Падкасіла хвароба

Важное Личности Сельское хозяйство

Старшыня калгаса «Сцяг Перамогі» Аляксандр Мухля з працаўнікамі гаспадаркі

Аляксандра Якаўлевіча Мухлю ведаю з першых гадоў сваёй працы ў рэдакцыі. З 1976-га па 1997-ы ён узначальваў калгас «Сцяг Перамогі», і журналісты нярэдка бывалі ў гаспадарцы: рыхтавалі для газеты інтэрв’ю са старшынёй і спецыялістамі, рэпартажы з палёў, пісалі пра радавых працаўнікоў. Расказаць было пра што, бо гаспадарка з’яўлялася адной з лепшых у раёне. Па некаторых паказчыках яна ўступала толькі самай моцнай — «Дружбе». Напрыклад, у 1991 годзе вытворчасць малака на 100 гектараў сельгасугоддзяў тут склала 432 цэнтнеры, мяса — 112,7, дзяржаве прада­дзена 6043 тоны малака і 1598 тон мяса. Калгас атрымліваў ураджайнасць збожжавых звыш 40 цэнтнераў з гектара.

Шырока вялося будаўніцтва. У бытнасць Аляксандра Мухлі ўзведзены комплекс па дарошчванні буйной рагатай жывёлы на 3 тысячы галоў, іншыя вытворчыя будынкі, дзіцячы садок, школа, шмат жылля. Гаспадарка займалася не толькі вытворчасцю сельгаспрадукцыі. Дзякуючы ініцыятыўнасці старшыні і падтрымцы спецыялістаў, былі створаны і дзейнічалі цэхі: па пашыве кашуль і штаноў, вырошчванні грыбоў, выпуску вырабаў з пластмасы і сувеніраў, апыленні люстэркаў, вытворчасці мясных кансерваў. Усё гэта давала прыбытак, таму эканамічнае становішча гаспадаркі было дастаткова моцным. Але з цягам часу да яе далучылі калгас «Запаветы Ільіча», потым — «Уперад», «Ленінскі шлях», і такое ўзбуйненне не пайшло на карысць справе.

Што да асобы старшыні, то ён прайшоў нялёгкую школу жыцця. Калі Саша быў яшчэ зусім малы, трагічна загінула яго маці. Да школьных гадоў рос у бабулі, затым выхоўваўся ў школе-інтэрнаце, а бабуля забірала да сябе толькі на канікулы. У 15 гадоў ужо працаваў у Відзаўскім міжкалгасбудзе. Потым набыў спецыяльнасці трактарыста і слесара, закончыў Пінскае індустрыяльна-педагагічнае вучы­лішча і стаў майстрам вытворчага навучання Відзаўскага СПТВ.

На Пастаўшчыне Аляксандр Мухля з ліпеня 1972 года, калі быў назначаны на пасаду намесніка старшыні калгаса імя Чапаева. Праз два гады яго перавялі інструктарам райкама партыі. У райкаме ў тыя гады мэтанакіравана рыхтавалі кіруючыя кадры для ўсіх галін народнагаспадарчага комплексу. Не прайшло і двух гадоў райкамаўскай загартоўкі, як 28-гадовага інструктара рэкамендавалі старшынёй калгаса «Сцяг Перамогі».

«Трапіўшы ў райкам партыі, напэўна, марылі не пра калгас, а пра іншую перспектыву?» — аднойчы запыталі журналісты ў маладога старшыні. На што ён адказаў: «Сілай мяне ніхто не прымусіў бы пайсці на гэту пасаду. Мне самому падабаецца ў сельскай гаспадарцы, паважаю людзей, якія працуюць на зямлі». І старшыня цалкам аддаваўся абранай справе, знаходзіў паразуменне з падначаленымі, цаніў людзей за старанне. Калектыў гаспадаркі Аляксандр Мухля ўзначальваў на працягу 21 года. Затым былі іншыя пасады: інспектар па закупках у раённым упраўленні сельскай гаспадаркі, намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях ГАЗУАЗаўтасэрвісу, намеснік дырэктара кансервавага завода, дырэктар мясакамбіната. Але найбольш поўна ён рэалізаваў свой патэнцыял падчас кіраўніцтва калгасам.

У жніўні Аляксандру Якаўлевічу споўнілася 70. Павіншаваць юбіляра прыехалі прадстаўнікі раённай улады. Уручылі Ганаровую грамату, грашовы падарунак, кветкі. Звычайна прыемная місія на гэты раз выклікала самоту. Справа ў тым, што чалавека моцна падкасіла бязлітасная хвароба. Першая група інваліднасці аптымізму не дадае. Усе, хто добра ведае Аляксандра Мухлю і з кім я размаўляла, рыхтуючы гэты матэрыял, вельмі добра адклікаюцца пра былога кіраўніка. Няхай жа прыемным напамінам пра гады старшынёўства стане вось гэты здымак у газеце.



Фаіна КАСАТКІНА

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.