Как сделать пчеловодство прибыльным, выясняли во время республиканского семинара на базе Половского лесничества

Важное Общество

Каб пчалярства было даходным

У мінулы чацвер па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь на базе Полаўскага лясніцтва Пастаўскага лясгаса прайшоў рэспубліканскі семінар, прысвечаны праграме развіцця пчалярства.

Удзел у ім прынялі лепшыя пчаляры краіны, кіраўнікі лясніцтваў, фермерскіх гаспадарак і спецыялісты навуковых лабараторый. Напачатку прысутных прывітаў намеснік міні­стра лясной гаспадаркі Леанід Дзям’янік.

— Пчаляры ведаюць, што для добрага медазбору патрэбны моцныя пчаліныя сем’і, каб да пачатку ношкі яны былі ў рабочым, а не ў роевым стане, — гаварыў ён. — Але вынікі работы ва ўсіх розныя. Сёння мы і пастараемся разабрацца, якія памылкі перашкаджаюць поспеху, даведаемся, што робяць тыя, у каго медазборы высокія. Полаўскае лясніцтва выбрана невыпадкова месцам правядзення семінара: збор мёду ад кожнай пчоласям’і тут сёлета склаў 24,5 кілаграма. У той жа час у Суражскім, Шумілінскім лясгасах — толькі 3,8 і 6,1 кг адпаведна, у сярэднім па вобласці — 11,6. Пастаўчане даказваюць, што і ў паўночным рэгіёне Беларусі можна атрымліваць нядрэнны ўраджай салодкай і карыснай прадукцыі.

Галоўны ляснічы лясгаса Валерый Гарбуль азнаёміў з дзейнасцю лясгаса і яго структурамі. А затым усе накіраваліся ў Абалонь, дзе размешчана Полаўскае лясніцтва. Яно займае амаль 13 тысяч гектараў. Большая іх частка — на тэрыторыі Шаркаўшчынскага раёна. Гасцінна сустрэў ляснічы Аляксандр Дзіковіч, ён жа апантаны пчаляр. Экскурсія пачалася з агляду пасекі. На ёй утрымліваецца 100 пчоласем’яў. Удзельнікі семінара цікавіліся вуллямі, умовамі зімоўкі. Некаторыя прыадкрывалі пчаліныя домікі, вывучалі іх абуладкаванне і прызналі, што створаны добрыя ўмовы для жыццядзейнасці кожнай пчоласям’і, вуллі адпавядаюць сучасным патрабаванням.

Многія ўдзельнікі семінара пастаянна кансультаваліся ў ляснічага. Асабліва шмат пытанняў задаваў загадчык лабараторыі пчалярства Інстытута пладаводства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Дзмі­трый Рахматулін. Часам здавалася, што ён занадта прадузята падыходзіць да аналізу работы. Аляксандр Дзіковіч даваў вычарпальныя кампетэнтныя адказы, паказаў, у якіх умовах выкачваецца мёд, правёў да саду, які закладзены з мэтай стварэння больш карыснай кармавой базы. У ім растуць белая акацыя, глог, буйна- і дробна­ліставая ліпа, іншыя пароды дрэў і кустоў. Шмат вербаў, а менавіта з іх атрымліваецца самы карысны мёд. Тут жа, на 6-гектарным полі, высяваецца грэчка. У мёдзе з гэтай расліны ўтрымліваецца шмат жалеза. Ёсць дзве перасоўныя платформы, на якія загружаюцца да 15 вулляў, і яны “вандруюць” па тых месцах, дзе цвітуць меданосы — маліна, крушына.

Прадукцыйнасць і жыцця­дзейнасць пчаліных сем’яў залежаць ад знешніх фактараў, перш за ўсё ад прыродна-кліматычных і медазборных умоў мясцовасці. Але не менш важныя і ўнутраныя. Вялікая ўвага на пасецы надаецца своечасоваму абнаўленню матак, прафілактыцы хвароб пчол і іх лячэнню. Аддзяленне маладога пчалінага роя ад старога праводзіцца абавязкова вясной і восенню, што дазваляе павялічыць рабочую сілу пчалінай сям’і, сфарміраваць расплод, папярэдзіць натуральнае раенне. Пчалярства, пры ўмелым яго вядзенні, — самая выгадная і даходная галіна.

Прадэгуставаўшы мёд, ­удзельнікі семінара адправіліся ў Паставы, дзе ў вялікай зале райвыканкама абмеркавалі дзейнасць полаўскай пасекі, а таксама прапрацавалі праграму развіцця пчалярства Рэспублікі Беларусь на 2018—2020 гады. Яна накіравана на стварэнне належных умоў і павелічэнне колькасці буйных пасек з мэтай забеспячэння беларусаў натуральным прадуктам і падтрыманне лясной экасістэмы. Беларускія лясы — гэта не толькі сосны, больш за 37 працэнтаў складаюць ліставыя дрэвы, кусты, ягад­нікі, травы.

Прысутныя далі высокую ацэнку рабоце ляснічага і пчаляра Аляксандра Дзіковіча. Сваё меркаванне выказаў і Дзмірый Рахматулін. “Я невыпадкова задаваў шмат пытанняў, — гаварыў ён. — Мне было цікава даведацца пра метады работы, умовы ўтрымання пчол, іх лячэнне. Скажу, што ўсё ў вас геніяльна!” Таксама прапанаваў для інтэнсіўнага развіцця пчалярства выка­рыстоў­ваць навуковыя метады, рабіць даследаванні здабытага мёду, набываць якасны племянны матэрыял, не шкадаваць грошай на эфектыўныя прэпараты для пра­філактыкі і лячэння пчол.

Праца пчаляра нялёгкая. І поспех магчымы тады, калі мэтай ставіцца не толькі атрыманне вялікай колькасці мёду, але і клопат пра пчол, своечасовы іх долгяд, рэгулярныя прафілактычныя меры. Пчаляр — гэта біёлаг, батанік, ветэрынар, цясляр. Ён да дробязей ведае ўсё пра сваіх гадаванцаў, хваробы і шкоднікаў, меданосную расліннасць. Важную ролю пры гэтым адыгрываюць як прафесійныя навыкі, так і апантанасць работай, якія мы ўбачылі на прыкладзе Аляксандра Дзіковіча з Полаўскага лясніцтва.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.