За гасціннасць

Важное Местная власть

Пастаўскі раённы выканаўчы камітэт узнагароджаны пахвальнай граматай Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь. Так адзначана работа, якая праводзілася ў раёне ў мінулым годзе па рэалізацыі праекта «Адміністрацыйны рэгіён Беларусі — арганізацыя суайчыннікаў за мяжой».

— Праект доўжыцца не адзін год, — расказвала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Чаплінская. — Ён накіраваны на развіццё кантактаў розных рэгіёнаў краіны з беларускімі суполкамі замежжа, падтрымку і папулярызацыю мерапрыемстваў па наладжванні сувязяў. Дзякуючы гэтаму развіваецца ўзаемадзеянне ў сферы адукацыі, культуры, спорту, інфармацыі, захоўваецца гісторыка-культурная спадчына народаў.

Пастаўскі раённы выканаўчы камітэт даўно супрацоўнічае з такімі гарадамі-пабрацімамі, як Швянчоніс, Рокішкіс, Купішкіс, Шырвінтас (Літва), Рэзекне, Віесітэ (Латвія), Пушкіна (Расія). Асобнай старонкай сяброўскіх стасункаў можна назваць Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік». Падчас яго на розных канцэртных пляцоўках выступаюць лепшыя калектывы, сярод якіх летась былі ансамбль беларускай песні «Лянок» Елгаўскага беларускага таварыства (Латвія), ансамбль «Гарманісты Аўкштайціі» Цэнтра культуры г. Малетай (Літва), фальклорны ансамбль «Разна» (Латвія), музычны калектыў «Эржвілка бандонія» (Літва), вакальная група «Лерхен» Цэнтра нямецкай культуры з Бабруйска, народны ансамбль танца «Аўгжземе» Цэнтра культуры г. Віестэ (Латвія), калектыў народнага танца «Йыхвікамоось» Йыхвіскай гімназіі (Эстонія).

У рамках фестывалю адбылося адкрыццё выставы «Прыцяжэнне. Памяць сэрца» нашай зямлячкі мастачкі Людмілы Курыловіч, якая цяпер жыве ў Маскве. Год назад Паставы з афіцыйным візітам наведала дэлегацыя Латвійскай Рэспублікі на чале з Надзвычайным і Паўнамоцным паслом гэтай краіны ў Беларусі Марціньшам Вірсісам. У кастрычніку ў Камаях прайшоў V Адкрыты сельскагаспадарчы конкурс «Майстры вёскі». У конкурснай праграме прынялі ўдзел маладыя сем’і нашага раёна, а таксама з латвійскіх гарадоў Рэзекне і Віесітэ.

— Мы ўмеем не толькі шчыра прымаць гасцей, але і годна прадстаўляць сябе за мяжой, — запэўніла Галіна Мікалаеўна. — Афіцыйныя дэлегацыі і творчыя калектывы нашага раёна наведалі Швянчоніс, Віесітэ, Рокішкіс, Йыхві. Сустрэчы праходзілі ў атмасферы сяброўства і ўзаемадзеяння, садзейнічалі павышэнню прэстыжу і аўтарытэту рэгіёна. Літоўцы, латышы, эстонцы цёпла віталі выступленні народных ансамбляў «Паазер’е», «Заранка», «Вітанне», «Маладзіца». Плённае супрацоўніцтва працягваецца. Наперадзе новыя сустрэчы і праекты. Пахвальная грамата за подпісам Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь Леаніда Гулякі абавязвае шукаць новыя кантакты, заахвочваць прадстаўнікоў замежжа да наведвання Пастаўшчыны.

Анна АНІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.