Образование по обмену. Чему научилась группа немецких школьников на Поставщине?

Важное Образование

Беларускія і нямецкія ўдзельнікі міжшкольнага абмену

У канцы верасня на Пастаўшчыне цэлы тыдзень знаходзілася група нямецкіх школьнікаў і іх педагогаў. У наш раён яны прыехалі па праграме міжшкольных абменаў, якія ўжо 25 гадоў ажыццяўляюць паміж сабой Варапаеўская СШ і Рэальная школа горада Херцагенаўрах, што ў зямлі Баварыя.

Гэты абмен стаў адзінаццатым па ліку з моманту першага візіту нямецкіх дзяцей у Варапаева. У склад групы ўвайшлі 14 падлеткаў 14-15 гадоў, якіх суправа­джалі трое дарослых: кіраўнік дэлегацыі — настаўніца нямецкай мовы і фізкультуры Дорыс Келлер, яе памочніца — выкладчык гісторыі Даніэла Філіп і адна з мам, чые дзеці раней ­удзельнічалі ў абменах. На Пастаўшчыну прадстаўніца бацькоў прыехала ўжо ў трэці ці нават у чацвёрты раз па ўласнай ініцыятыве. А вось для фрау Келлер гэты візіт быў шостым, пасля таго як ініцыятар і арганізатар міжшкольных абменаў з нямецкага боку Марга Аўэр перадала ёй свае паўнамоцтвы.

Па традыцыі кожны абмен прысвячаецца пэўнай тэме. Сёлета тэмай выбралі гісторыю. Пасля размяшчэння нямецкіх дзяцей у сем’ях вучняў Варапаеўскай СШ і наладжвання першых кантактаў з равеснікамі (гэтаму са­дзейнічалі ў тым ліку спартыўныя гульні на мясцовым ФАКу) гасцям прапанавалі экскурсію па школе. Яны наведалі музейны куток, дзе пазнаёміліся з гісторыяй навучальнай установы і пасёлка.  Затым былі экскурсія па Варапаеве і прыём у сель­скім Савеце. А вечарам адбылося афіцыйнае адкрыццё абмену, на якое запрасілі яго першых арганізатараў з беларускага боку — колішніх дырэктара школы Алега Лявонцьевіча Лапушынскага і настаўніцу нямецкай мовы Святлану Арсеньеўну Іванову, а таксама былых вучняў, якія першымі пабывалі ў Германіі, а потым прымалі ў сябе нямецкіх сяброў. Было шмат успамінаў, музыкі і песень.

На наступны дзень нямецка-беларускую дэлегацыю на чале з дырэктарам Варапаеўскай СШ Віктарам Жуком чакаў прыём у раённым выканаўчым камітэце. Яго правёў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў. Ён коратка расказаў пра наш горад, яго гістарычныя і культурныя аб’екты, чым сёння цікавяцца пастаўскія падлеткі, шчыра падзякаваў нямецкім сябрам за цёплыя адносіны да беларусаў. «Мы вельмі даражым гэтым сяброўствам, спадзяёмся, што яно будзе доўжыцца яшчэ многія-многія гады і кожны раз да нас будзе прыязджаць усё больш гасцей», — сказаў Юрый Мікалаевіч.

Пасля прыёму ў райвыканкаме і традыцыйнага фота на памяць госці адправіліся ў музей у палацы Тызенгаўзаў, каб пазнаёміцца з гісторыяй знакамітага роду і экспазіцыяй, прысвечанай Першай сусветнай вайне на Пастаўшчыне. Адтуль накіраваліся на спартыўна-турыстычны комплекс «Азёркі», дзе змаглі праявіць свае спартыўныя якасці, пакатацца на квадрацыкле і гідрацыкле.

Не менш насычанымі былі і астатнія дні. У суправаджэнні варапаеўскіх школьнікаў і педагогаў нямецкія дзеці і настаўнікі пабывалі ў Мінску: наведалі Троіцкае прадмесце, Востраў слёз, іншыя славутыя мясціны, а таксама Парк Горкага з атракцыёнамі. Пазнаёміліся з пастаўскім Парыжам і беларускай здраўніцай — Нараччу. Там убачылі копію Эйфелевай вежы, старажытную драўляную царкву, пахаванні часоў вайны 1812 года і Паўночнай вайны, прайшліся па мясцінах, звязаных з гісторыяй Першай і Другой сусветных войнаў. Шмат эмоцый пакінула наведванне дзіцячага лагера «Зубраня». Спадабаліся яго сцежка мужнасці, бабровая хатка, этнаграфічны куток і, канешне ж, частаванне свежаспечанымі блі­намі.

Апошні перад ад’ездам у Германію дзень госці правялі ў ­сем’ях, гаспадары якіх самі арганізоўвалі іх вольны час. А вечарам усе дзеці і настаўнікі сабраліся ў школе, каб абмяняцца сувенірамі і развітацца да новай сустрэчы. Яна адбу­дзецца летам 2019 года — тады група вучняў з Варапаева адправіцца з візітам у адказ у Херцагенаўрах.

Усяго з пачатку абменаў у гасцях адно ў аднаго пабывалі каля тысячы нямецкіх і беларускіх школьнікаў. Многія з іх па сённяшні дзень падтрымліваюць сувязь з замежнымі сябрамі, перадаюць адно аднаму падарункі. Па словах фрау Келлер, нярэдка вучні пытаюцца ў яе, ці можна яшчэ раз з’ездзіць у Варапаева. Часам задаюць такое пытанне і тыя, хто ўжо закончыў школу. «Я лічу вельмі важным, што наладжваюцца такія кантакты, і мару калі-небудзь прывезці ў Беларусь сваіх былых вучняў», — гаварыла мне настаўніца.

Цёплыя сяброўскія адносіны завязваюцца не толькі паміж дзецьмі, але і паміж дарослымі. Так, памянёны вышэй Алег Лявонцьевіч Лапушынскі некалькі гадоў назад ездзіў у госці да цяперашняга кіраўніка створанага ў Германіі таварыства «Кола сяброў Беларусі» спадара Бікеля. А той у сваю чаргу прыязджаў на веласіпе­дзе ў Варапаева. Члены гэтага таварыства, якое падтрымлівае міжшкольныя абмены, у тым ліку фінансава, пастаянна перадаюць прывітанні ў Беларусь. Умацаванню кантактаў садзейнічае і запрашэнне Ю. М. Кісялёва нямецкім артыстам прыняць удзел у Міжнародным фестывалі народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік», якое фрау Келлер абяцала перадаць кіраўніцтву горада і музычным групам Херцагенаўраха.

Алена ШАПАВАЛАВА
Фота аўтара