«Купляйце беларускае!» В центральном почтовом отделении открылся магазин «Беларускія брэнды».

Важное Общество

У мінулую пятніцу адкрыўся новы магазін у цэнтральным будынку раённага вузла паштовай сувязі ў райцэнтры (плошча Леніна, 16).

Па-святочнаму прыбраныя яго работнікі адлічваюць апошнія хвіліны да вызначанага часу. За імі з цікавасцю назіраюць кліенты, якія той раніцай завіталі ў аддзяленне паштовай сувязі. І вось, нарэшце, стрэлкі гадзінніка паказалі доўгачаканыя лічбы: час пераразаць чырвоную стужку перад уваходам у памяшканне. Гэта зрабілі начальнік РВПС Таццяна Гайлюн і прадавец новай гандлёвай кропкі Таццяна Тарасевіч.

— Жадаю росквіту, пабольш кліентаў! І не толькі мясцовых. У нашым горадзе часта бываюць госці з суседняй Літвы, іншых краін, у тым ліку і падчас Міжнароднага фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік». Дык няхай у якасці часцінкі Беларусі яны вязуць дадому якасныя тавары з лёну, бавоўны, трыкатаж, — жадала Таццяна Мікалаеўна, уручаючы гаспадыні магазіна сімвалічны ключ ад новага аб’екта.

У магазіне прадстаўлена прадукцыя выключна айчыннай вытворчасці. Модная, зручная, якасная. Гэта пінскі і дзяржынскі трыкатаж, аршанскі лён, вырабы фабрык «Купалінка» (Салігорск), «8 Марта» (Гомель), «Світанак» (Жодзіна). У асартыменце — кухонныя і махровыя ручнікі розных расфарбовак, пасцельная бялізна, пледы, наборы дэкаратыўных навалочак, сталовыя камплекты (абрус і сурвэткі), падушкі, коўдры, падарункавыя наборы. З адзення — сукенкі, майкі, кофты, сарочкі, кашулі, піжамы, легінсы. Падабраць для сябе абноўку змогуць як жанчыны, так і мужчыны, дзеці. А калі не знойдзецца неабходнага тавару, яго можна заказаць.

Магазін абсталяваны плацёжна-даведачным тэрміналам. З дапамогай «разумнага памочніка» можна разлічыцца банкаўскай карткай альбо наяўнымі сродкамі, унесці плацяжы за камунальныя і іншыя паслугі.

Першай пакупніцай стала пастаўчанка Алена Амбразевіч. Жанчына прыйшла на пошту, каб аплаціць «камуналку», і не змагла не пацікавіцца, што робіцца за дзвярыма насупраць яго.

— Парадаваў лаканічны ін­тэр’ер, багаты выбар тавараў, — дзялілася ўражаннямі Алена Аляксандраўна. — Набыла начную сарочку гандлёвай маркі «Світанак». І перш за ўсё таму, што гэта прадпрыемства славіцца якасцю прадукцыі. Спадабаўся і прывабны выгляд тавару. Думаю, завітаю сюды яшчэ неаднойчы.

Застаецца толькі дадаць, што магазін «Беларускія брэнды» ў будні працуе з 9.00 да 18.00, перапынак на абед — з 12.30 да 13.30; у суботу і нядзелю — з 9.00 да 13.00. Выхадны — панядзелак.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.