…И звучат через поколения цимбалы. Внучка музыкантов Александра Палкина продолжает семейную династию

Важное Культура

Аляксандра Палкіна праводзіць урок з першакласнікам Ванем Сухоўскім

На цымбалах, прычым не звычайных, а дыятанічных, іграў яе прадзед Іван Іосіфавіч Мацкевіч — адзін з удзельнікаў знакамітага Груздаўскага цымбальнага аркестра. Грае бабуля Ванда Іванаўна Мацкевіч, якая ўваходзіць у склад ансамбля «Паазер’е» выкладчыкаў Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза. Сямейную дынастыю вырашыла прадоўжыць і ўнучка музыкантаў Аляксандра Палкіна.

Любоў да музыкі ў Сашы абудзілася ў раннім дзяцінстве. У шасцігадовым узросце бацькі прывялі яе ў школу мастацтваў, дзе трапіла да вядомага ў раёне педагога па класе цымбалаў Галіны Барысюк. З першых гадоў вучобы пачала ездзіць на рэспубліканскія і міжнародныя конкурсы і фестывалі, займаючы на іх прызавыя месцы. У 2008-м стала лаўрэатам Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, у 2011-м атрымала прэмію Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта для падтрымкі таленавітай творчай моладзі. Не дзіўна, што пасля 9 класаў агульнаадукацыйнай школы дзяўчына вырашыла паступаць у Віцебскі дзяржаўны музычны каледж імя І. І. Салярцінскага.

Студэнцкі перыяд свайго жыцця Аляксандра характарызуе наступным чынам: «Вучыцца было цяжка, але цікава. Цяжка таму, што даводзілася займацца дапазна, часта — без выхадных. Цікава, бо прадоўжыла прымаць удзел ва ўсемагчымых музычных спаборніцтвах». На яе рахунку перамогі ў міжнародных конкурсах выканаўцаў на народных інструментах «Метелица» ў Санкт-Пецярбургу і «Смоленский бриллиант» (у апошнім 4 гады запар займала першае месца). Двойчы станавілася лаўрэатам другой прэміі конкурсу «Хто каго?» на Міжнародным фестывалі народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік», таксама з’яўляецца лаўрэатам «Залатой ліры Палесся» ў Гомелі. За перамогі актыўную студэнтку некалькі разоў удастойвалі згаданай вышэй абласной прэміі.

Гэтым летам Аляксандра Палкіна закончыла каледж і прыехала выкладаць у родную школу мастацтваў. Зараз у яе 10 вучняў, якім раскрывае сакрэты ігры на цымбалах: 8 першакласнікаў, па адной вучаніцы другога і пятага класаў. Работа маладой настаўніцы падабаецца, кажа, вельмі цёпла прынялі ў калектыве, які добра ведае. Праўда, яшчэ канчаткова не прывыкла да таго, што былыя выкладчыкі сталі калегамі. Пры неабходнасці звяртаецца да іх, і ў першую чаргу да бабулі, па дапамогу, просіць паглядзець, ці правільна ставіць рукі першакласнікам.

І хоць цымбалы па-ранейшаму гучаць у жыцці дзяўчыны па 6-7 гадзін у дзень, у вольны час яна нярэдка сядае за інструмент, каб пайграць для сябе або развучыць праграмныя творы, паколькі нядаўна паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, на аддзяленне «Інструментальнае выкананне». У далейшым Саша збіраецца працягваць выкладчыцкую дзейнасць. І дырэктар школы мастацтваў Анатолій Собаль, іншыя педагогі, з кім мне давялося гутарыць, не сумняваюцца: яна будзе добрым настаўнікам. Для гэтага мае не толькі музыкальны талент, але і вялікае цярпенне, настойлівасць у дасягненні пастаўленай мэты.

Алена ШАПАВАЛАВА
Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.