыі, з’яўляецца сусветным лідарам у галіне кармлення і здароўя жывёлы. З ёй кіраўніцтва абедз­вюх гаспадарак супрацоўнічае даўно (кансультуецца, атрымлівае карысныя парады), таму і запрашэнне на вучобу прынялі з радасцю.

У Беларусі была сфарміравана група з 12 чалавек, якая 9 верасня вылецела з Мінска ў Берлін, 10-га школа распачала работу. У ёй прымалі ўдзел прадстаўнікі малочнай галіны, спецыялісты па кармленні і ветэрынарыі, кіраўнікі гаспадарак з Казахстана, Расіі і Беларусі. Асноўная ўвага была ўдзелена кармленню жывёлы ў транзітны перыяд — час пераходу каровы ад адной лактацыі да другой. Разглядаліся падыходы да вырошчвання маладняку з мэтай атрымання высокаўдойнай каровы пасля ацёлу. Абмяркоўваліся метады работы з жывёлай, тэхналогіі яе кармлення, прынцыпы і падыходы да бялковага і мінеральнага харчавання фізіялагічных груп. Перад прысутнымі выступалі еўрапейскія і ра­сійскія кансультанты.

Заняткі па тэорыі спалучаліся з практычнымі. Яны праводзіліся на дзвюх фермах. На адной з іх удзельні­кам школы было цікава даведацца пра выпрацоўку з гною біягазу, які з’яўляецца аналагам прыроднага газу і служыць палівам для атрымання розных відаў энергіі. Для гэтага выкарыстоўваюцца спецыяльныя ўстаноўкі, якія працуюць незалежна ад зне­шніх фактараў (надвор’я, сезоннасці) у кругласутачным і круглагадовым цыклах. Вытворчаць біягазу дазваляе забяспечваць уласныя патрэбы фермера ў цеплавой і электраэнергіі пры нізкім яе сабекошце.

У вольны ад заняткаў час арганізоўваліся экскурсіі па Берліне. Была магчымасць пагутарыць з калегамі з іншых краін, пераняць іх вопыт.

Анна АНІШКЕВІЧ.
Фота з асабістага архіва Вікторыі
Вартазаран



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.