«Мы верили в те идеи!» Милона Соловьёва — одна из активисток комсомольских организаций на Поставщине

Общество

Спаўняецца 100 гадоў з дня ўтварэння Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі, пераемнікам якога ў нашай краіне стаў БРСМ. Мілона Андрэеўна Салаўёва — былая настаўніца СШ №3, адна з актывістаў, хто ў пасляваенныя гады ствараў на Пастаўшчыне камсамольскія арганізацыі, гуртаваў моладзь, натхняў яе на выкананне задач дзяржаўнай важнасці.

Вайна перакрэсліла планы

У чэрвені 1941-га сям’я Салаўёвых адправілася са свайго сібірскага пасёлка Дзянісава ў Ленінград — бацькі марылі пра тое, каб іх дзеці атрымалі там добрую адукацыю. У гэтым горадзе жылі бацькавы брат і сястра, якія абяцалі дапамагчы з уладкаваннем. Ды не суджана было ажыццявіцца планам — пачалася вайна. Салаўёвых, як і іншых пасажыраў поезда, высадзілі на станцыі Буй Кастрамской вобласці. Туды ж эвакуіравалася і шмат ленінградцаў.

— Горад быў перапоўнены людзьмі. Многіх размясцілі ў вёсках, — успамінае Мілона Андрэеўна. — Усю вайну мы пражылі на станцыі Шушкадом. — Было неймаверна цяжка, бо засталіся без нічога, паколькі ўсе свае пажыткі адправілі багажом у Ленінград, і ён прапаў. Сястра Оля ў 18 гадоў пайшла добраахвотніцай на фронт. Другая сястра, Марыя, служыла ў санітарным поездзе. Бацьку на фронт не прызвалі, бо меў інваліднасць. Працаваў на лесанарыхтоўках. Раптоўна захварэў і памёр на аперацыйным стале. Мама працавала ў дзіцячым садку эвакуіраваных ленінградцаў. Я дапамагала ёй і адначасова з вучобай у школе займалася на педагагічных курсах.

Пасля заканчэння вайны маці паехала ў Ленінград шукаць родных мужа. Вярнулася адтуль глыбока засмучанай: за выключэннем яго сястры ўсе загінулі — на фронце, пад бамбёжкай горада, з голаду. Салаўёвым не было куды ехаць у Ленінград і не было да чаго вяртацца ў Сібір…

Па прызыве камсамола

У рады саюза моладзі Мілона ўступіла ў 1942 годзе, будучы вучаніцай сёмага класа. Іх прымалі ў камсамол на станцыі Буй, што за 40 кіламетраў ад Шушкадома. Туды дабіраліся на таварным цягніку, назад амаль палавіну шляху адолелі пехатой, затым зноў удалося сесці на таварняк. Нягледзячы на дарожныя цяжкасці, настрой быў узнёслы — адбылася такая важная падзея ў жыцці!

У 1946 годзе Цэнтральны камітэт камсамола аб’явіў прызыў камсамольцаў у заходнія раёны СССР. Мілона разам са старэйшай сястрой Вольгай адправілася ў Маскву па пуцёўкі, а атрымаўшы іх — у Мінск.

— Я ўбачыла зруйнаваны горад і жахнулася: куды ж мы прыехалі?! — успамінае мая субяседніца. — Добра, што побач была больш рашучая Оля. Яна прайшла вайну, бачыла кроў і смерць, атрымала два раненні. Cупакоіла мяне: «Усё будзе добра». У ЦК ЛКСМБ нас, групу расіян-камсамольцаў, прымаў Пётр Машэраў. З ЦК накіравалі ў Маладзечанскі абкам, а адтуль — у Пастаўскі райкам камсамола, дзе мы і атрымалі накіраванні на работу ў якасці сакратароў камсамольскіх арганізацый: я — у СШ №1 (дарэчы, тады гэта была адзіная ў раёне сярэдняя школа), Оля — на ільнозавод, які аднаўляўся пасля вайны.

Аб’ядноўвалі моладзь

Школьная камсамольская арганізацыя на той час была малалі­кай — у яе ўваходзілі два настаўнікі, два вучні і бібліятэкар. Ставілася задача пашырыць «пярвічку», а таксама вялася вялікая арганізацыйная работа па наборы ў школу рабочай моладзі. Сакратар хутка знайшла падыход да юнакоў і дзяўчат — у камсамол уступіў нават сын бацюшкі. У Паставах размяшчалася танкавая дывізія, і падтрымка вайскоўцаў вельмі дапамагала ў рабоце.

— Воінская часць падарыла навучальнай установе дзве друкавальныя машынкі, піяніна, вялізнае люстэрка, — успамінала Мілона Андрэеўна. — У школе стварылі драматычны гурток, хор, выязджалі з канцэртамі і пастаноўкамі ў вёскі, чыталі лекцыі, праводзілі тэматычныя вечары. Яна стала цэнтрам прыцягнення моладзі.

У 1947 годзе Мілоне пашчас­ціла стаць старшай піянерважатай першага піянерскага лагера, які размясцілі ў былым палацы Тызенгаўзаў. Ён прызначаўся для дзяцей ваеннаслужачых. Удалося ўладкаваць і 14 хлопчыкаў і дзяўчынак з цывільных сем’яў.

Райкамаўскія будні

У 1948 годзе Мілону Салаўёву выбралі другім сакратаром Пастаўскага райкама камсамола.

— У кабінетах мы не заседжваліся, — расказвае былы камсамольскі лідар. — Дабіраліся ва ўсе вёскі, у асноўным — пехатой, бо транспарту не было. Перад намі стаяла задача пры кожным сельскім Савеце стварыць тэрытарыяльную камсамольскую арганізацыю. Вяскоўцы адносіліся да райкамаўскіх работнікаў даволі насцярожана. Найперш мы ішлі ў сем’і былых франтавікоў, партызан, сувязных. Прыцягвалі ў маладзёжную арганізацыю настаўнікаў, медыкаў, паштовых работнікаў. Цэнтрам усёй асветніцкай работы былі хаты-чытальні, загадвалі якімі, як правіла, камсамольцы. Праводзілі галосныя чытанні кніг і газет, падпіску на «Чырвоную змену», «Знамя юности», раёнку, арганізоўвалі перасоўныя бібліятэчкі.

Краіне патрабаваліся рабочыя рукі, а вясковыя юнакі і дзяўчаты не рашаліся пакідаць родныя мясціны, таму камсамольцы вельмі настойліва агітавалі іх на паступленне ў фабрычна- заводскія вучылішчы ў Мінск, пасля заканчэння якіх маладыя людзі заставаліся працаваць на аднаўленні горада. Акрамя таго, арганізоўвалі леса- і хлебанарыхтоўкі, падпіску на пазыку. На лесанарыхтоўках асабліва вызначыліся камсамольцы Груздаўшчыны, нават грамату абкама камсамола атрымалі за перасяленне людзей з зямлянак у хаты. З ліку камсамольцаў ствараліся атрады ястрабкоў, якія са зброяй у руках ахоўвалі ўстановы ад нападу бандытаў. А як цяжка праходзіла калектывізацыя! Атрымаўшы заданне выехаць у тую ці іншую вёску і прывезці адтуль канкрэтную колькасць заяў аб жаданні ўступіць у калгас, праводзілі там па некалькі дзён. Разносілі па хатах павесткі, па некалькі разоў збіралі сходы, угаворвалі людзей, а яны ўсё роўна не хацелі ісці ў калектыўныя гаспадаркі. Сяляне-аднаасобнікі моцна трымаліся за свой кавалачак зямлі. Новая калектыўная форма гаспадарання насцярожвала, яны сумняваліся ў яе перавагах. Асабліва працівіліся ўступленню ў калгас заможныя сяляне, якія не жадалі аб’ядноўвацца з маламаёмнымі. Але, дзякуючы упартай, настойлівай рабоце партыйных і савецкіх органаў улады, актыўнай дзейнасці мясцовых Саветаў калектывізацыя была праведзена паспяхова.

Падсцерагала небяспека

Далёка не ўсюды актывістаў прымалі прыязна. Калі патрабаваўся начлег, то ў адной вёсцы маглі пусціць у хату, а ў іншай і дзвярэй не адчыніць. Да таго ж невядома да якіх людзей трапіш і чаго ад іх чакаць.

— Былі і ўвогуле небяспечныя сітуацыі, — узгадвае мая суразмоўца. — Са старшынёй Свілельскага сельскага Савета Машкевічам хадзілі па вёсках, агітавалі людзей уступаць у калгас. У Паставы вярталіся познім вечарам. Ля Чортавага моста наперарэз нам выйшлі трое з абрэзамі. Мяне не чапалі, а Машкевічу сталі прад’яўляць прэтэнзіі, што кагосьці пакрыўдзіў. Невядома чым бы ўсё закончылася, калі б на дарозе не з’явілася цэлая калона ваенных машын. Мужчыны, ударыўшы Машкевіча па галаве, уцяклі. Ён жа трапіў у бальніцу.

У другі раз, калі групе савецкіх і камсамольскіх работнікаў з пяці чалавек давялося заначаваць у доме старасты ў Вілейтах, пра гэта даведаліся бандыты. Усім давялося ўцякаць праз вокны. Аднаго ўсё-такі дагнала куля і трапіла ў локаць. Праз жытнёвае поле прыбеглі ў Мольдзевічы. Там папрасілі каня і адвезлі параненага ў бальніцу ў Гадуцішкі. Не забыць Мілоне Андрэеўне і такі выпадак. Яна як дырэктар школы, а таксама старшыня калгаса паехалі ў банк у Паставы атрымаць грошы на зарплату сваім калектывам. «Тыя, што належалі школе, я склала ў партфель, — узгадвала жанчына. — А калгасныя старшыня паклаў у мяшок. Транспарту не было, назад да­біраліся на спадарожным. Нас давезлі да Камай, і машына пайшла ў іншым напрамку. Позні кастрычніцкі вечар. Ішоў моцны дождж, быў парывісты вецер, а мы ішлі пехатой з Камай. І раптам нас асвятлілі фары машыны. Падалося, што праследуюць, каб адабраць грошы. Схаваліся ў яму, у якой людзі раней захоўвалі бульбу. Калі машына ад’ехала, старшыня пайшоў у вёску разведаць, што да чаго, а я засталася з грашыма ў яме. Не расказаць, якога страху нацярпелася… Было і шмат іншых небяспечных сітуацый.

Прызванне – педагогіка

У райкаме камсамола Мілона Салаўёва адпрацавала чатыры гады, а выйшаўшы замуж, разам з мужам, якога выбралі старшынёй калгаса ў Мягунах, стала жыць у вёсцы і настаўнічаць у мясцовай школе, а праз тры гады ўзначаліла педагагічны калектыў. Як аказалася, педагогіка стала справай усяго яе жыцця. Завочна закончыла філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Пасля сельскай школы многія гады выкладала рускую мову і літаратуру ў пастаўскай СШ №3. Агульны педагагічны стаж — 45 гадоў, а жыццёвы шлях — 90. Менавіта такую дату адзначыла ў мінулым месяцы. Юбілярку цёпла віншавалі не толькі родныя, але і прадстаўнікі школы, былыя вучні, суседзі. Уражвае як яе цудоўны знешні выгляд, так і мудрасць, інтэлігентнасць, фенаменальная памяць. Падчас нашай размовы Мілона Андрэеўна ўзгадвала дзясяткі эпізодаў, называла мноства прозвішчаў людзей, з якімі была звязана яе дзейнасць падчас камсамольскага юнацтва, — сапраўдная энцыклапедыя. Раблю падказку сённяшнім маладзёжным актывістам: вельмі цікавымі маглі б атрымацца сустрэчы БРСМаўцаў з ветэранам камсамольскага руху.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.