Реорганизация больно ударила по коллективу АТП-17. Актуальное интервью с Сергеем Криштофовичем

Важное Общество

Настрой не самы святочны

На адміністрацыйным будынку аўтамабілістаў яшчэ вісіць шыльда з назвай «Філіял «Аўта­прадпрыемства №17 г. Паставы», але ён ужо апусцеў. У адпаведнасці з загадам генеральнага дырэктара ААТ «Віцебскаблаўта­транс», праведзена рэарганізацыя філіяла, і з 1 кастрычніка бягучага года ён ператвораны ва ўчастак г. Паставы філіяла «АТП №16 г. Глыбокае». З гэтага факта я і пачала гутарку з начальнікам участка Сяргеем Крыштафовічам.

— Сяргей Вячаслававіч, рэарганізацыя балюча ўдарыла па калектыве?

— Безумоўна, таму што адразу ж прайшла аптымізацыя. Калі да гэтага ў калектыве налічваліся 174 работнікі, то цяпер іх 123. Пад скарачэнне трапіла 37 чалавек — у асноўным інжынерна-тэхнічны персанал. Не ў суцяшэнне, а як факт скажу, што аналагічная рэарганізацыя прайшла не толькі ў нас, але і яшчэ на трох аўтапрадпрыемствах вобласці. Усім звольненым мы выплацілі выхадную дапамогу. А таксама адзначу, што ні адзін вадзіцель не звольнены і нават ёсць вакансіі на грузавы транспарт.

— Назавіце, калі ласка, людзей, на якіх трымаецца прадпрыемства.

— Радуе тое, што, нягледзячы на цяжкасці, большаць вадзіцеляў працуе на прадпрыемстве па 20 і больш гадоў. Гэта Мікалай Александроў, Сяргей Бяленка, Міхаіл Буйко, Міхаіл Дзеравянка, Юрый Мажэйка, Генадзій Толсцікаў, Іван Шырневіч. А, напрыклад, ва Уладзіміра Ліпніцкага стаж 31 год. Напярэдадні прафесійнага свята мы атрымалі загад міністра транспарту і камунікацый аб узнагароджанні гэтага вадзіцеля нагрудным знакам «За работу без аварый» I ступені. Ганаровымі граматамі філіяла «АТП №16 г. Глыбокае» адзначаны слесар Сяргей Трыфанаў, вадзіцелі Леанід Нямчынскі, Валерый Тарасевіч, Міхаіл Буката, кандуктар Францішка Пяткевіч. Перавысілі 20-гадовы стаж і такія нашы работнікі, як Генадзій Клянцэвіч, Святлана Лантух, Генадзь Русецкі, Ула­дзімір Танана, Ірына Ясінская, Наталля Янчанка, Ванда Шурпіцкая, Марына Шубелька, Казімір Шылько.

Вадзіцелі ўчастка г. Паставы філіяла «АТП №16» г. Глыбокае Валерый Тарасевіч, Алег Чатовіч, Віктар Шакола, Алег Цяляк, Пётр Маціёнак, Мікалай Александроў, Аляксандр Пушнякоў, Сяргей Міцько

— Фінансавае становішча складанае?

— А як яму быць іншым, калі толькі з пачатку гэтага года цэны на паліва падымаліся 21 раз, а на білеты засталіся ранейшымі. Больш за тое, з уступленнем у сілу з 12 кастрычніка новай рэдакцыі Правілаў аўтамабільных перавозак пасажыраў мы вымушаны былі перавесці экспрэсныя аўтобусы ў гарадскія і знізіць кошт білетаў на іх з 60 капеек да 50. Пасажырскі транспарт заўсёды быў і застаецца стратным не толькі ў такіх гарадах, як наш, але і ў вялікіх. Усё складаней і з дзяржаўнымі датацыямі, бо існуюць праблемы з напаўняльнасцю бюджэту.

Што да грузавога транспарту, то аб’ёмы работ маем, у асноўным у дарожных арганізацыях Віцебскай, Гродзенскай і Мін­скай абласцей, але заказчыкі вельмі дрэнна разлічваюцца з намі, у выніку вялікая дэбіторская запазычанасць, прыходзіцца спаганяць яе праз суд.

Займаемся не толькі перавозкамі пасажыраў і грузаў, але і іншымі профільнымі і няпро­фільнымі відамі дзейнасці. Такімі, як тэхагляд і дыягностыка аўтамабіляў, іх тэхабслугоўванне і рамонт, перадрэйсавы медыцынскі агляд. Працуе піларама.

— А што ўсё-такі з адміністрацыйным будынкам?

— Паколькі прайшло скарачэнне, ён аказаўся непатрэбным. Лічаныя інжынерна-тэхнічныя работнікі, якія засталіся, і я перайшлі ў будынак, які знахо­дзіцца на тэрыторыі прадпрыемства і дзе зараз праводзім рамонт. А былы адміністрацыйны будзем здаваць у арэнду, каб зарабіць дадатковыя грошы. У будучым плануем вырашыць пытанне і з аўтавакзалам. Вялізны двухпавярховы будынак плошчай тысяча квадратных метраў у тыя часы, калі быў вялікі пасажырапаток, выкарыстоўваўся функцыянальна, але ўжо шмат гадоў стаіць амаль пусты, а мы нясём вялікія страты па яго ўтрыманні. І гэта, канешне, не па-гаспадарску. Яго таксама трэба здаваць у арэнду або прадаваць.

— Пастаўчан вельмі хвалюе маючая адбыцца ў горадзе аптымізацыя руху транспартнай сеткі. У прыватнасці, ходзяць чуткі, што не будзеце адвозіць людзей з начной змены на ПМЦ і падвозіць да вячэрняга поезда на чыгуначны вакзал…

— Пасажырскія перавозкі былі і ёсць галоўным напрамкам у нашай рабоце. Абслугоўваем 33 маршруты, з іх 1 міжнародны, 9 міжгародніх, 18 прыгарадных, 5 гарадскіх. Гарадскія і прыгарадныя маршруты зроблены такім чынам, што ўсе яны «замыкаюцца» на сацыяльна значных аб’ектах: ЦРБ, школах, дзіцячых садках, прамысловых прадпрыемствах, а таксама цэнтры горада, дзе размешчаны шэраг устаноў і арганізацый. У мінулым годзе пры падтрымцы вобласці ўдалося набыць у лізінг 15 новых аўтобусаў «МАЗ-241» (на 22 месцы кожны). Калі б мелася фінансавая магчымасць, то трэба было б купляць яшчэ, бо да гэтага аўтобусны парк быў зусім зношаным.

А зараз пра аптымізацыю транспартнай сеткі. Яна непазбежная. На працягу тыдня спецыялісты прадпрыемства вывучалі пасажырапаток на ўсіх гарадскіх маршрутах і выявілі, што на некаторых аўтобусы ідуць адзін за другім, перавозяць паветра, паколькі пасажыраў у іх адзінкі. Несумненна, што  існуючы расклад руху недасканалы. У цяперашніх цяжкіх эканамічных умовах такое недапушчальна. Зараз нашы спецыялісты складаюць новы расклад руху гарадскіх аўтобусаў, які будзем абкатваць на працягу месяца. Перад тым як узгадніць яго і зацвердзіць у райвыканкаме, па магчымасці ўлічым заўвагі і прапановы пасажыраў. Што да падвозу рабочых, якія працуюць у начную змену на ПМЦ, і пасажыраў да вячэрняга поезда, то спадзяёмся вырашыць гэтае пытанне станоўча, хаця і ўзнікаюць складанасці.

— Сяргей Вячаслававіч, праблем хапае, але ж свята ёсць свята. Што пажадаеце аўтамабілістам?

— Нягледзячы ні на што, калектыў справіцца са сваімі задачамі, бо нашы людзі — сапраўдныя прафесіяналы. Жадаю ўсім здароўя і поспехаў. Дзякую за працу як цяперашнім работнікам, так і ветэранам прадпрыемства, а таксама тым, хто ў выніку аптымізацыі толькі што развітаўся з калектывам.

Фаіна Касаткіна
Фота Сяргея ВШЫЎКАВА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.