«Прекрасный человек! Дай Бог, чтобы таких мужчин было больше!» Механизатору ОАО «Камайский-агро» Петру Бейнеру исполняется 55 лет.

Важное Личности Общество

Нястомны працаўнік, узорны гаспадар

Гэты здымак зроблены падчас сёлетняга жніва, аднак заставаўся нявыкарыстаным на старонках газеты. Але, напэўна, зусім не выпадкова кадр надоўга затрымаўся ў камп’ютары. На днях даведалася, што герою здымка — механізатару адкрытага акцыянернага таварыства «Камайскі-агра» Пятру Браніслававічу Бейнеру — спаўняецца 55 гадоў і яго родныя ўпотай падрыхтавалі для імянінніка сямейнае свята, на якое ўсе збіраюцца сёння. Дык чаму б не зрабіць юбіляру і невялічкі сюрпрыз ад рэдакцыі? Тым больш што ўвагі журналістаў ён заслугоўвае не толькі як руплівы працаўнік сельгаспрадпрыемства, але і як прыкладны сем’янін, узорны гаспадар.

— Цудоўны чалавек! Дай Бог, каб такіх мужчын было больш, — гаварыла мне яго жонка Наталля, калі я патэлефанавала ёй. — Мала таго, што Пятру падуладная любая тэхніка — сам сабраў касілку, трактарок, пераварыў машыну сыну, — дык яшчэ і сад даглядае, падтрымлівае парадак на двары, любіць кветкі. А якая ў нас вялі­кая асабістая гаспадарка! Да 20 бычкоў штогод выкормліваем, трымаем і іншую жыўнасць. Працы шмат, але і прыбытак з уласнага падвор’я атрымліваем. Працавітыя і дзеці, усе маюць свае дамы і машыны, дастатак у сем’ях.

У Бейнераў трое дзяцей. Насця — агульная, Алеся і Дзяніс — ад першага шлюбу Наталлі, але і яны сталі для Пятра роднымі. Хіба не пра многае гаворыць, напрыклад, такі факт: калі сыну споўнілася 18, ён па ўласным жаданні змяніў прозвішча і імя па бацьку і стаў Бейнерам Дзянісам Пятровічам. Бацькі, дзеці і ўнукі, якіх васьмёра, вельмі дружныя паміж сабой. Сям’я Насці  жыве ў Камаях, Дзяніса — у Дварчанах, Алесі — у Смаргоні, і кожную раніцу яны пачынаюць з інтэрнэт-прывітання, дзеляцца планамі на дзень, разам адзначаюць усе вялікія святы або значныя сямейныя падзеі. Мяне прыемна ўразіла і тое, што кожны год Пётр і Наталля знаходзяць магчымасць на працягу двух тыдняў адпачыць на Чорным моры.

Вяртаючыся да здымка, скажу, што ў тыя дні, калі ён быў зроблены, Пётр Бейнер на «Амкадоры» па 12 гадзін у суткі падсоўваў збажыну на зернесушыльным комплексе ў Камаях. Работа манатонная і аднастайная, але яна, як і любая іншая, не раздражняла трактарыста. Яго механізатарскі стаж — 35 гадоў. На розных участках даводзілася працаваць, і ўсюды праяўляў і праяўляе сябе толькі са станоўчага боку. Як і ўвогуле ў жыцці.

Фаіна Касаткіна
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.