Атрымалі адказы і даручэнні

Местная власть

29 верасня чарговую «прамую тэлефонную лінію» з жыхарамі Пастаўшчыны правёў старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік.

На працягу трох гадзін са сваімі праблемамі да кіраўніка раёна звярнуліся 5 чалавек. Першым, ледзь толькі стрэлка гадзінніка паказала «9», патэлефанаваў жыхар дома №13 па вуліцы Станкевіча ў райцэнтры. Мужчына скардзіўся на тое, што каналізацыйныя сцёкі перыядычна затапляюць падвал шматпавярхоўкі так, што туды немагчыма зайсці, і ад імя іншых жыльцоў прасіў дапамагчы вырашыць праблему. Следам паступіў яшчэ адзін званок з гэтага ж дома. «Нашай бя­дзе ўжо некалькі гадоў, — гаварыла на другім канцы проваду жанчына. — Куды мы толькі ні звярталіся: да дырэктара УП ЖКГ, у раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, іншыя службы, але ніхто не прымае меры».

Як аказалася, у сваёй праблеме вінаваты самі жыльцы, якія кідаюць у каналізацыю рознае смецце. У выніку яна забіваецца, і нечыстоты трапляюць у падвал. Камунальшчыкі некалькі разоў прачышчалі трубу, папярэджвалі жыхароў дома, каб не выкідвалі ва ўнітазы і ракавіны ўсё без разбору. Ды па-ранейшаму знаходзяцца тыя, хто працягвае так рабіць. На гэты раз работнікам камунальнай службы зноў давялося прачышчаць каналізацыю, а таксама размяшчаць у пад’­ездах інфармацыю аб правілах карыстання ёй.

Два наступныя звароты можна лічыць вырашанымі падчас «прамой тэлефоннай лініі». Жыхарка г.п. Варапаева скардзілася на тое, што ніяк не можа атрымаць заказаны балон з газам з-за таго, што ў час яго дастаўкі знаходзіцца на рабоце, а дома нікога няма. Ёй было сказана звярнуцца непасрэдна да дырэктара Пастаўскага раёна газазабеспячэння Мікалая Жданковіча, і балон прывязуць у зручны для заяўніцы час. Пенсіянерцы з вёскі Рудае Казлоўшчынскага сельсавета, якая прасіла пасадзейнічаць у пераворванні агарода, С. В. Чэпік паабяцаў, што гэта зробяць у бліжэйшы час, і тут жа патэлефанаваў кіраўніку ААТ «Парыж-агра».

Не застаўся без увагі старшыні райвыканкама і званок з вёскі Шкрунды Лынтупскага сельсавета. Ён тычыўся правядзення ямачнага рамонту дарогі ў населеным пункце і моста праз раку. Адпаведныя даручэнні атрымалі работнікі лясгаса і ДРБУ-132, устаноўлены тэрмін іх выканання.

Алена ШАПАВАЛАВА