Настроение мобилизует силы. За плечами Семена Гинько 90 лет

Важное Общество

Сямён Арсенцьевіч Гінько з сынам і праўнукам

А зараз – толькі ўспаміны

Набліжаўся юбілей, і Сямён Арсенцьевіч Гінько прыкметна хваляваўся: такая салідная дата наступае — за плячыма 90 гадоў.

Эх, скінуць бы хоць які дзясятак іх! Ды не дадзена такое законам прыроды. Таму трэба прымаць усе як падарунак лёсу, бо нямногім шчасціць дажыць да такога і яшчэ старэйшага ўзросту. Неспакойна было на душы і ў жонкі імянінніка Тамары Анатольеўны. Назірала за мужам і баялася, каб не зламала яго хвароба, бо і так вельмі падкасілі тры перанесеныя мікраінсульты.

Найбольшае засмучэнне Арсенцьевіча — што ўжо не можа працаваць фізічна. А які быў работнік! Усё мог зрабіць сам. Дом сваімі рукамі ўзводзіў, затым — прыбудову да яго. На пенсіі дапамагаў іншым — ахвотна займаўся цаглянай кладкай пабудоў, якія ўзводзілі суседзі, сябры, знаёмыя. У вольны час вельмі любіў паляванне і рыбалку.

У далёкім мінулым Сямён Гінько — кадравы ваенны. 25 гадоў праслужыў прапаршчыкам у лётнай часці ў Паставах. Яго здымак заносіўся на Дошку гонару, устаноўленую ў Доме афіцэраў у райцэнтры, мае шмат медалёў. Выйшаўшы на пенсію, некаторы час працаваў вадзіцелем у райваенкамаце.

Юбіляр з ваенным камісарам Пастаўскага раёна Мікалаем Куліком і былым намеснікам райваенкома Леанідам Савельевым

Адметна, што прафесію ваеннаслужачага выбраў і сын Уладзімір, які даслужыўся да маёра і цяпер ужо сам пенсіянер. Афіцэрам стаў таксама ўнук Аляксандр. Ён капітан, служыць у Маскве, што вельмі радуе дзядулю. А як не парадавацца за ўнучку Аксану, якая закончыла два ўніверсітэты, і абодва — з чырвонымі дыпломамі, атрымала прафесіі эканаміста і юрыста!

Расказваючы пра доўгажыхара, не магу не назваць і такую лічбу — сямейны саюз Сямёна Арсенцьевіча і Тамары Анатольеўны доўжыцца 63-ці год.

— Мы з ім такія розныя і па характары, і па адносінах да жыцця, — расказвала жонка. — Я ў большай ступені песімістка, Сямён — аптыміст. Якія б па­дзеі, нават непрыемныя, ні адбываліся ў нашым жыцці, ён заўсёды пераконваў, што ўсё будзе добра. Мая строгасць ураўнаважвалася яго гумарам. Муж быў душой любой кампаніі: так і сыпаў анекдотамі, жартамі, расказваў вясёлыя гісторыі. Шмат чытаў. Любіў падарожнічаць, пабываў у Прыбалтыцы, Карэліі, Бураціі, Забайкаллі, на Каўказе. Паўгода правёў у Казахстане: вазіў салдат на ўборку цаліннага ўраджаю. Так што ўспомніць ёсць што.

Не абышлося без успамінаў і ў юбілей. Напярэдадні даты павіншаваць імянінніка прыехалі ваенны камісар Пастаўскага раёна Мікалай Кулік і былы намеснік райваенкома Леанід Савельеў, які працаваў у райваенкамаце разам з Гінько. І хаця з таго часу мінула шмат гадоў, яны застаюцца сябрамі. Леанід Сяргеевіч наведваецца да старэйшага таварыша, прапануе сваю дапамогу, падтрымлівае добрым словам.

Ну а самыя дарагія і чаканыя госці — сын, унучка з мужам і дзіцем, якія прыехалі з Расіі на юбілей роднага чалавека. Прыйшлі пляменнікі, сябры, хросная дачка Сямёна Арсенцьевіча з мужам.

 — І наш юбіляр падбадзёрыўся ад такой увагі і павагі і, здаецца, ажно памаладзеў за святочным сталом, — расказвала мне пазней Тамара Анатольеўна. — Зноў гучалі ў нашым доме песні, жарты, анекдоты. Вось што значыць настрой — ён мабілізуе сілы.

 То няхай жа яны застаюцца ў чалавека яшчэ на многія гады.

Фаіна Касаткіна
 Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.