У Маскве 19 кастрычніка на Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расіі адбылася маштабная прэзентацыя Віцебскай вобласці. Удзел у ёй прынялі ААТ “Пастаўскі малочны завод” і “Паставымэбля”. Карэспандэнт “Пастаўскага краю” Анна Анішкевіч папрасіла прадстаўнікоў гэтых прадпрыемстваў падзяліцца ўражаннямі.
Сыры для пасольскага рэстарана
— Дэманстрацыю інвестыцыйнага, гандлёва-эканамічнага, турыстычнага, культурнага, гістарычнага патэнцыялу паўночнага рэгіёну Беларусі ацэньвалі члены Фэдэральнага сходу Расійскай Федэрацыі, кіраўніцтва Масквы і Маскоўскай вобласці, прадстаўнікі расійскіх рэгіёнаў, Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы, дзелавых колаў Расіі, паслы акрэдытаваных у Маскве дыпламатычных місій, — расказваў спецыяліст па знешняй эканамічнай дзейнасці Пастаўскага малочнага завода Аляксандр Данілевіч. — Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў расказаў ганаровым гасцям і ўдзельнікам прэзентацыі пра развіццё сувязей з Расіяй. А тыя ў сваю чаргу маглі ацаніць прадукцыю прамысловых і харчовых прадпрыемстваў. Нашы сыры спадабаліся ўсім. Прыемна было пачуць ад пасла Літвы ў Расіі, што асабіста ён і яго знаёмыя любяць прадукцыю нашага завода, яна карыстаецца попытам у масквічоў. А дырэктар гасцінічнага рэстарана пры Пасольстве Беларусі ў Расіі паабяцаў у бліжэйшы час заключыць з намі дагавор на пастаўку сыроў. Прадукцыю пастаўскага завода можна купіць у вельмі многіх гарадах Расіі. Самы далёкі пункт — Хабараўск. На прэзентацыі завязалася шмат знаёмстваў, якія ў будучым, спадзяёмся, перарастуць у дзелавое супрацоўніцтва.
Мэбля для Ірана
— Адкрытае акцыянернае таварыства “Паставымэбля” прэзентавала не толькі сваю прадукцыю — лаўку-трансформер, сучасныя камплекты школьнай мэблі, але і вырабы абедзеннай групы, якую выпускае Варапаеўскі дрэваапрацоўчы камбінат, — расказваў начальнік аддзела маркетынгу і збыту прадпрыемства Аляксандр Берняковіч. — Прадукцыя прадпрыемства пастаўляецца ў многія вобласці Расіі, у прыватнасці ў Маскоўскую, Смаленскую, Бранскую, Тульскую, гарады Краснадар і Санкт-Пецярбург. На выставе мы знайшлі для сябе новых партнёраў. Нашай мэбляй зацікавіліся прадстаўнікі яшчэ некалькіх рэгіёнаў Тульскай вобласці. Абмяркоўваліся магчымасці яе пастаўкі ў Іран.
І пастаўскіх модніц ацанілі
— Прадстаўнікі культуры нашага раёна самі на выставу не ездзілі, — гаварыла намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына Лойка. — А Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці прэзентаваў у мастацкай галерэі комплексу традыцыйнае адзенне паўночнага краю Беларусі. Там жа госці ацэньвалі фрэскі XII стагоддзя Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, творчасць Марка Шагала, рукапісныя кнігі. Традыцыйны народны касцюм вызначае культурную адметнасць любога краю. Ён выраблены работнікамі нашага Дома рамёстваў “Стары млын” на аснове арыгінальных экзэмпляраў, якія захаваліся ў старажылаў, і іх расказаў. Госці выставы-прэзентацыі ацанілі густ модніц Пастаўшчыны канца XIX — пачатку XX стагоддзяў.