Дискотеки, комсомольские собрания, линейки… Это и многое другое вспомнили в открытом диалоге к 100-летию ВЛКСМ

Главное Общество

Выступае Міраслава Іванаўна Нячаева

Захоўваючы традыцыі – будуем будучыню

На такую тэму ў Лынтупскай школе адбыўся адкрыты дыялог, прымеркаваны да стогадовага юбілею Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі, які будзе адзначацца 29 кастрычніка.

Удзельнічалі ў цікавай і змястоўнай размове старшакласнікі, адміністрацыя і настаўнікі школы, члены пярвічак ГА «БРСМ» Лынтупскага сельскага Савета, пагранічнай заставы «Лынтупы», пагранічнага паста «Палессе», ветэран педагагічнай працы Міраслава Іванаўна Нячаева. Курыравала работу адкрытага дыялогу першы сакратар райкама БРСМ Вераніка Казлоўская.

Спачатку слова прадаставілі Міраславе Іванаўне. У свой час яна выкладала ў Лынтупскай школе гісторыю, была старшай піянерважатай, педагогам-арганізатарам, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Выдатна ведае, як у гэтай мясцовасці фарміраваўся і дзейнічаў камсамольскі рух.

— Першыя камсамольцы ў нас з’явіліся ў 1944 годзе, пасля вызвалення пасёлка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якое адбылося 6 ліпеня. Аднак у самым пачатку арганізацыя папулярнасцю не карысталася, у яе шэрагі ў асноўным уступалі дзеці настаўнікаў. Кардынальна сітуацыя змянілася ў 1953 годзе: амаль палова выпускнікоў школы была камсамольцамі, значная частка прыхільнікаў мала­дзёжнага руху шчыравала ў калгасе і на спіртзаводзе, — уводзі­ла ў курс справы М. І. Нячаева. — Я працавала ў школе старшай піянерважатай з 1969 па 1975 год. На той час у кожным класе дзейнічала нешта накшталт пярвічкі са сваім сакратаром і камітэтам, у склад якога ўваходзілі адказныя за вучобу, культурна-масавую работу, патрыятычнае і працоўнае выхаванне. Лідары выбіраліся шляхам галасавання, былі актыўныя, дысцыплінаваныя, добра вучыліся. Апроч гэтага, дзейнічаў камітэт камсамола школы, які аб’ядноў­ваў камсамольскіх «важакоў» з усіх класаў.

У камсамол моладзь менавіта ўступала (гэта было прэстыжна), а не зганялася прымусова. У школе дзейнічаў гурток, які маглі наведваць тыя, каму споўнілася 14 гадоў. На занятках яны вывучалі статут арганізацыі, а затым на школьным камітэце камсамола трымалі экзамен — адказвалі на пытанні аднагодкаў і старэйшых сяброў. Потым іх чакаў яшчэ адзін экзамен — у райкаме камсамола. Пры станоўчым рашэнні прэтэндэнты атрымлівалі камсамольскія білеты, пры адмоўным — так і заставаліся прэтэндэнтамі.

У аснову дзейнасці камсамольскай арганізацыі было пакладзена патрыятычнае і працоўнае выхаванне. А яго ўвасабленню ў жыццё спрыялі самыя разнастайныя формы работы. У прыватнасці, лынтупскія школь­нікі ездзілі на экскурсіі ў гарады-героі: Маскву, Ленінград, Новарасійск, Смаленск, Адэсу, Севастопаль, Кіеў, Мінск, а таксама ў Брэсцкую крэпасць-герой. Былі ў Кіжах (Карэлія), Нікалаеве (Украіна), Пушкінскіх Гарах, Хатыні, Ушачах. Усіх маршрутаў і не пералічыць. Шмат мерапрыемстваў праводзілася на базе музея баявой славы, створанага ў 1960-я гады настаўнікам гісторыі Іванам Сямёнавічам Коласавым: вялася вялікая перапіска з прадстаўнікамі 357-й стралковай дывізіі імя Суворава, якая вызваляла Лынтупы падчас Вялікай Айчыннай вайны, арганізоўваліся сустрэчы з ветэранамі. На адну з іх з Літоўскай СССР прыязджаў Герой Савецкага Саюза Браніслаў Урбанавічус. Ладзілі камсамольцы-школьнікі навагоднія агеньчыкі, піянерскія кастры, гулялі ў «Зарніцу» (падчас яе нават каталіся на БТР!), удзельнічалі ў турзлётах і іншых мерапрыемствах, рэгулярна сустракаліся з аднагодкамі са Швянчонскай СШ №2. Не менш яркіх уражанняў звязана і з выездам на сельскагаспадарчыя работы. Вясной збіралі камяні, летам палолі буракі. Таксама пры школе падчас летніх канікул дзейнічалі дзённыя і кругласутачныя працоўныя лагеры. З задавальненнем Міраслава Іванаўна ўспамінала свае школьныя гады, калі разам з адна­класнікамі ў суправаджэнні аднаго настаўніка на цэлы тыдзень адпраўлялася на ўборку бульбы. Школьнікам выдавалі сырую бараніну, якую яны самі гатавалі, самі мылі посуд і сачылі за парадкам. Спалі ў адным памяшканні на саломе. Грошай за працу ім ніхто не плаціў, але ўсе шчыравалі, як маглі, дапамагалі калгаснікам з задавальненнем.

Дыскатэкі, камсамольскія сходы, лінейкі, спаборніцтвы па зборы макулатуры і металалому, хто больш накапае бульбы, найчысцей утрымлівае класны пакой… Усё гэта было да той пары, пакуль не распаўся Савецкі Саюз. Але і тады настаўнікі не перасталі надаваць увагу выхаванню сапраўдных грамадзян: стварылі саюз актыўных, дапытлівых і дружных (САДІД), музей «Беларуская хатка», ездзілі на экскурсіі па Беларусі, рыхтавалі цікавыя мерапрыемствы. Пра гэта і іншае расказвала Міраслава Іванаўна падчас сустрэчы. Ды як! У аўдыторыі стаяла такая цішыня, нібы ішоў урок, а настаўнік расказваў новую цікавую тэму. А потым моладзь засыпала выступоўцу пытаннямі. Цікавілася, якія мерапрыемствы падабаліся хлопцам і дзяўчатам найбольш, ці былі любімыя рытуалы і г. д.

Выступленне Міраславы Іванаўны дапоўнілі педагог-арганізатар Лынтупскай школы Ірына Лешчык, пагранічнікі-ідэолагі Яўгеній Пінчук і Станіслаў Леванчук. Яны расказалі, як пабудавана работа з сучаснай моладдзю ў зоне іх адказнасці, у тым ліку і сумесная. Прыярытэт — грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню, сацыякультурнай дзейнасці, валанцёрскаму руху, папулярызацыі фізічнай культуры і спорту, папулярызацыі здаровага ладу жыцця, прафілактыцы правапарушэнняў.

Прадстаўнікі пярвічак ГА «БРСМ» пагранзаставы «Лынтупы» і пагранпаста «Палессе»

Падводзячы вынікі адкрытага дыялогу, усе сышліся на думцы, што ГА «БРСМ» па праву лічыцца пераемнікам камсамола, бо, як і ён, ставіць сваёй мэтай выхаваць сапраўдных патрыётаў, яркіх асоб, здольных прыносіць карысць грамадству, маючых актыўную пазіцыю. Умовы для рэалізацыі гэтых ідэй створаны, галоўнае, каб яны, а таксама формы ўвасаблення іх у жыццё, былі цікавыя самой моладзі.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.