«Нашим мамам — с любовью». В РДК поздравили поставчанок с Днем матери

Главное Общество

Двайное шчасце Марыі Казімерскай

Родным, любімым, клапатлівым матулям прысвячаўся тэатралізаваны канцэрт, які з аншлагам прайшоў 14 кастрычніка ў раённым Доме культуры па вуліцы Станкевіча

Для іх, нашых мілых і адзіных, гучалі з раённай сцэны самыя цёплыя словы падзякі за ласку і дабрыню, пяшчотныя прызнанні ў любові. І, паверце, яны сагравалі сэрцы маці больш, чым ласкавае сонейка, якое шчодра свяціла ў той дзень.

Трыа баяністаў

Распачаў мерапрыемства міні-парад з прыгожай назвай «Двайное шчасце»: пад апладысменты гледачоў вядучая Алена Слядзеўская запрасіла на сцэну жанчын-блізнят, якія ўжо сталі мамамі, і мам, якія гадуюць блізнят. Героямі незвычайнага шэсця і бліц-апытання сталі Ала Сініца і Жанна Палачаніна, Вера Бузанава і Надзея Худзіна, Марыя Казімерская з сыночкамі Мікітам і Максімам, Жанна Варабей з дачушкамі Насцяй і Надзяй, Ірына Шаўрына і яе блізняты Каця і Света, Таццяна Вежан з дочкамі Ангелінай і Анжалікай. Гледзячы на іх, немагчыма было не ўсвядоміць, што нарадзіцца на свет разам з брацікам ці сястрычкай, які або якая як дзве кроплі вады падобныя да цябе, — сапраўдны цуд. Такой думкі прытрымліваюцца і самі блізняты (ва ўсялякім выпадку, дарослыя). А вось «уладальніцы» таго самага двайнога шчасця — мамы блізнятак — сцвярджалі, што, хоць упраўляцца з імі часам бывае і няпроста, але заўжды весела. Усім героям параду «аднолькавых» сувеніры ад раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» уручыла яе старшыня Валянціна Ромель. Валянціна Міхайлаўна таксама звярнулася з прывітальным словам да прысутных.

— Быць маці — гэта не толькі самае важнае прызначэнне жанчыны, але і бясцэнны падарунак лёсу, — гаварыла яна. — Мілыя жанчыны, шчыра віншую з Днём маці! Няхай у вашых дамах жывуць любоў, утульнасць, дабрабыт, а дзеці радуюць сваімі шчаслівымі лёсамі, даюць як мага больш падстаў для гонару за іх поспехі.

Прадоўжылі святочную праграму «Нашым мамам — з любоўю», вядома ж, дзеці. Выклікалі замілаванне выхаванцы дзіцячага садка «Рамонак», якія, чаканячы кожнае слова, чыталі вершы пра самага дарагога для іх чалавека. Звонкімі галасамі радавалі Анастасія Вішнеўская, Злата Ярашэвіч, вакальная група Навасёлкаўскай дзіцячай школы мастацтваў, салісты ўзорнай вакальнай студыі «Юніта» Арцём Маргуноў і Паліна Квяткоўская, запальнымі танцавальнымі нумарамі — тэатр танца «Непаседы», студыя сучаснай харэаграфіі «Скай-дэнс», танцавальны калектыў «Карамелькі». «Паштоўку-калейдаскоп» матулям падарыла студыя «Экспромт», акрабатычнымі нумарамі здзіўляла ўзорная цыркавая студыя «Каскад», выдатным выканальніцкім майстэрствам — трыа баяністаў у скла­дзе Аляксандра Іжмайловіча, Ягора Карпенкі і Аляксея Гамолкі. А з роллю вядучых «дзіцячага блока» выдатна справіліся Жэня Валасевіч, Сняжана Каравацкая, Каміла Хаткевіч і Кірыл Альхімёнак. Гледачы не шкадавалі апладысментаў кожнаму артысту.

Таксама ў рамках свята былі адзначаны найбольш яркія ўдзельнікі і пераможцы выставы-конкурсу «Дары восені», якая праводзілася паміж удзельнікамі дзіцячых калектываў раённага Дома культуры. Яны атрымалі дыпломы і салодкія падарункі.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.