Поспех нараджае поспех

Важное Личности Образование

Такое педагагічнае крэда настаўніка геаграфіі Варапаеўскай СШ Аляксандра Гарнага

У школе Аляксандр Анатольевіч працуе ўжо 17 гадоў. Прыйшоў пасля заканчэння біялагічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага педуніверсітэта імя П. Машэрава, атрымаўшы спецыяльнасць выкладчыка геаграфіі і біялогіі. Чаму выбраў менавіта яе? Кажа, што падабаліся прырода­знаўчанавуковыя прадметы. Але асабліва прываблівала геаграфія, хоць і ў Навадруцкай базавай, і ў Казлоўшчынскай сярэдняй школах, дзе давялося вучыцца, па гэтым прадмеце не было настаўніка-спецыя­ліста. Магчыма, паўплывала тое, што дома вісела вялікая геаграфічная карта, якую любіў вывучаць разам з бацькам, у той час вялікай папулярнасцю карысталася тэлеперадача “Клуб падарожнікаў” з Юрыем Сянкевічам, а ў вясковай бібліятэцы мелася шмат кніг па геаграфіі.

Як бы там ні было, яна стала неад’емнай часткай жыцця педагога. Дарэчы, А. А. Гарны мог зараз выкладаць у ВДУ: пасля заканчэння ўніверсітэта маладому спецыялісту прапаноўвалі застацца на кафедры. Ды прыйшлося ехаць па размеркаванні на Пастаўшчыну, паколькі меў мэтавае накіраванне на вучобу. Пра тое, што ўсё склалася менавіта так, Аляксандр Анатольевіч не шкадуе.

— Я знайшоў сябе ў прафесіі, — кажа ён. — Канешне, працаваць у школе няпроста. Але цяжкасці бываюць усюды, і станоўчага ў нашай рабоце больш, чым адмоўнага. Штодзень кантактуючы з дзецьмі, застаешся вечна маладым, падсілкоўваешся іх энергіяй. Асабліва цікава працаваць з матываванымі вучнямі. Яны задаюць шмат пытанняў, і, каб знайсці на іх адказ, неабходна ўвесь час папаўняць свае веды, пералапачваць нямала дадатковай літаратуры. Такім чынам ёсць пастаянны стымул развівацца, расці.

Сведчаннем таго, што на-стаўнік не стаіць на месцы, з’яўляюцца яго шматлікія дасягненні. Разам з некалькімі вядучымі педагогамі з розных абласцей краіны і Мінска А. А. Гарны ўваходзіць у рэспубліканскую творчую групу настаўнікаў геаграфіі, якая існуе пры Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. У яе складзе займаецца метадычнымі і дыдактычнымі распрацоўкамі па прадмеце, якія потым змяшчаюцца на сайце акадэміі і якімі карыстаюцца іншыя настаўнікі Беларусі. Штогод друкуецца ў прадметным часопісе “Геаграфія: праблемы выкладання”. На працягу некалькіх гадоў кіруе раённым метадычным аб’яднаннем настаўнікаў геаграфіі. Стварыў асабісты сайт, на якім змяшчае ўласныя метадычныя і дыдактычныя распрацоўкі і работы членаў аб’яднання. Мае ўзнагароды за ўдзел у розных конкурсах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў, шматлікія граматы. Сёлета па выніках работы за 2017 год удастоены ганаровага звання “Чалавек года Пастаўшчыны”.

Прысвоена яно ў тым ліку за тое, што ў мінулым навучальным годзе трое навучэнцаў Аляксандра Гарнага сталі прызёрамі абласнога этапа рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, заваяваўшы дыпломы першай, другой і трэцяй ступеняў. А адзін вучань — Мікіта Залецкі, пра якога мы ўжо расказвалі на старонках газеты — атрымаў дыплом трэцяй ступені на заключным этапе алімпі­яды. Па колькасці яе прызёраў Аляксандр Анатольевіч — абсалютны лідар у школе. Толькі за апошнія 5 гадоў падрыхтаваў 29 дзяцей, якія занялі прызавыя месцы на раённым і 6 — на абласным этапах. Таксама ён з’яўляецца кіраўніком навукова-даследчай работы, якая была прадстаўлена на абласной і рэспубліканскай навукова-практычных канферэнцыях школьнікаў і адзначана адпаведна дыпломамі трэцяй і другой ступеняў. Гледзячы на свайго калегу, падцягваюцца і іншыя настаўнікі — гісторык Лілія Аляксандраўна Брэская, біёлаг Таццяна Мікалаеўна Насевіч. А адміністрацыя Варапаеўскай СШ садзейнічае гэтаму: матэрыяльна падтрымлівае педагогаў, якія маюць прызёраў алімпіяд, конкурсаў, канферэнцый, самі ў іх удзельнічаюць.

У сваёй школе А. А. Гарны вя-дзе гурток “Інтэлектуальныя гульні”, міжшкольны факультатыў па геаграфіі, на які прыяз­джаюць вучні з Дунілавіч, Гуты, Навадруцка. З гэтага навучальнага года — факультатыў “Уводзіны ў аграрныя прафесіі” ў сувязі з адкрыццём у навучальнай установе аграрнага класа.

— Аляксандр Анатольевіч заўсёды акружаны дзецьмі, на перапынках гутарыць з імі, нешта расказвае. А ўвогуле, ён вельмі патрабавальны педагог. Сярэдні бал па геаграфіі ў школе 7-8, і каб зарабіць такую адзнаку, трэба пастарацца. Але ўсё роўна вучні любяць настаўніка за яго розум і педагагічны талент, — гаварыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Варапаеўскай СШ Таццяна Іосіфаўна Віршута.

— Сённяшнія дзеці не горшыя і не лепшыя за тых, якія былі раней. Яны іншыя. І каб знайсці кантакт, неабходна пачаць думаць, як яны. Безумоўна, падстроіцца пад кожнага вучня няпроста. Часам даводзіцца праявіць большую строгасць у зносінах, часам быць больш гнуткім і мяккім, — дзяліўся сакрэтам педагагічнага майстэрства А. А. Гарны. 

Яшчэ адным талентам педагога з’яўляецца ўменне настолькі захапіць навучэнцаў сваім прадметам, што кожны год некалькі выпускнікоў Варапаеўскай школы паступаюць на геаграфічныя факультэты розных ВНУ або выбіраюць звязаныя з геаграфіяй спецыяльнасці. Праяўляе інтарэс да яе і старэйшы сын Аляксандра Анатольевіча — пяцікласнік Стас. Хто ведае, магчыма, і ён у будучым вырашыць звязаць свой лёс з гэтай навукай.


Алена ШАПАВАЛАВА
Фота аўтара



 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.