Хорошо знает людей и обстановку. Старейшина деревень Савичи и Гогово Ирина Котейко

Общество

Хто, як не старэйшына, з’яўляецца першым памочнікам у рабоце сельскага Савета дэпутатаў

З іх ліку і савічанка Ірына Катэйка (на здымку). Раней яна загадвала бібліятэкай, а калі ўстанову закрылі, стала сацыяльным работнікам. Участак вялікі — вёскі Савічы, Русіны, Манькавічы, Мястэчка, Казічы, Кулакова, Баранавічы. У кожнай наведвае сваіх падапечных не радзей за два разы ў тыдзень, а адну ў Савічах — чатыры. Ведае не толькі іх патрэбы, але і тое, якія клопаты і праблемы хвалююць іншых вяскоўцаў. А яны амаль усе — пажылыя. На жаль, такая сённяшняя ява маленькіх вёсачак. Але там, дзе цепліцца жыццё, яно павінна быць годным. Пра што і клапоціцца мясцовая ўлада, а старэйшыны дапамагаюць ёй.

— На тэрыторыі нашага сельсавета 65 населеных пунктаў, у якіх выбраны 21 старэйшына. На іх і аба­піраемся ў сваёй рабоце, — расказваў старшыня Юнькаўскага сельскага Савета дэпутатаў Вячаслаў Врублеўскі. — Старэйшыны добра ведаюць людзей і абстаноўку, ім заўсёды можна даручыць штосьці зрабіць або пракансультавацца з імі па тым ці іншым пытанні, а яны ў сваю чаргу інфармуюць нас пра патрэбы вяскоўцаў, хадайнічаюць пра іх вырашэнне. Найбольш актыўных стараемся адзначыць. Вось і на нядаўняй сесіі ўручылі Падзяку сельскага Савета старэйшынам Ірыне Катэйка і Аліцыі Трафімовіч.

— Складанасці ў тым, што людзі ў вёсках старэюць і слабеюць. Напрыклад, калі раней савічане самі спраўляліся падтрымліваць у належным стане абеліск землякам, загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны, то цяпер старэйшыне прыйшлося прасіць дапамогі ў сельскім Савеце. Або электрыкі пазразалі галіны дрэў уздоўж лініі электраперадачы, а прыбраць іх не спяшаліся. Ірына Катэйка зноў звянулася да старшыні сельскага Савета з просьбай выйсці на кіраўніцтва РЭС. Пасля чаго работа была неадкладна выканана. Летам, калі патрабуецца абкошванне травы, і сама перахопіць трактар дарож­нікаў, угаворыць механізатара абкасіць узбочыны вуліцы.

— А вось пра добраўпарадкаванне манькавіцкіх могілак, на якіх хаваюць і савічан, пастаянна клапоціцца самы нераўнадушны чалавек — Рэгіна Ластоўская, — расказвала старэйшына. — Заўсёды магу разлічваць на Галіну Кавальскую, Людмілу Бандаронак. Не адмаўляе ў дапамозе, калі звяртаемся да яго, і мясцовы фермер Аляксандр Гаўрыленка. Не забываюць свае Савічы Марына Чарняўская, Іна Кавальская, Галіна Ціхановіч, Уладзімір Кавальскі, якія даўно жывуць у Паставах.

Расказваючы пра старэйшыну вёсак Савічы і Гогава Ірыну Катэйка, не магу не падкрэсліць і тое, што яна разам з мужам Аляксандрам паказваюць прыклад іншым, у тым ліку і ўласным падвор’ем — трымаюць карову, траіх свіней, курэй. Сапраўдныя вяскоўцы.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.