Залатыя рукі малой радзімы

Важное Культура

Пад такой назвай у раённым Доме культуры прайшла сустрэча з таленавітымі, Самабытнымі, адданымі сваёй справе і малой радзіме землякамі

На яе запрасілі мастака Іосіфа Атрахімовіча, рэзчыка па дрэве Віктара Шашуру, ганчара Сяргея Шчэрбу і дырэктара Дома рамёстваў “Стары млын” Таццяну Петух. У фае Дома культуры размясцілася выстава з работамі майстроў. Тыя, хто прыйшоў на мерапрыемства, з цікавасцю разглядалі карціны, розныя вырабы з дрэва і гліны, лялькі ручной работы. Спыняліся ля вырабаў наведвальнікаў аддзялення адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН.

Затым вядучая Алена Слядзеўская запрасіла ўсіх у залу. “Героі нашага вечара — людзі вядомыя, — гаварыла яна. — І, напэўна, усе вы не адзін раз бачылі іх работы. Сёння нам хацелася б пагаварыць пра больш патаемнае — карані, традыцыі і тое, без чаго не абысціся ў творчасці”.

Карціны – настрой душы

Бацькі Іосіфа Атрахімовіча пераехалі ў наш райцэнтр з Докшыц, калі яму было 7 гадоў. Цяга да алоўкаў была з дзяцінства. Вучыўся ў СШ №2.  У 9 класе паступіў на падрыхтоўчыя курсы. Адсылаў туды работы, атрымліваў на іх рэцэнзіі, падрабязна разбіраў заўвагі, улічваў іх, рабіў вывады, удасканальваўся.

Іосіф Атрахімовіч

На мастацкі факультэт Віцебскага педінстытута прыйшоў ужо часткова падрыхтаваным. Вучыцца падабалася. Курс быў моцным. Яго выпускнікі пазней сталі вядомымі мастакамі. І. К. Атрахімовіч, адслужыўшы ў арміі, вярнуўся ў Паставы. Зараз працуе ў школе мастацтваў імя Альфрэда Ромера. Многія яго вучні абралі сабе такую ж прафесію.

Іосіф Канстанцінавіч быў ініцыятарам стварэння ў нашым раёне клуба «Майстры», у ім аб’яднаў самых таленавітых.

Карціны мастака — настрой яго душы. “Калі нехта палохаецца “роспісаў” маланкі на цёмным начным небе, то да мяне ў гэты час можа прыйсці муза і натхніць на творчасць”, — адкрыў сакрэт. 

Замест баяна – разец

Віктар Шашура нарадзіўся ў музыкальнай сям’і. Бацька бачыў сына баяністам. Але яго больш вабіла гітара. Яе падарылі яму сёстры і вучылі ігры на гэтым інструменце.

Неяк убачыў, як госць, які прыехаў да суседзяў, выразае ножыкам дудачкі, самалёцікі і дорыць іншым. Захацелася паспрабаваць і самому. Атрымалася. А пазней уразіла работа токара —  дэталі, што выраблялі яго рукі. Гэту прафесію і набыў. Працаваў у сельгастэхніцы.

Віктар Шашура

Аднаго разу спадабалася ў магазіне шкатулка. Паставіў перад сабой мэту зрабіць такую. Рэч паказаў свайму начальніку. Той ацаніў: «Як з магазіна!» Гэтым і надаў Віктару ўпэўненасці ў тым, што ён мае здольнасці да разьбы па дрэве.

Пэўным штуршком для далейшай дзейнасці стала сяброўства з Юрыем Фурсам, знаёмства з Іосіфам Атрахімовічам, які і запрасіў у клуб «Майстры».

— Я разьбяр-самавучка, — гаварыў Віктар Мікалаевіч. — А ў клубе сустрэўся з Валянцінам Мельцам, Валянцінам Дзеўгуцем, за плячыма якіх мастацка-графічны факультэт і немалы вопыт. Яны ахвотна давалі адказы на мае пытанні, дзяліліся тым, што ўмеюць самі.

У 90-я гады В. Шашура зарэгістраваўся як прадпрымальнік. Яго паслугі былі запатрабаваныя пры рэстаўрацыі цэркваў, касцёлаў, якія ў той час аднаўляліся. Цяпер мае неабходныя станкі і ручны інструмент. Яго вырабы — сталы, буфеты, лаўкі, грыбочкі, птушачкі, анёлы — разляцеліся па свеце.

Робіць гліну паслухмянай

Вёска Навасёлкі стала другой радзімай для члена Беларускага Саюза майстроў Сяргея Шчэрбы. Нарадзіўся ў Оршы, захапляўся разьбой па дрэве. Закончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута і па размеркаванні прыехаў у Варапаева. У Навасёлкі завабіў Алег Адольфавіч Валодзька. Тут Сяргей Шчэрба адкрыў для сябе гліну, зрабіў першую свістульку-акарыну і паступова стаў знакамітым майстрам-ганчаром. Яго аграсядзіба «Акарына» вядомая далёка за межамі раёна.

Сяргей Шчэрба

— “Аграсядзіба” — гучыць пампезна, — гаварыў ганчар. — Гэта мой дом. Дабавілі толькі крыху самабытнасці: пячом бліны па старажытным рэцэпце ў гліна­бітнай печцы, б’ём гліну, каб яна стала паслухмянай, і лепім розныя рэчы. Мой прадзед Савелій, вырабляючы гліняны посуд, зарабляў сабе на жыццё. Для мяне праца з глінай — хобі.

Лялькі, кветкі, паясы

Таццяна Петух

Дырэктар Дома рамёстваў «Стары млын» Таццяна Петух у дзяцінстве марыла стаць ці лётчыцай, ці сцюардэсай. Аднак атмасфера, якая панавала дома, настройвала на вязанне, шыц­цё. Дзяўчынка добра малявала, любіла чарчэнне, таму і выбрала мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута. А пасля заканчэння вярнулася ў Паставы і стала кіраваць гуртком пры Доме культуры.

— Я зацікавілася рознымі відамі традыцыйнага народнага мастацтва, — расказвала. — Многаму навучылася ў Жанны Васільеўны Глабенка, Алы Аркадзьеўны Анкудовіч. Праводзіла экспедыцыі па раёне, падчас якіх адкрыла для сябе таленавітых людзей Варапаеўшчыны, Лынтупшчыны, Камайшчыны, і сама стала майстрам.

Работы Т. М. Петух прадстаўляюць Пастаўшчыну на розных выставах, кірмашах. Здаецца, няма рэчы, якую не зрабілі б залатыя рукі таленавітай майстрыхі.

Рэлакс ад творчасці

атрымліваюць наведвальнікі аддзялення дзённага знахо­джання інвалідаў ТЦСАН. Пра напрамкі яго дзейнасці расказала загадчыца Вольга Гінько, пра работу працоўнай майстэрні па вырабе сувенірнай прадукцыі — яе кіраўнік Наталля Койра.

Наталля Койра (першая злева) з Аляксандрам Дубоўскім, Віталіем Душэўскім, Вольгай Гуль і Марыяй Новікавай

— Многія з нашых падапечных надзвычай таленавітыя, — гаварыла Наталля. — Сярод іх Вольга Гуль, Віталій Душэўскі, Марыя Новікава, Аляксанд Дубоўскі. Працатэрапія для іх — лякарства для душы. Якія толькі рэчы  ні ствараюць! Частку з іх прадаём на розных выставах. Будзем рады, калі хто пажадае парадаваць сваіх родных якім-небудзь сувенірам з нашай майстэрні: букетам з цукерак, вазачкай з папяровай лазы… Наперадзе святы — Дзень настаўніка, Дзень маці. Зрабіце незвычайны падарунак. А набываючы такія вырабы, вы даяце шанс нашым падапечным ажыццявіць іх мары.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.