Вырасла школьная сям’я

Важное Образование

Пётр Курто ўручае Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў Валянціне Пяткевіч

Колькасць навучэнцаў Навасёлкаўскай сярэдняй школы павялічылася на 39

Надзвычай хвалюючым быў сёлетні Дзень ведаў не толькі для навучэнцаў Навасёлкаўскай сярэдняй школы, але і для педагогаў. У сувязі з закрыццём Старадворскай БШ калектыў папоўніўся чатырма новымі настаўнікамі і 35 вучнямі. Кожны з іх з асаблівай трывогай пераступіў парог новай школы. 2 вучні дабавіліся з Лучая, 2 — з Муляраў (сем’і пераехалі ў ААТ «Навасёлкі-Лучай»). 13 дзетак прыйшлі ў першы клас. З іх урачыстага выхаду і пачалася лінейка. На чале з вопытным педагогам Галінай Хіло першакласнікі пад гучныя апладысменты зрабілі круг гонару і занялі сваё месца.

Марыя і Дзіяна Лібоза, Надзея Вартазаран

 У прывітальным слове дырэктар школы Валянціна Пяткевіч павіншавала ўсіх з пачаткам навучальнага года, пазнаёміла з новымі настаўнікамі і ўручыла граматы Вікторыі Буяліч і Марыі Лібоза, якія найбольш паспяхова закончылі курс базавай школы. Іх фотаздымкі, а таксама вучняў Старадворскай базавай школы Кірыла Коўзана, Дзяніса Рыхліцкага, Жэні Лук’яненкі, Антона Зямчонка, у якіх гадавыя адзнакі 8-10, папоўняць школьную Дошку гонару.

Падарункі ад «Белай Русі»

Для падвозу дзяцей на заняткі за бюджэтныя сродкі райвыканкам набыў аўтобус. 1 верасня яго вадзіцель Тадэвуш Шырневіч зрабіў першыя рэйсы: спачатку ў школу былі дастаўлены 18 вучняў 5-10 класаў, затым 17 пачаткоўцаў. Сімвалічнае ўручэнне ключоў адбылося на лінейцы. Іх дырэктар школы атрымала з рук старшыні раённага Савета дэпутатаў Пятра Курто. Ён павіншаваў настаўнікаў, навучэнцаў і іх бацькоў са святам, пажадаў поспехаў і адзначыў, што Навасёлкаўская школа ў ліку лепшых у раёне. За шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі, вялікі асабісты ўклад у падрыхтоўку школы да новага навучальнага года Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў узнагароджана дырэктар. Затым Пётр Леанідавіч уручыў першакласнікам кнігу “Беларусь — мая Радзіма” — падарунак ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а Таццяна Сарока як старшыня пярвічкі раённай арганізацыі грамадскага аб’­яднання “Белая Русь” — неабходныя школьныя прылады ад “Белай Русі”.

Затым да прысутных звярнуўся намеснік дырэктара ААТ “Навасёлкі-Лучай” Міхаіл Дайлідзёнак. Ён падзякаваў кіраўніцтву школы за цеснае супрацоўніцтва, дапамогу, якую вучні і настаўнікі аказваюць падчас правядзення сельскагаспадарчых работ, а ў якасці падарунка ўручыў музычную апаратуру. Рашэннем адміністрацыі гаспадаркі грашовымі прэміямі адзначана старанная праца на зернетаку ў час жніва сясцёр Марыі і Дзіяны Лібоза, Надзеі Вартазаран.

Права даць першы званок было прадастаўлена выпускніку Вадзіму Хомічу і першакласніцы Каці Лешчык. Ён і паклікаў вучняў за парты на першы ўрок, прысвечаны Году малой радзімы. Адзінаццацікласнікі разам з класным кіраўніком Яніяй Анкудовіч адправіліся на экскурсію па Навасёлках, дзе ўспаміналі яркія моманты дзяцінства, дзяліліся ўражаннямі. А шасцікласнікі і васьмікласнікі разам з настаўніцамі Аленай Дзевятоўскай і Таццянай Сарока пагасцявалі ў аграсядзібе “Акарына”, дзе яе гаспадар народны майстар Сяргей Шчэрба правёў майстар-клас па ганчарстве.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.