Праздник для «праздничных» людей. Работники культуры Поставщины отметили профессиональный праздник

Главное Культура

Свята для «святочных» людзей

У нядзелю яго адзначылі тыя, чыя прафесія — ствараць нам цудоўны настрой, дарыць цяпло душы, любоў і радасць. Думаю, няцяжка здагадацца, што размова ідзе пра работнікаў культуры.

«На нашу долю выпадае самая вялі­кая колькасць свят: каляндарныя, прафесійныя, гарадскія, сельскія, дзіцячыя, сямейныя і многія іншыя — усе яны не абыходзяцца без нашага ўдзелу. Усюды, дзе неабходна свята, з’яўляемся мы, культработнікі. І ў той час, калі большасць лю­дзей адпачывае, мы павінны працаваць, каб зрабіць іх адпачынак цікавым і змястоўным, падарыць яркія эмоцыі…» Так распачала ўрачыстасць, прымеркаваную да Дня работ­нікаў культуры, якая прайшла ў мінулую пятніцу ў РДК па вуліцы Станкевіча, яе вядучая — дырэктар Навасёлкаўскага Цэнтра культуры Анжэла Жукава. Не стаў выключэннем і названы вышэй дзень. Пакуль адны прадстаўнікі прафесіі знаходзіліся ў зале ў якасці гледачоў, іншыя стараліся для іх на сцэне і за кулісамі.

А першай на сцэну паднялася начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Чаплінская. Віншуючы сваіх калег з надыходзячым прафесійным святам, Галіна Мікалаеўна адзначыла іх вялікі ўклад не толькі ў развіццё і станаўленне культуры Пастаўшчыны, але і ў жыццё раёна ў цэлым. Сказанае падмацавала канкрэтнымі прыкладамі, назвала шмат прозвішчаў тых, хто плённа працуе на ніве творчасці, праслаўляючы наш раён далёка за яго межамі. Асобна падзякавала ветэранам, якія ніколі не адмаўлялі і не адмаўляюць у парадзе і дапамозе сваім маладзейшым таварышам.

Ансамбль танца «Дзяцінства»

Са словамі ўдзячнасці за нялёгкую працу, прафесіяналізм і адданасць абранай справе да віноўнікаў урачыстасці звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў.

— Нашы ўстановы культуры вызначаюцца сплавам мудрасці, вопыту і маладосці, — гаварыў ён. — Мы раўняемся на такіх мэтраў, як Анатолій Ана­тольевіч Собаль, Валянцін Пятровіч Жагула, і радуемся, што на змену ім прыходзяць маладыя, добра падрыхтаваныя, ініцыятыўныя спецыялісты.

Салісткі цыркавой студыі «Каскад» Арына Захарыч і Вераніка Татыржа

Па словах Юрыя Мікалаевіча, культработнікі шмат робяць па выхаванні і навучанні падрастаючага пакалення. І ў гэтым у першую чаргу вялікая заслуга настаўнікаў школ мастацтваў. Іх вучні становяцца лаўрэатамі і пераможцамі розных конкурсаў, а пасля заканчэння школ выбіраюць музыку, харэаграфію або выяўленчае мастацтва сваёй прафесіяй, тым самым працягваючы справу педагогаў. З года ў год расце майстэрства майстроў Дома рамёстваў, чыімі дасягненнямі таксама ганарыцца раён. Вялікую работу па фарміраванні інтарэсу насельніцтва да нашай гісторыі праводзяць супрацоўнікі краязнаўчага музея. Нямала задач ляжыць і на плячах прадстаўнікоў клубных устаноў як у горадзе, так і на сяле. Што датычыць апошніх, то нярэдка ім даводзіцца працаваць у няпростых умовах, з’яўляючыся, па сутнасці, адзіным астраўком сацыяльнай сферы, які застаўся ў вёсцы.

Усім работнікам культуры Юрый Мікалаевіч пажадаў далейшых творчых поспехаў, моцнага здароўя, дабрабыту, шчасця ў сем’ях і ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў уручыў Ганаровыя граматы і Падзякі найлепшым. Каля 20 чалавек атрымалі граматы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Працягам урачыстасці стаў святочны канцэрт, падрыхтаваны раённым Домам культуры сумесна з іншымі ўстановамі. Гледачы ў чарговы раз змаглі пераканацца ў тым, наколькі творчыя і таленавітыя нашы культработнікі і іх выхаванцы. Сваім майстэрствам прысутных парадавалі ансамбль танца «Дзяцінства», салістка Злата Ярашэвіч і вакальная група Навасёлкаўскага філіяла Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў, трыа баяністаў Пастаўскай ДШМ імя А. Тызенгаўза і выкладчыца гэтай школы Ганна Антух, эстрадная вакальная студыя «Славія» Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна, ­удзельніцы ўзорнай цыркавой студыі «Каскад» РДК Арына Захарыч, Вераніка Татыржа і Вікторыя Пронька, саліст народнай эстраднай групы «25 плюс-мінус» Пётр Кароль, дырэктар Варапаеўскага гарпасялковага Дома культуры Юлія Галяш. Музычны падарунак культработнікам ад калектыву 1-га ваеннага шпіталя органаў пагранічнай службы краіны зрабіў Яўгеній Герасімаў.

Свята закончылася. І работнікі культуры раз’ехаліся па сваіх установах, каб прадоўжыць працаваць над стварэннем свят для нас, несці культуру ў масы.

Алена ШАПАВАЛАВА
Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.