Эстафету пераняў Браслаў

Общество Сельское хозяйство

Ключы ад аўтамабіля “Ніва-21214” з рук старшыні аблвыканкама Мікалая Шарснёва атрымлівае Канстанцін Гайлеўскі

У пятніцу, 28 верасня, у Верхнядзвінску прайшоў абласны фестываль-кірмаш «Дажынкі-2018».

Удзел у ім прымала і дэлегацыя нашага раёна на чале са старшынёй рай-выканкама Сяргеем Чэпікам і яго першым намеснікам Генадзіем Лютынскім. У скла­дзе дэлегацыі былі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргей Зямчонак, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, найлепшыя працаўнікі хлебнай нівы, прадстаўнікі галіновага прафсаюза, культуры.

Да гэтай падзеі горад абнавіўся і памаладзеў. Адрамантаваны і рэканструяваны каля 200 аб’ектаў, сярод якіх сярэдняя школа, дзіцячы сад, кафэ, абноўлены гарадскі сквер, набярэжная Дзвіны, дзясяткі кіламетраў дарог, адкрыты фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам і трэнажорнымі заламі, Цэнтр культуры, з’явіўся фантан. На гэта было накіравана амаль 20 мільёнаў рублёў. Ключы ад новых кватэр атрымалі 12 сем’яў.

Мерапрыемства пачалося са святочнага шэсця ўдзельнікаў фестывалю-кірмашу па вуліцах горада. На цэнтральнай плошчы адбыліся ўрачыстае адкрыццё і цырымонія ўзнагаро­джання пераможцаў спаборніцтва. Да прысутных звярнуўся старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў.

— Аграрыі Віцебскай вобласці намалацілі 756 тысяч тон збожжа, а 12 верасня першымі ў краіне выканалі дзяржаўны заказ у аб’ёме 102 тысячы тон, — гаварыў ён, падводзячы вынікі ўборачнай кампаніі. — 151 экіпаж камбайнераў перавысіў тысячны намалот. Рубеж у дзве тысячы тон пакарылі 11 экіпажаў, трохтысячны — 2. Упершыню ў гісторыі вобласці з’явіліся два экіпажы-чатырохтысячнікі: у Лепельскім і Аршанскім раёнах. Гэтыя працоўныя дасягненні — яркая старонка ў аграрным летапісе Віцебшчыны.

Вобласцю ўзяты курс на інтэнсіўнае земляробства: адпрацавана структура пасяўных плошчаў. Асноўная мэта — сфарміраваць паўнавартасны ўраджай за кошт захавання севазвароту — падбору найбольш спрыяльных папярэднікаў і захавання тэхналагічных рэгламентаў па вытворчасці прадукцыі раслінаводства. Будуць расшырацца пасевы зернебабовых і алейных культур, якія ўжо паспелі сябе апраўдаць.

Поспехі ў аграрным сектары ў многім залежаць ад вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі. А яе эфектыўнасць вызначаецца надзейнай кармавой базай. Пашырэнне плошчаў шматгадовых траў, павелічэнне ўдзельнай вагі канюшыны, зернебабовых культур і кукурузы пацвердзілі правільнасць выбранага курсу. Вельмі важна забяспечваць жывёлагадоўлю ўласным танным бялком.

Стратэгічна важная і іміджавая культура для Беларусі — лён. Ільнаводы працуюць над павышэннем якасці і колькасці валакна з адначасовым зніжэннем яго сабекошту, над павелічэннем глыбіні перапрацоўкі сыравіны з выхадам на гатовыя вырабы з высокім дабаўленым коштам. Для гэтага трэба найперш загрузіць вытворчыя магутнасці льнозаводаў, павялічыць валавы збор ільнотрасты, павысіць якасць сыравіны, якую нарыхтоў­ваюць, а значыць, і льновалакна. Сёлета найлепшых паказчыкаў дабіўся Дубровенскі льнозавод, дзе нарыхтавана 10,1 тысячы тон ільнотрасты сярэднім нумарам 1,13, ураджайнасць склала 41,6 цэнтнера з гектара. Гэта самы высокі паказчык сярод ільнозаводаў краіны.

Павялічыць прадукцыйнасць працы ў раслінаводстве можна праз прымяненне сучаснай сельскагаспадарчай тэхнікі. На жаль, трактарны парк абнаўляецца марудна. З 6900 адзінак тэхнікі палова трактароў старэй за 10 гадоў. Радуе, што ў вобласці  мадэрнізавалі сеялку, асвоілі вытворчасць тэхнікі для гаспадарак з улікам асаблівасцей земляў рэгіёна: культыватараў, дыскатараў. Гэта тэхніка выдатна раўняе поле, стабільна трымае глыбіню апрацоўкі, а галоўнае — рыхтуе глебу да сяўбы за адзін праход. Азнаёміцца з ёй можна было на дэманстрацыйнай выставе.

— Ёсць яшчэ адна дамінанта, над якой мы працуем, — гаварыў старшыня аблвыканкама, — зрабіць аграрную сферу прэстыжнай. Таму трэба скарэкціраваць сістэму падрыхтоўкі кадраў і знайсці рэсурсы для павелічэння заработнай платы. Пэўны інструментарый ужо выпрацаваны. Віцебшчына стварыла прывабную сістэму матэрыяльнага стымулявання. У вобласці ўкаранёны падыход да змены сістэмы аплаты працы спецыялістаў жывёлагадоўлі, механізатараў. Гэта першы крок матывацыі сельскай працы. Паэтапна будзе перагледжана зарплата і іншых катэгорый сельскіх працаўнікоў.

Галоўнымі героямі свята сталі найлепшыя хлебаробы Віцебшчыны — пе-раможцы абласнога спа­борніцтва, тыя, хто найбольш праявіў сябе на ўборцы ўра­джаю зерневых, зернебабовых культур, рапсу, нарыхтоўцы кармоў. Сярод раёнаў сёлета першынство прысуджана Віцебскаму, на другім месцы — Верхнядзвінскі, на трэцім — Полацкі.  У цэнтры ўвагі былі і лепшыя кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, камбайнеры, вадзіцелі, аграномы, механізатары.

Адзначаны на абласных “Дажынках” і пастаўчане. Кіраўніку ААТ “Камайскі-агра” Канстанціну Гайлеўскаму і навучэнцу дзяржаўнага каледжа Валерыю Курто адпаведна ключы ад аўтамабіля “Ніва-21214” і Падзяку ўручыў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў. Механізатар ААТ “Кураполле-агра” Аляксандр Янач­кін атрымаў Падзяку міністра сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Леаніда Зайца. Дырэктар ААТ “Хацілы-агра” Вячаслаў Крыштафовіч узнагароджаны нагрудным знакам Беларускага прафсаюза “За заслугі”.

Годна выглядалі на выставах пастаўскія сноп і каравай. Плённа папрацавалі работнікі Пастаўскага раённага спажывецкага таварыства — іх “намалот” склаў больш за 5 тысяч рублёў. Гэта самая вялікая выручка сярод усіх раёнаў вобласці.

На наступны год сталіцай “Дажынак” стане Браслаў.



Падрыхтавала Анна АНІШКЕВІЧ

Фота Сяргея ПЛЕШАКОВА

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.